1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
поиск
Белорусский профессиональный союз работников образования и науки
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-203-81-34
Электронные обращения граждан и юрлиц

Агульная справа: добрыя вынікі і цікавыя перспектывы

31 июля 2020

Намеснік міністра адукацыі Сяргей Руды наведаў Аршанскі раён у рамках маніторынгу падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да пачатку навучальнага года.

У Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы намеснік міністра адукацыі азнаёміўся з вынікамі дзейнасці рэсурснага цэнтра машынабудаўнічага профілю, адкрытага ў лістападзе 2019 года і арыентаванага на падрыхтоўку кадраў, у якіх маюць патрэбу прамысловыя прадпрыемствы рэгіёна. Абсталяваны ў адпаведнасці з сучаснымі стандартамі комплекс уключае механічныя майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў на малагабарытных і прамысловых станках з праграмным кіраваннем і корпус, дзе размешчаны лабараторыі электратэхнікі і асноў электронікі, гідрапрывода і гідрапнеўмааўтаматыкі, тэхналогій машынабудавання, а таксама матэрыялазнаўства, тэхналогій і выпрабавання матэрыялаў. Сяргей Валянцінавіч акцэнтаваў увагу на далейшым развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы рэсурснага цэнтра, павышэнні эфектыўнасці сеткавага ўзаемадзеяння з установамі прафесійнай адукацыі вобласці і рэспублікі па падрыхтоўцы рабочых кадраў і спецыялістаў па профільных спецыяльнасцях, павелічэнні аб’ёмаў і спектра паслуг аўтамайстэрняў. Сярод пытанняў, што абмяркоўваліся ў размове з кіраўніцтвам і педагогамі каледжа, — гатоўнасць да новага навучальнага года, супрацоўніцтва з галіновымі прадпрыемствамі і ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама ў арганізацыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў і ходзе прыёмнай кампаніі, удасканальванне матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння адукацыйнага працэсу і сістэмы матывацыі педагогаў, задзейнічаных у рабоце рэсурснага цэнтра.

Другім пунктам рабочай паездкі Сяргея Рудага быў Аршанскі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ВДУ імя П.М.Машэрава. За 109 гадоў свайго існавання гэтая ўстанова стала альма-матар для больш як 12 тысяч педагогаў. Сёння каледж рыхтуе настаўнікаў пачатковых класаў, англійскай мовы, фізічнай культуры, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, тэхнікаў-праграмістаў. Для якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў створана адпаведная матэрыяльная база: 27 вучэбных кабінетаў і лабараторый, 3 камп’ютарныя класы і 2 лінгафонныя кабінеты, спартыўная і трэнажорная залы, бібліятэка з дзвюма чытальнымі заламі і кніжным фондам звыш 80 тысяч асобнікаў вучэбна-метадычнай, навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры. Іншагароднім навучэнцам прадастаўляецца інтэрнат (на 450 месцаў), на яго базе дзейнічае сацыяльна-культурны комплекс: музей гісторыі каледжа, чытальная зала, актавая і харэаграфічная залы, кабінеты музыкі для індывідуальных заняткаў, студыі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, трэнажорная зала. Педагагічны калектыў аб’ядноўвае 53 выкладчыкаў, з якіх 21 мае акадэмічную ступень магістра. Каледж плённа развівае міжнародныя кантакты, яго выкладчыкі актыўна ўдзельнічаюць у інавацыйнай, эксперыментальнай і даследчай дзейнасці, рэспубліканскіх і міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і семінарах, актыўна выступаюць з публікацыямі ў рэспубліканскім друку. Як паведаміў дырэктар каледжа Анатоль Зулёў, з 2018 года тут ідзе паэтапны рамонт з мадэрнізацыяй за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту з прыцягненнем уласных рэсурсаў і спонсарскай падтрымкі. Толькі за апошнія паўгода ў інтэрнаце адрамантаваны жылыя пакоі на 5, 6 і 7 паверхах, працягваецца рамонт на 8 паверсе (праз 2 тыдні ён будзе скончаны ў поўным аб’ёме), на наступны год запланаваны рамонт 9 паверха. Абноўленым абліччам і сучасным абсталяваннем радуюць рэкрэацыйныя залы на ўсіх паверхах і кухні, па запытах навучэнцаў выконваюцца работы па ўвядзенні ў строй буфета, рамонтам лесвічных праходаў зараз заняты навучэнскі будаўнічы атрад — работу таксама плануецца завяршыць у двухтыднёвы тэрмін. Маштабныя пераўтварэнні закранулі вучэбны корпус: дзякуючы ВДУ імя П.М.Машэрава арыгінальныя дызайнерскія рашэнні выкарыстаны пры рамонце і афармленні 2 і 3 паверхаў, другое нараджэнне атрымалі спартыўная зала, сталовая, канферэнц-зала.

—Падрыхтоўка да новага навучальнага года набліжаецца да завяршэння, — адзначыў намеснік міністра адукацыі. — Паступова каледж набывае сучасны, прывабны выгляд. Добра, што многае зроблена і робіцца сваімі сіламі. У сваю чаргу, мы працягнем дзейнасць у дадзеным напрамку ў супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі суб’ектамі.

Сяргей Руды правёў дэталёвы агляд выкананых рамонтных работ, абмеркаваў з дырэктарам і педагогамі ўстановы адукацыі іх працяг, набыццё мэблі для інтэрната, легкаатлетычнага для спартзалы і інтэрактыўнага абсталявання для арганізацыі адукацыйнага працэсу на больш высокім узроўні, абсталявання для заняткаў моладзі ў вольны ад вучобы час, добраўпарадкаванне тэрыторыі і будаўніцтва побач з інтэрнатам варкаўт-пляцоўкі. Ён таксама парэкамендаваў у канферэнц-зале ўсталяваць вітражы, а па дапамогу ў стварэнні праекта звярнуцца на мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава. З начальнікам упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэем Загурскім дасягнута дамоўленасць аб падрыхтоўцы праектнай дакументацыі на ўзвядзенне многафункцыянальнага стадыёна на тэрыторыі сярэдняй школы № 2, у крокавай даступнасці да якой знаходзіцца не толькі каледж, але і сярэдняя школа № 21. У завяршэнне візіту ў рэгіён намеснік міністра адукацыі наведаў сярэднюю школу № 8 Оршы і дзіцячы сад — сярэднюю школу № 22 гарадскога пасёлка Балбасава імя С.І.Грыцаўца Аршанскага раёна.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Источник

Карта сайта