1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
поиск
Белорусский профессиональный союз работников образования и науки
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-203-81-34
Электронные обращения граждан и юрлиц

У Магілёве адбыўся конкурс студэнцкіх сем'яў «Шчаслівыя разам»

15 апреля 2019

Пяць маладых пар два дні змагаліся ў Магілёве за званне найлепшай у рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх сем'яў «Шчаслівыя разам», арганізаваным Міністэрствам адукацыі, Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання.

Палымяныя сэрцы аб'ядноўвае не толькі каханне, але і агульны побыт. А ён, як вядома, здольны разбурыць нават самыя моцныя пачуцці. І трэба прайсці добрую загартоўку, каб вытрымаць выпрабаванні і застацца разам. Конкурс стаў якраз тым месцам, дзе гэта пацвердзілася. Арганізатары паклапаціліся, каб у праграме было ўсё — ад вясёлых спартыўных спаборніцтваў і ўмення трымацца на публіцы да ведання асноў здаровага харчавання і размеркавання сямейнага бюджэту.

— Мы доўга выношвалі ідэю правядзення такога конкурсу, — падзялілася прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання, старшыня аргкамітэта Вольга Мацыкава. — Яна ўзнікла пасля вялікага педсавета ў Прэзідэнта, дзе было сказана, што мы павінны рыхтаваць не толькі добрага прафесіянала і грамадзяніна, але і сем'яніна. Міністэрства адукацыі нас у гэтым падтрымала.

Запрашэнне прыняць удзел у конкурсе атрымалі студэнты ўсіх ВНУ краіны. Трэба было ў вызначаны тэрмін падаць заяўку, зняць ролік пра сябе, а таксама прадэманстраваць праз фота гісторыю стварэння сям'і. Выпрабаванне прайшлі толькі пяць сем'яў. Чаму так мала? Запрашаліся выключна студэнцкія пары, а такіх аказалася няшмат. Часцей бывае, калі толькі адзін з сужэнцаў студэнт. Дарэчы, арганізатары ўжо падумваюць, каб у будучым пашырыць кола ўдзельнікаў. У тым, што конкурс будзе існаваць, сумненняў няма: рэзананс атрымаўся вялікі.

Тэме здаровага ладу жыцця і харчавання быў адведзены ўвесь першы дзень. Кулінарны іспыт пачаўся з майстар-класа ад Пятра Ануфрыенкі. Не так даўно «Чырвонка. Чырвоная змена» пісала пра гэтага таленавітага хлопца — пераможцу спаборніцтваў WorldSkіlls Belarus 2018 у кампетэнцыі «Кулінарнае мастацтва». Усе назіралі, як ён варожыць над рамантычнай вячэрай для дваіх. Пётр рабіў курынае філе са складаным гарнірам і паралельна інструктаваў канкурсантаў, як правільна харчавацца. Пасля дэгустацыі прыйшла чарга ім самім падзяліцца ведамі з гэтай сферы. Выкладчыкі ўніверсітэта падрыхтавалі шмат каварных пытанняў, якія толькі на першы погляд здаваліся простымі. Вось вы можаце, напрыклад, сказаць, што трэба зрабіць, каб амлет не быў «гумавы»? Не ведаеце? А Кірыл Бутараў з ходу агучыў правільны адказ: не трэба дадаваць муку. Гэтаму яго яшчэ маці навучыла. Наогул класічны амлет, сказаў ён, гэта яйкі (іх трэба ўзбіць), крыху солі і малака.

Як зрабіць, каб яйка пры варцы не лопнула? Што трэба дадаць, каб бурак не страціў колер? Калі саліць мясны булён? Пытанні сыпаліся адно за адным. Студэнты не здаваліся. Аляксандр Мярзлоў нават навукова абгрунтаваў, чаму варанае яйка, у адрозненне ад сырога, круціцца. Хоць чаго здзіўляцца, хлопец — студэнт Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. А яго жонка Вераніка з лёгкасцю справілася з пытаннем, што рабіць, калі суп перасолены. «Проста апусціць у каструлю мяшочак з рысам», — сказала яна.

Пары, трэба адзначыць, аказаліся на рэдкасць дасведчанымі і прасунутымі. Прычым саліравалі мужчыны. Самай эрудзіраванай у пытаннях правільнага і здаровага харчавання сталі, ну хто б сумняваўся, Аляксандр і Вераніка Мярзловы, будучыя спецыялісты ў галіне харчовай прамысловасці.

А вось у наступным выпрабаванні «Капейка ў капейку», у які плаўна перайшла кулінарная эстафета, перамог Кірыл Бутараў. Мужчынскай палове прапаноўвалася набыць у краме прадукты для святочнага абеду. Для гэтага кожнаму выдалі па 30 рублёў і далі 30 хвілін на закупку. Кірыл справіўся лепш за астатніх. Зрабіць гэта, прызнаўся ён, было няцяжка, бо дома сам кухарыць і добра арыентуецца і ў прадуктах, і ў цэнах.

На сцэне Палаца культуры Магілёўскай вобласці адбылася самая відовішчная частка конкурсу. Канкурсанты спявалі, танцавалі, паказвалі тэатралізаваныя сцэнкі, па некалькі разоў змяняючы свой вобраз. Публіка была ў захапленні.

Анд­рэй і Воль­га Аст­роў­скія:  «Ну што, Ва­ку­ла, зда­бу­дзеш мне цар­скія ча­ра­віч­кі?»

Анд­рэй і Воль­га Аст­роў­скія: «Ну што, Ва­ку­ла, зда­бу­дзеш мне цар­скія ча­ра­віч­кі?»

Першае месца ў выніку занялі Кірыл і Дар'я Бутаравы з Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Другое падзялілі Дзмітрый і Карына Меландэр з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Аляксандр і Вераніка Мярзловы з Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Трэцяе дасталося Андрэю і Вользе Астроўскім з Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта і Аляксандру і Валерыі Максімовічам з Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

— Паездка стала для нас цікавым сюрпрызам, — дзяліліся ўражаннямі Андрэй і Вольга Астроўскія. — Мы ніколі не былі ў Магілёве і з задавальненнем знаёміліся з горадам. Вельмі прыемна было стасавацца з іншымі парамі, разам нешта абмяркоўваць, хадзіць па крамах.

— Усё адбылося так хутка, што мы не паспелі азірнуцца, — дадаюць Аляксандр і Вераніка Мярзловы. — Мы шмат жартавалі, гутарылі, дзяліліся думкамі. Гэта вельмі карысны і патрэбны вопыт.

— Усё прайшло цікава, асабліва запомніўся фінал, — расказалі Валерыя і Аляксандр Максімовічы. — Народны танец станчылі на адным дыханні. Мы ж яго рэпеціравалі цэлы тыдзень. Спецыяльна хадзілі для гэтага ў наш горацкі Дом культуры.

— А мы пра творчы нумар наогул даведаліся ў апошні момант, — прызналіся Дзмітрый і Карына Меландэр. — У выніку прыйшлося імправізаваць проста на сцэне.

Напэўна, гэтай непасрэднасцю сужэнцы Меландэр і скарылі аднаго са спонсараў конкурсу, які падарыў ім паездку на Чорнае мора. Пераможцы атрымалі музычны цэнтр, усе астатнія — сталовыя і чайныя наборы посуду, абрусы. Партнёры мерапрыемства таксама адарылі ўдзельнікаў салодкімі прысмакамі. Яно і знамянальна: студэнцкі перыяд сямейнага жыцця — самы салодкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Рамана Руцкага

Загаловак у газеце: Шчаслівыя разам — на вучобе і дома

Источник

Карта сайта