1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
поиск
Белорусский профессиональный союз работников образования и науки
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-203-81-34
Электронные обращения граждан и юрлиц

Чаму важна развіваць дыстанцыйную адукацыю?

23 декабря 2019

Вучыцца ў зручны час, у зручным месцы, сумяшчаць вучобу, кар'еру і самарэалізацыю.

Як вы думаеце, ці трэба вышэйшай школе ўлічваць асаблівасці пакалення Z, прадстаўнікі якога пошук інфармацыі ў інтэрнэце засвоілі раней, чым лічбы і літары? Для лічбавага пакалення характэрнае кліпавае мысленне і немагчымасць сканцэнтравацца на лекцыях, дзе ўвага студэнтаў вельмі хутка пераключаецца на гаджэты… Але ў той жа час яны з задавальненнем могуць весці перапіску з выкладчыкамі з нагоды цікавых момантаў лекцыі. Неабходнасць лічбавай трансфармацыі адукацыі напрошваецца даўно. А дыстанцыйнае навучанне — гэта той трэнд, які нельга ігнараваць, бо ў процілеглым выпадку можна застацца неканкурэнтаздольнымі на рынку адукацыйных паслуг. Пра гэта ішла размова на міжнароднай канферэнцыі «Дыстанцыйнае навучанне — адукацыйнае асяроддзе ХХІ стагоддзя», якая прайшла ў БДУІР.

— Развіццё дыстанцыйнай адукацыі цягне за сабой вялікі пласт міждысцыплінарных даследаванняў, звязаных як з распрацоўкай і развіццём інфармацыйных сістэм, камунікацыйных тэхналогій, так і з узаемадзеяннем у сістэме «чалавек — камп'ютар», — падкрэслівае рэктар БДУІР Вадзім БОГУШ. — Таму было б памылкай засяроджваць нашу ўвагу толькі на тэхнічных і тэхналагічных рэчах. Нельга ўпускаць з віду і сацыяльны эфект ад укаранення новых адукацыйных тэхналогій. У адным амерыканскім універсітэце даручылі штучнаму інтэлекту кансультаваць студэнтаў. Як вы думаеце, чым скончыўся эксперымент? 60 працэнтаў студэнтаў не зразумелі, што іх кансультаваў не чалавек.

Высокі тэмп жыцця, неабходнасць пастаянна павышаць кваліфікацыю і развіццё камп'ютарных тэхналогій прывялі ў апошняе дзесяцігоддзе да масавага распаўсюджвання анлайн-навучання, прычым размова ідзе не толькі пра кароткатэрміновыя курсы. Сёння ёсць магчымасць атрымаць анлайн і паўнавартасную вышэйшую адукацыю.

У 2017 годзе на спецыяльных адукацыйных платформах было размешчана больш за 9000 курсаў ад 800 універсітэтаў свету. У ЗША траціна студэнтаў зарэгістраваная хоць бы на адзін анлайн-курс. 80 працэнтаў вышэйшых навучальных устаноў у гэтай краіне забяспечваюць поўную або частковую анлайн-адукацыю. Напрыклад, Бостанскі ўніверсітэт прапануе дыстанцыйнае навучанне на узроўнях бакалаўрыяту, магістратуры і нават дактарантуры

Некаторыя лічаць, што адукацыя можа быць альбо вочнай, альбо анлайн. Насамрэч, ёсць магчымасць камбінаваць розныя формы, спалучаць тэхналогіі ў залежнасці ад пастаўленых задач.

— Цяпер адбываецца глабальная лічбавая трансфармацыя грамадства. Пры гэтым тэхналогіі, рытм жыцця і дзелавой актыўнасці настолькі паскорыліся, што ніякая аднойчы атрыманая ва ўстанове адукацыі спецыяльнасць не дае гарантыі кавалка хлеба на ўсё астатняе жыццё, — разважае прарэктар па вучэбнай рабоце БДУІР Валерый ПРЫТКОЎ. — Гэта раней адукацыя атрымлівалася «раз і назаўжды». А цяпер набыты ў ВНУ набор кампетэнцый «згарае» на працягу трох-чатырох гадоў, і трэба быць гатовым да таго, што прыйдзецца як мінімум два-тры разы за сваё жыццё радыкальна змяніць прафесію або кола сваіх абавязкаў. Невыпадкова была сфармуляваная канцэпцыя навучання на працягу ўсяго жыцця (lіfe-long learnіng).

Такім чынам агульная колькасць людзей, якія на розных жыццёвых этапах будуць мець патрэбу ў той ці іншай адукацыі, тых ці іншых ведах, узрасце шматразова. Асабліва гэта актуальна для прамысловага сектара, паколькі ў высокаканкурэнтным асяроддзі кампаніі вымушаны пастаянна перанавучаць персанал з мэтай асваення новых інструментаў. Больш за тое, колькасць тых, хто мае патрэбу ў перанавучанні, будзе расці непрапарцыянальна хутчэй, чым колькасць выкладчыкаў, і цягнуць за сабой значнае павелічэнне на іх вучэбнай нагрузкі. Гэта вельмі сур'ёзны выклік сістэме адукацыі ў цэлым, і без выкарыстання новых эфектыўных метадаў навучання тут не абысціся. Адным са спосабаў пераадолення такога разрыву з'яўляецца выкарыстанне дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій, якія дазваляюць маштабіраваць працэс навучання.

