1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяНовостиЧалавек каманды
20 сентября 2022

Чалавек каманды

Які ён, сучасны прафсаюзны лідар? Несумненна, чалавек вопытны, дасведчаны, мэтанакіраваны. А яшчэ гэта чалавек з гарачым сэрцам, здольны заўважыць праблему і не прайсці міма, калі бачыць, што хтосьці сутыкнуўся з цяжкасцю. Чалавек, якога захочаш назваць сваім сябрам.

Настасся Барабанава, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і адначасова старшыня маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, — малады прафсаюзны лідар, з якога хочацца браць прыклад. У гэтай мілай дзяўчыне неверагодным чынам спалучаюцца жаноц­касць і пяшчота з цвёрдым унутраным стрыжнем. Калі з ёй пачынаеш знаёміцца бліжэй, разумееш: без такіх розных якасцей прафсаюзнаму лідару не абысціся. Як не абысціся і без умення суперажываць чалавеку, быць з ім на адной хвалі.

Справа дарослых людзей

Настасся Барабанава расказвае пра свой жыццёвы шлях, не задумваючыся ні на секунду, без паўз і разваг. Паступіла на першы курс інжынерна-педагагічнага факультэта БНТУ ў 2009 го­дзе. Тады, на 1 курсе, у дзяўчыне была велізарная коль­касць энергіі, якую неабходна было накіраваць у патрэбнае рэчы­шча. І яна гэта выдатна разумела. Аднак куды яго скіраваць, гэты фантан энергіі? Жыццё само расставіла прыярытэты, калі да іх у групу прыйшлі прафсаюзныя лідары і расказалі аб сваёй арганізацыі. Настасся, 17-гадовая студэнтка-першакурсніца, у той час успрымала прафсаюз як справу дарослых людзей. Аднак усё ж вырашыла паспрабаваць сябе, улілася ў работу і адразу была выбрана прафоргам групы. Паколькі яна чалавек адказны, усе задачы, якія перад ёю ставіліся, старалася выконваць бездакорна.

Праз год Настасся стала сакратаром цэхавай прафсаюзнай арганізацыі свайго факультэта, вяла пратаколы, займалася афармленнем дакументаў. На справаздачна-выбарнай кан­­ферэнцыі вясной 2011 года яе выбралі старшынёй цэхавай прафсаюзнай арганізацыі інжынерна-педагагічнага факультэта. Працавала на гэтай пасадзе Настасся да 2012 года, свае задачы выконвала добра. Пасля студэнтку ўжо 4 курса запрасілі на работу галоўным спецыялістам у пярвічку прафсаюза ўніверсітэта. Праз 3 гады, калі з’явілася вакансія старшыні пярвічкі, на пасаду старшыні была прапанавана ў тым ліку і кандыдатура Настассі Барабанавай. Так у канцы 2015 года наша гераіня ўзначаліла пярвічную прафсаюзную арганізацыю студэнтаў БНТУ.

“Ты ніколі не застанешся адзін!” Гэтыя словы з’яўляюцца дэвізам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БНТУ. І не проста дэвізам — квінтэсенцыяй работы прафсаюза з моладдзю. Для студэнта, які толькі пачынае свой шлях у самастойнае жыццё, надзвычай важна гэтае адчуванне еднасці са сваёй альма-матар. Разуменне, што побач людзі, гатовыя прыйсці на дапамогу, робіць пачатак гэтага самастойнага шляху не такім хвалюючым і складаным.

— У нас ёсць добрая тэндэнцыя падрыхтоўкі кадраў — прафсаюзных лідараў, якія пасля ідуць на работу ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, грамадскія арганізацыі і г.д., — дзеліцца Настасся Барабанава. — Лічу, што сакрэт поспеху ў сістэмным падыходзе і якасці працы. Мы ўдзяляем максімальную ўвагу кожнаму студэнту, які да нас звяртаецца. З красавіка 2022 года я з’яўляюся яшчэ і старшынёй маладзёжнага савета галіновага прафсаюза. Штомесяц у нас праходзяць пасяджэнні савета, у асноўным анлайн. Нядаўна члены маладзёжнага савета на базе Нацыянальнай акадэміі навук сустрэліся з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Анд­рэем Іванавічам Іванцом, задавалі міністру пытанні па развіцці вышэйшай школы. На другім пасяджэнні савета была разгле­джана прапанова правесці велапрабег “Дарогамі памяці” ў Дзень народнага адзінства: мы пра­едзем ад стэлы “Мінск — горад-герой” да сталічнага Лошыцкага парку.

Разгарнуць крылы

На мой погляд, уменне чуць іншага чалавека і працаваць у камандзе ў Настассі Барабанавай выхавана ў сям’і. Нарадзілася яна ў Шчучыне, у вялікай і вельмі дружнай сям’і. У дарослым жыцці сябе бачыла педагогам, хацела выкладаць студэнтам тэхнічныя дысцыпліны, вывучала машынабудаванне. Але пасля таго, як у яе жыцці з’явіўся прафсаюз, зразумела, што ў тэхнічнай установе вышэйшай адукацыі можна не толькі выкладаць, але і працаваць са студэнтамі, дапамагаць ім. Студэнцтва — гэта сапраўдны паток энергіі, які трэба ўмела і правільна скіраваць, удзя­ліць увагу кожнаму, каб студэнты ведалі, што ім могуць дапамагчы.

