1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

Адданасць адукацыі

Чвэрць стагоддзя Інеса Георгіеўна Макарэцкая ўзначальвала Светлагорскую раённую арганізацыю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Мяняліся назвы, падыходы і канцэпцыі, але нязменнай была адданасць Інесы Макарэцкай роднаму раёну, яго людзям, супрацоўнікам школ і дзіцячых садоў, пазашкольных устаноў. Разам з развіццём і станаўленнем Светлагорска стваралася гісторыя раённай прафсаюзнай арганізацыі. На кожнай яе старонцы — выдатныя справы, за якімі ініцыятыва, адказнасць, неабыякавасць і мудрасць Інесы Макарэцкай.

Будучы прафсаюзны лідар нарадзілася на Брагіншчыне 1 снежня 1939 года ў сям’і педагогаў. Яе бацька Георгій Пракопавіч у даваенны час працаваў настаўнікам рускай і беларускай мовы і літаратуры, а маці Наталля Паўлаўна — настаўніцай пачатковых класаў. Калі пачалася вайна, бацька пайшоў на вайну, і больш родныя яго не бачылі… З болем у сэрцы ўспамінае Інеса Георгіеўна ваенны час:

— Аднойчы, у 1943 годзе, у вёску нечакана ўварваліся немцы. Лю­дзей сагналі ў адну вялікую хату, астатнія падпалілі. Тым часам з вуліцы раздаліся крыкі немцаў: “Партызаны, партызаны!”. Гэта моцна напалохала карнікаў, і яны неўзабаве пакінулі вёску. Усе хаты згарэлі дашчэнту, засталася цэлай толькі тая, у якую былі сагнаны людзі. Воляй выпадку мы былі выратаваны.

Школу № 1 г.п. Брагіна Інеса скончыла з сярэбраным медалём, а потым выдатна адвучылася ў Ленінградскім педагагічным інстытуце імя А.І.Герцэна на факультэце прыродазнаўства. Дарэчы, на працягу ўсёй вучобы ў інстытуце Інеса Георгіеўна з’яўлялася актыўным членам прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў.

Пасля заканчэння інстытута па камсамольскай пуцёўцы дзяўчына разам з групай аднакурснікаў паехала асвой­ваць Сібір. Роўна 60 гадоў назад яна пачала працаваць выкладчыкам хіміі ў горадзе Беразоўскі Кемераўскай вобласці. Менавіта там стварыла сям’ю і нарадзіла дачку. Потым яе кар’ера была звязана з рознымі ўстановамі адукацыі. Яна была дырэктарам школы працоўнай моладзі, загадчыкам метадычнага кабінета Беразоўскага гарана, інспектарам школ таго ж раёна. На грамадскіх пачатках з’яўлялася старшынёй Беразоўскага гаркама прафсаюза.

Праз дзесяць гадоў Інеса Георгіеўна вярнулася ў родную Беларусь. З 1970 года пачала выкладаць хімію ў сярэдняй школе № 5 Светлагорска. Праз тры гады яна была прызначана намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 6, а яшчэ праз год — дырэктарам сярэдняй школы № 1 Светлагорска. Калегі адзначалі, што на любым участку працы Інеса Георгіеўна мела актыўную грамадзянскую пазіцыю, была прафесіяналам, адказным і абавязковым работнікам. Не выпадкова ў 1984 годзе яе аднагалосна абралі старшынёй Светлагорскага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Інеса Георгіеўна Макарэцкая ўзнагаро­джана юбілейным медалём “За доблесную працу”, ганаровымі знакамі “Выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь” (1996), “100 гадоў прафсаюзнага руху”, ганаровымі граматамі Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў (1987), Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (1999), Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (1988, 2014), Гомельскага аблвыканкама (1985, 2008), Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў (2009), Гомельскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі (1985, 1987, 2009). Была дэпутатам Светлагорскага гарад­скога савета дэпутатаў (1982—1985).

Інеса Макарэцкая выбіралася дэлегатам двух важных прафсаюзных форумаў — першага з’езда прафсаюза работнікаў народнай адукацыі і навукі Беларускай ССР і адзінаццатага з’езда прафесійнага саюза работнікаў народнай адукацыі і навукі ў Маскве. Тады быў прыняты важны дакумент — Дэкларацыя аб адукацыі Усесаюзнай федэрацыі прафсаюзаў работнікаў народнай адукацыі і навукі. Асноўнай мэтай федэрацыі павінна была стаць кансалідацыя сіл галіновых прафсаюзаў па абароне прафесійных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў супрацоўнікаў народнай адукацыі і навукі, студэнтаў і моладзі, якая вучыцца.

На працягу 20 гадоў Інеса Георгіеўна Макарэцкая была нязменным старшынёй раённага каардынацыйнага савета старшыняў прафсаюзных арганізацый. Па матэрыялах савета можна вывучаць гісторыю прафсаюзнага руху ў Светлагорскім раёне і гісторыю зараджэння і развіцця сацыяльнага партнёрства. Аб’яднаны савет старшыняў прафсаюзных арганізацый быў сфарміраваны ў 1988 годзе. З 1996 года ёў пачаў называцца каардынацыйным саветам і быў зарэгістраваны выканкамам першым у Гомельскай вобласці. Першы трохбаковы Дагавор падпісаны на 1999—2000 гг.

У канцы 90-х самымі надзённымі праблемамі былі своечасовасць выплаты заработнай платы, нізкі ўзровень забеспячэння таварамі першай неабходнасці, бытавымі паслугамі, недахоп лекаў у аптэках горада, нізкая якасць пітной вады, неабходнасць рэгулявання цэн на прадукты харчавання і іншыя тавары і г.д. На сённяшні дзень практычна ўсе яны сталі гісторыяй, зніклі, і важную ролю ў іх вырашэнні адыграў каардынацыйны савет, які ўзначальвала Інеса Георгіеўна.

У 2009 годзе Інеса Макарэцкая пайшла на заслужаны адпачынак. Аднак мноства ідэй, жаданне быць патрэбнай калегам — ветэранам працы галіны адукацыі, уменне арганізаваць і весці грамадскую працу падказалі ёй далейшы шлях. Так, на базе гістарычна-краязнаўчага музея Светлагорска пад яе кіраўніцтвам быў створаны клуб “Суразмоўца”, які сёлета адзначыць дзесяцігоддзе. Яго члены наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі горада і раёна, маюць зносіны з цікавымі, вядомымі ў раёне людзьмі, з прадстаўнікамі ўлады, адзначаюць юбілеі і святочныя даты, слухаюць вершы і песні, удзельнічаюць ва ўсіх значных падзеях, наведваюць ветэранаў. Намаганнямі членаў клуба мясцовы гістарычна-краязнаўчы музей папоўніўся альбомам пра заслужаных настаўнікаў горада і раёна, звесткамі пра педагогаў, якія узнагаро­джаны ордэнамі і медалямі. Дарэчы, мара Інесы Георгіеўны — адкрыць у музеі залу пад назвай “Народная адукацыя”.

Інеса Георгіеўна і цяпер цікавіцца тым, што адбываецца ў сістэме адукацыі і ў жыцці прафсаюза. Як і раней, яна лі­чыць прафсаюз добрай школай для падрыхтоўкі моцных кадраў. Яна жаданы госць у раённым камітэце прафсаюза і ў ветэранскай арганізацыі, дзе з’яўляецца членам прэзідыума.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Источник

Карта сайта