Так, масавы адкрыты анлайн-курс павышанай складанасці Масачусецкага тэхналагічнага інстытута па электрычных ланцугах і электроніцы ў першы год пасля яго запуску вывучалі 155 тысяч слухачоў са 162 краін. Цалкам завяршылі навучанне з іх толькі 7200. А ў 2019 годзе колькасць слухачоў дасягнула ўжо 500 тысяч. Платформы масавых адкрытых анлайн-курсаў дазваляюць навучацца ў зручны час у зручным месцы, а іх выкарыстанне ў вучэбным працэсе істотна павышае гнуткасць і стварае перадумовы для рэалізацыі індывідуальных адукацыйных траекторый. Платформаў такога тыпу налічваецца ўжо некалькі дзясяткаў (сярод іх Coursera, Udacіty, EdX і іншыя), і пастаянна з'яўляюцца новыя.

Прыбытковая індустрыя

На канферэнцыі ў БДУІР была агучана наступная інфармацыя: агульны аб'ём даходу ад адукацыйных рэсурсаў у свеце склаў у 2018 годзе больш за 4,5 трлн долараў. Па аналітычных прагнозах, у найбліжэйшыя гады гэта лічба павінна ўзрасці да 7 трлн долараў. А доля анлайн-адукацыі ў ім складае каля 3 %, або 165 млрд долараў. Штогадовы прырост прыбытку ад дыстанцыйнай адукацыі — прыблізна 5 %. Абапіраючыся на гэты паказчык, можна скласці прагноз павелічэння даходу ад анлайн-адукацыі на найбліжэйшыя пяць гадоў, атрымаўшы ў 2023 годзе лічбу ў 210 млрд долараў. Дыстанцыйная адукацыя штогод становіцца ўсё больш папулярнай і запатрабаванай (анлайн-навучанне істотна скарачае фінансавыя выдаткі як саміх студэнтаў, так і ўніверсітэтаў), а гэта, у сваю чаргу, прыцягвае да яе вялікую колькасць інвестараў, ператвараючы ў прыбытковую індустрыю.

Ці будуць беларускія ВНУ канкурэнтаздольныя на сусветным рынку паслуг?

Наша вышэйшая школа знаходзіцца на перадавых пазіцыях у галіне праграмнай інжынерыі, камп'ютарных сетак, аперацыйных сістэм і баз даных. Такая сітуацыя стварае спрыяльнае асяроддзе для развіцця дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій у краіне.

БДУІР развівае дыстанцыйнае навучанне з 2002 года. Цяпер на гэтай форме ва ўніверсітэце навучаецца 590 студэнтаў па дзесяці спецыяльнасцях. Таксама на ўзроўні ўніверсітэта арганізавана вывучэнне асобных дысцыплін навучальных планаў з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій. Такой магчымасцю студэнты ўсіх факультэтаў БДУІР і знешнія слухачы скарысталіся на працягу навучальнага года 2831 раз.

Валерый Прыткоў адзначае, што развіццё дыстанцыйнай адукацыі немагчымае без стварэння ва ўніверсітэце адпаведнай ІТ-інфраструктуры: сродкаў камп'ютарнай і тэлекамунікацыйнай тэхнікі, цэнтраў апрацоўкі даных, праграмнага забеспячэння, камп'ютарных сетак, баз даных, высакахуткаснага інтэрнэта і г. д. У прыватнасці, ІТ-інфраструктура БДУІР уключае карпаратыўную сетку, якая аб'ядноўвае больш за 2600 камп'ютараў. Яе функцыянаванне падтрымліваюць 18 сервераў і больш за 270 камутатараў. Зону Wі-Fі падтрымліваюць 60 пунктаў доступу, пры гэтым 20 з іх уведзеныя за апошні год, а працягласць оптавалаконных ліній карпаратыўнай сеткі складае 9 кіламетраў. Але наяўнасці адпаведнай інфраструктуры недастаткова — яе павінны суправаджаць высокакваліфікаваныя спецыялісты…

Да іншых важных праблем, якія не спрыяюць далейшаму развіццю дыстанцыйнай адукацыі, Валерый Прыткоў адносіць і невысокую якасць навучальных матэрыялаў, уключаючы іх хуткае старэнне па шэрагу прадметных абласцей, і невысокую хуткасць распрацоўкі якаснага кантэнту. Дыстанцыйная форма дыктуе новыя патрабаванні: наяўнасць відэакантэнту, прычым у фармаце кароткіх тэматычных ролікаў, модульнае разбіццё курсу, тесціраванне пасля праходжання кожнага модуля, наяўнасць сеткавых сродкаў узаемадзеяння як з іншымі навучэнцамі, так і з выкладчыкам (форумы і г. д.). Але выкладчыкаў, гатовых да распрацоўкі навучальных матэрыялаў у новым фармаце, пакуль не хапае. Да таго ж і кошт іх распрацоўкі «кусаецца». Прадстаўнік кампаніі EPAM назваў наступную лічбу: адна хвіліна відэароліка каштуе прыкладна 100 долараў.