— Я тэхнар, мая мама — педагог, настаўнік-лагапед, тата працаваў у лясніцтве, шмат гадоў аддаў лясной гаспадарцы, — працягвае Настасся. — Паколькі мы жылі ў прыватным доме, то я добра ўмела працаваць рукамі. Усе гаспадарчыя работы мне былі зразумелыя, мае рукі ведалі, што і як рабіць. А машынабудаванне… Гэта тэхніка, у падыходзе да яе важная сістэмнасць: ёсць інструкцыя, метадычка — трэба рабіць. Магу сказаць, што я чалавек сістэмны.

Мы такія, таму што на нас аказваюць уплыў пэўныя людзі. Настасся з гэтым пагаджаецца і гаворыць, што на яе ўплывалі не асобныя людзі, а калектывы лю­дзей. Спачатку бацькі — Алена Вацлаваўна і Аляксандр Станіслававіч Краўчук, якія заўсёды давалі сваім дзецям свабоду выбару і дапамаглі стартаваць у жыцці і разгарнуць крылы. Потым — гімназія № 1 Шчучына і асабіста настаўніца матэматыкі Тамара Васільеўна Уласава. Настасся не лічыць сябе выбітным матэматыкам, але менавіта ўрокі матэматыкі сфарміравалі яе як сістэмнага чалавека. Якасць, стараннасць і сістэмны падыход залажылі стрыжань у будучым прафсаюзным лідары.

Трэці калектыў, які аказаў уплыў на Н.Барабанаву, — зразумела, БНТУ. І там таксама лю­дзі. Спачатку куратар на факультэце Яўген Пятровіч Дзірвук, які ставіўся да студэнтаў з увагай і павагай. Далей у прафкаме Наталля Дабравольская, якая зараз працуе начальнікам аддзела кадравай службы ФПБ. І Сяргей Камадзей, якога, на жаль, ужо няма з намі. Акрамя іх, калегі ў прафсаюзным камітэце, штатныя супрацоўнікі, галоўны бухгалтар Галіна Яўгенаўна Грынь. З ліку супрацоўнікаў рэктарата БНТУ — Сяргей Васільевіч Харытончык, Геор­гій Аляксандравіч Вяршына і Ганна Пятроўна Куракова.

Той, каму давяраюць

Расказваючы пра штодзённыя прафсаюзныя справы, Настасся Барабанава на імгненне задумваецца. Не таму, што не можа чагосьці ўспомніць. А таму, што спраў — канкрэтных, не на паперцы, за кожнай з якіх лю­дзі, якія чакаюць дапамогі, — безліч, бо праз старшыню прафкама ідуць усе патокі.

— Я памятаю студэнтаў, якім мы дапамагалі, бо ў іх банальна не хапала грошай на прадукты і прая­зны дакумент, — успамінае Настасся. — Памятаю, як у прадуктовай шафцы студэнта стаяў толькі адзінокі пачак аўсянкі. Былі цяжкія хваробы студэнтаў, калі пастаянна патрабаваліся грашовыя сродкі. Па-першае, такім студэнтам выдзяляла сродкі прафсаюзная арганізацыя. Па-другое, па нашым звароце дапамагаў ЦК галіновага прафсаюза, нягле­дзячы на тое, што наша пярвічка не адлічвае працэнт у галіновы прафсаюз. Траім студэнтам ад ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі была аказана дапамога на суму да 2,5 тысячы рублёў. Старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Раманаўна Якубовіч — вельмі чулы чалавек, яна заўсёды прыйдзе на дапамогу.

Штодзённыя справы пярвічкі — гэта і шматлікія мерапрыемс­твы для студэнтаў. Адно з самых яркіх мерапрыемстваў — калі было вырашана змяніць фармат універсітэцкай спартакіяды “Бітва факультэтаў”: правялі спартакіяду не каля інтэрната, як звычайна, а на галоўным стадыёне ўніверсітэта, куды запрасілі зорак беларускага спорту. Запомнілася і спадабалася ўсім.

— Прафсаюзны маладзёжны лідар — які ён? — пытаюся ў сваёй гераіні.

— Разнапланавы, дынамічны, здольны мяняцца, расці, — упэўнена Настасся. — Гэта чалавек каманды, бо адзіночка, якім бы таленавітым ён ні быў, без людзей нічога не зробіць. Можна пад­няць людзей, усхваляваць іх, але прымусіць іх нешта рабіць немагчыма. Людзей неабходна пераканаць, тады яны пойдуць разам з табой. Лічу, што лідар — такі чалавек, за якім стаяць людзі і якому яны давяраюць.

— У вас ёсць такая каманда? 

— Так. І ў прафсаюзным камітэце, і ў БНТУ, і сярод калег іншых УВА. Немагчыма быць аднаму. Толькі разам мы сіла.

— Якой вы бачыце сябе праз некалькі гадоў?

— Не ведаю, дзе я буду праз 5—10 гадоў. Магчыма, буду развівацца як член прафсаюзнай арганізацыі, а можа, буду займацца сваім хобі — цырульніцкім мастац­твам. (Уменне праца­ваць рукамі заўсёды спатрэбіцца!) А наогул у будучыні бачу сябе найперш мамай. Не ведаю, што бу­дзе ў жыцці далей. З нараджэннем дзіцяці я перастала плана­ваць, а стараюся працаваць кожны дзень так, як павінна гэта рабіць: якасна, звяртаючы ўвагу на ўсе дэталі.

І ў Настассі гэта атрымліваецца.

Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва БНТУ.

Па матэрыялах “Настаўніцкай газеты”

 

Карта сайта