Засталася кукуруза, трохі проса і грэчкі
Уладзімір Гракун лічыць, што хлеб па краіне сабраны ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны і без страт.
— Дзяржзаказ па харчовым збожжы выкананы. Насельніцтва будзе з мукой, хлебабулачнымі вырабамі. Дэфіцыту не прадбачыцца. Няма ніякіх падстаў для павышэння цаны на хлеб, — адзначыў намеснік міністра.
У сельгасарганізацыях ужо сабрана 5 млн 250 тысяч тон збожжа. З улікам участкаў насельніцтва, фермерскіх гаспадарак і чаканага вала зерня кукурузы плануецца сабраць каля 7 млн тон збожжа. «Аб'ёмы, якія мы недабралі на каласавых збожжавых, будуць сабраныя за кошт ураджаю кукурузы. Для гэтага адведзена 170 тысяч гектараў. Пры ўраджайнасці 76,1 цэнтнера з гектара чакаем атрымаць больш як 1,3 мільёна тон зерня кукурузы», — дадаў Уладзімір Гракун.
Па валавым зборы збожжа лідзіруюць гаспадаркі Мінскай вобласці, там сабрана 1 млн 316 тысяч тон, у Брэсцкай вобласці — 930 тысяч тон збожжа, у Гродзенскай — 866 тысяч тон, у Магілёўскай — 760 тысяч тон, у Віцебскай — 650 тысяч тон. У Гомельскай вобласці, пасевы якой больш за ўсё пацярпелі ад засухі, аграрыі сабралі 620 тысяч тон збожжа. Адказваючы на пытанне аб скарачэнні паставак жыта на некаторыя камбінаты хлебапрадуктаў, намеснік міністра адзначыў, што ў лік дзяржзаказу ў бягучым годзе павінна быць пастаўлена 256 тысяч тон жыта. Сёння ў краіне дадзеныя аб'ёмы ёсць, нарыхтавана больш за 500 тысяч тон жыта. Таму яго пастаўка ў лік дзяржзаказу — справа часу.
Бульбу — на экспарт, кавуны — сабе
Працягваецца ўборка бульбы. Плошчы пад яе захаваліся на ўзроўні мінулага года, але агульны вынік будзе большы. Ураджайнасць складае больш за 310 ц/га, што дасць магчымасць сабраць каля 1,2 млн тон бульбы толькі ў сельгасарганізацыях. У цэлым з улікам участкаў насельніцтва і фермерскіх гаспадарак эксперты чакаюць атрымаць каля 6,2 млн тон бульбы.
Ужо сёння каля 160 тысяч тон бульбы прададзена намі ў іншыя краіны. Па падліках спецыялістаў, у гэтым сезоне аграрыі змогуць паставіць за мяжу не менш за 600 тысяч тон бульбы.
У краіне вядзецца збор кавуноў. Усяго збор гэтай ягады чакаецца не ніжэйшы за ўзровень мінулага года. Пасадкі бахчавых культур сканцэнтраваны ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцях. Пад кавуны занята каля 26 га, з якіх чакаецца сабраць больш за 500 тон.
Сыпце цукру колькі хочаце
Цукровыя буракі ў нас пасаджаны на плошчы, якая складае амаль 100 тысяч гектараў. Цяпер яе трэба своечасова і без страт убраць. Плануецца ўраджай больш за 5 млн тон салодкіх каранёў, што вышэй, чым у мінулым годзе. На сёння ўбрана 9 % плошчаў. Радуе тое, што цукрыстасць кораня на 1 % вышэйшая за ўзровень мінулага года.
Спікер згадаў складанасці з атрыманнем насення цукровых буракоў. «Згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы, гэтая работа вядзецца з Сербіяй. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўжо падрыхтавала некалькі сартоў і гібрыдаў цукровых буракоў. З кожным годам доля нашых сартоў будзе павялічвацца, пакуль гэта 10 %», — дадаў намеснік міністра.
Своечасовы лён
Працягваецца ўборка лёну. Сёлета мы павінны ўбраць лён на плошчы 44,5 тысячы га. Убрана 54 % плошчаў, у мінулым годзе на гэтую дату было ўбрана 25 %. Гэта значыць ўборка ідзе ў два разы хутчэй. Да 25 верасня неабходна звезці апошні рулон з палёў. Вось такія задачы пастаўлены кіраўніцтвам перад работнікамі сельгасарганізацый.
Намеснік міністра падкрэсліў недапушчальнасць страт гэтай культуры. Калі спачатку прыбіралі падгарэлыя ад засухі пасевы, то сёння ўбіраецца якасны лён, у якога і вылежванне ёсць. Трэба цалкам убраць ураджай, вырабіць ільновалакно і забяспечыць ім Аршанскі льнокамбінат. Для гэтага ўсе магчымасці ў нас ёсць, у тым ліку для перапрацоўкі на льнозаводах. Акрамя таго, лішкі льновалакна будуць пастаўляцца на экспарт. А гэта прынясе патрэбную краіне валюту.
Да пачатку кастрычніка завяршыць сяўбу азімых
Азімыя збожжавыя культуры ў краіне пасеяны на чвэрці запланаваных плошчаў. Паралельна з завяршэннем уборкі працягваецца падрыхтоўка да наступнага ўраджаю. Пасеяны крыжакветныя культуры, рапс. Зараз ідзе сяўба азімых збожжавых культур, 24 % плошчаў засеяна. Пастаўлена задача да 1 кастрычніка завяршыць сяўбу, цалкам выконваючы ўсе рэгламенты, тэхналогіі. А яшчэ трэба паспець унесці пад азімыя ўвесь комплекс угнаенняў.
Сяргей КУРКАЧ