У бягучым навучальным годзе ў БДУІР рэалізуецца эксперыментальны праект «Апрабацыя дыстанцыйнай формы атрымання адукацыі па ІТ-спецыяльнасцях у рамках трансфармацыі БДУІР у «Лічбавы ўніверсітэт», вынікі якога дазволяць закласці аснову для пераходу да змешанага навучання і выкарыстанню дагавораў публічнай аферты па аказанні адукацыйных паслуг, якія актыўна выкарыстоўваюцца на большасці масавых адукацыйных анлайн-курсаў.

Увогуле, шэраг праблем нарматыўна-прававога характару, якія б спрасцілі далейшае распаўсюджванне дыстанцыйнай формы навучання і спрыялі пашырэнню экспарту дыстанцыйных адукацыйных паслуг, па-ранейшаму чакаюць свайго вырашэння. Канкрэтныя «правілы гульні» не ўстаноўлены, а зона нявызначанасці — занадта вялікая. Пакуль што кожны крок у развіцці дыстанцыйных тэхналогій у нашай краіне — гэта нейкае ўнікальнае дзеянне. Вядома, што ў новай рэдакцыі Кодэкса «Аб адукацыі» дыстанцыйную форму атрымання адукацыі прапішуць асобна, бо зараз яна з'яўляецца толькі відам завочнай.

Самадысцыпліна і адказнасць

Між іншым, удзельнікі канферэнцыі з Казахстана паведамілі, што ў іх краіне з 1 студзеня 2019 года завочнае навучанне ва ўніверсітэтах краіны было спыненае — з мэтай павышэння якасці адукацыі. Аналіз паказаў, што так званыя «завочнікі» асвойвалі ўсяго 65 працэнтаў ад аб'ёму, які даваўся студэнтам вочнай формы навучання. Цяпер вышэйшую адукацыю ў Казахстане можна будзе атрымаць па сістэме part-tіme з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій навучання і гнуткага графіку, пры якім частка курсаў праходзіць па вечарах і ў выхадныя дні. Акрамя таго, быў выключаны тэрмін, які даецца на засваенне адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі. Адпаведна, ВНУ змогуць распрацоўваць гнуткія і інтэграваныя адукацыйныя праграмы непасрэдна з улікам вынікаў навучання кожнага са студэнтаў, якія прадугледжваюць завяршэнне праграмы бакалаўрыяту ў паскораным рэжыме. Але, напрыклад, выпускнікам школ нельга навучацца дыстанцыйна. Заканадаўства выключае такую магчымасць на базе праграмы агульнай сярэдняй адукацыі. У выпадку з выпускнікамі каледжаў і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў кожная ВНУ сама вызначае магчымасць навучання на дыстанцыі.

Казалі на канферэнцыі і пра тое, што многія фірмы і ўстановы пакуль яшчэ не прызнаюць анлайн-навучанне. І калі гутарку па вакансіі праходзяць два кандыдаты, адзін з якіх вучыўся ва ўніверсітэце на вочнай ці завочнай форме навучання, а другі — дыстанцыйна, то часта перавага аддаецца прэтэндэнту, які навучаўся па звыклай для работадаўца сістэме.

А вось яшчэ інфармацыя для роздуму: у 2015 годзе група даследчыкаў з Ізраіля вывучала паводзіны больш чым 13 000 студэнтаў, якія запісаліся на дыстанцыйны курс па нанатэхналогіях. З іх толькі 4 % дайшлі да канца. Аказалася, што ў тых, хто не скончыў курс, «кульгае» самаматывацыя і ўпэўненасць у сваёй здольнасці асвоіць дысцыпліну. Усе гэтыя праблемы звязаны з адсутнасцю ў адукацыйным працэсе чалавека. Мы прызвычаіліся да настаўнікаў, аднакласнікаў і аднакурснікаў, да элементаў спаборніцтва ў вучобе і асабістых стасункаў.

Навучанне анлайн насамрэч з'яўляецца рацыянальным рашэннем для людзей, у якіх фізічна не хапае часу на наведванне ўніверсітэта, якія хочуць сумяшчаць вучобу з кар'ерай, вандроўкамі і самарэалізацыяй. Акрамя таго, такая форма адукацыі практычна адзіная магчымасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі засвоіць спецыяльнасць і сацыялізавацца ў грамадстве. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што атрымаць прафесію дыстанцыйна не атрымаецца, не валодаючы такімі якасцямі, як самадысцыпліна, уседлівасць, працавітасць, уважлівасць і адказнасць, бо побач не будзе выкладчыка, гатовага аказаць падтрымку, і перад якім студэнту не будзе сорамна. Таму варта ўзважваць усе «за» і «супраць». А спецыяльнасці, якія патрабуюць больш практычных ведаў, чым тэорыі, увогуле не могуць быць атрыманы на адлегласці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Вышэйшая адукацыя… на дыстанцыі

Источник

Карта сайта