1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39
ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч

 Настаўнік: майстэрства і натхненне

 Педагог. Ганаровае і слаўнае званне. Яго праца падобна  працы хлебароба і будаўніка – з зярнятак дабрыні і справядлівасці вырошчвае ён душу дзіцяці, з цаглінак ведаў складвае яго розум.

  Ёсць такое слова – падвіжнік. У ім спалучаюцца два вельмі важныя паняцці: “рух” і “подзвіг”. Яны і адвображваюць самую сутнасць працы настаўніка, чалавека, які вядзе нас праз гады дзяцінства, юнацтва, здзяйсняе кожны дзень зусім непрыкметны на першы погляд подзвіг – аддае свае веды, укладвае ў кожнага з нас часцінкі свайго сэрца.

  Давайце паспрабуем намаляваць партрэт Настаўніка. Замест фарбаў у нас будуць словы, успаміны і фатакарткі. Яны будуць асобнымі штрыхамі ў партрэце, а ўсе разам саставяць вобраз Настаўніка. А імя Настаўніка – Валуевіч Аляксандр Аляксандравіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №1 г.Дзятлава.

Дзіцячыя і юнацкія гады

 Аляксандр Аляксандравіч Валуевіч нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Хадасы Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў 7 класаў польскай школы. У 1939 годзе ўлада змянілася на савецкую. Прадстаўнікі новай ўлады сабралі сялян на сход і аб’явілі: “Таварышы! Мы вас вызвалілі ад здзекаў палякаў, якія прымушалі дзяцей вучыцца на чужой мове. Цяпер вашы дзеці будуць вучыцца на рускай мове”. Бацькі незадаволена зашумелі. Яны спадзяваліся, што іх дзеці стануць вучыцца на “сваёй” мове. Роднаю моваю сялян была беларуская мова…  Шасцікласнікі і сямікласнікі польскай школы пайшлі вучыцца ў пяты клас беларускамоўнай школы ў вёсцы Дзяляцічы, дзе рускую мову там выкладалі як прадмет. Пазней, калі Аляксандр Аляксандравіч стане настаўнікам беларускай мовыі літаратуры, пры знаёмстве вучняў з аповесцю Янкі Брыля “Сірочы хлеб” ён раскажа сваім вучням пра навучанне ў польскай школе, пра мару маленькіх беларусаў вучыцца на роднай мове, знаёміцца з творамі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Дзіцячыя мары збыліся …

   Выпрабаванне вайной

   Пачалася вайна. Злой віхураю наляцела яна на беларускія гарады і вёскі. Чырвоная Армія адступала, пакідаючы пасля сябе тэхніку, зброю. Засталіся ў памяці Валуевіча да сённяшніх дзён бамбёжкі, смерць людзей …

  Аляксандр Аляксандравіч помніць, як у першыя тыдні вайны трое салдат і афіцэр спрабавалі вывезці за Нёман боепрыпасы. У машыне закончыўся бензін. Мясцовыя жыхары падказалі, што ў вёсцы Вераскава ёсць спіртзавод і там можна раздабыць спірт. Спірт дасталі, але машына ўсё роўна не завялася. Тады яе разам з боепрыпасамі спіхнулі ў раку.

   У навакольных вёсках было шмат  акружэнцаў. Яны ратаваліся ад немцаў па хатах. Калі немцы займалі вёскі, яны дапытваліся ў мясцовых жыхароў, ці ёсць у вёсцы рускія салдаты. Жыхары не прызнаваліся, што хаваюць сваіх.  Аляксандр Аляксандравіч прыпамінае, што аднойчы адзін акружэнец выйшаў з хаты і яго ўбачылі немцы. Фашысты арыштавалі салдата, а вяскоўцам прыгразілі суровай расправай. Праўда, тады ўсё абышлося добра.

  У навакольных лясах  было шмат кінутай зброі. Саша з бацькам знайшлі і схавалі ў гумне чатыры гранаты і вінтоўку. Захоўваць зброю немцы пад пагрозай расстрэлу забаранялі. Аднак мясцовыя жыхары цішком хавалі знойдзеную зброю, спадзеючыся на тое, што на вайне яна можа спатрэбіцца… 

  Ішоў 1944 год. Акупанты аб’явілі аб наборы моладзі для працы ў Германіі.  Пяцёра Сашыных сяброў вырашылі падацца ў партызаны. Вось тады і спатрэбілася прыхаваная ў пачатку вайны зброя. Такім чынам васямнаццацігадовы Аляксандр Валуевіч апынуўся ў атрадзе Жданава партызанскай брыгады імя Дзяржынскага. Штаб атрада мясціўся за чатыры кіламетры ад вёскі. У партызаны пайшлі мужчыны і хлопцы з суседніх вёсак Чарэшля, Багрова, Зенявічы. Партызанская брыгада тады налічвала каля 1200 чалавек. З-за лініі фронту самалёт пастаўляў зброю, боепрыпасы, медыкаменты. Недалёка ад Стаўбцоў стаяў хутар, паблізу якога партызаны зрабілі пасадачную паласу для самалёта. Яе пільна вартавалі. 23 дні ахоўваў яе і Аляксандр. У брыгадзе была свая гаспадарка. Пяклі хлеб. Жыхары навакольных вёсак чым маглі дапамагалі партызанам. За Нёманам быў партызанскі шпіталь.

   У партызанах былі людзі розных нацыянальнасцей. Партызанілі і яўрэі, якія ратаваліся ад фашыстаў. Народныя мсціўцы ладзілі засады для немцаў, узрывалі цягнікі. Каля трох кіламетраў чыгуначнага палатна было пашкоджана толькі на станцыі Гаўя. З Любчы былі выбіты фашысты, але ўтрымаць пасёлак доўга партызаны не змаглі.

  Пасля прыходу савецкіх войск з партызан сфарміравалі знішчальны атрад, якому было даручана адлоўліваць у лесе фашыстаў, паліцаяў, збіраць у мясцовага насельніцтва прыхаваную зброю. Прыйшлося нават канваіраваць да Міра каля 500 палонных немцаў.

   У канцы 1944 года Аляксандра Валуевіча ў ліку іншых партызан забралі ў армію. Так Аляксандр трапіў у горад Шуя Іванаўскай вобласці, дзе былыя франтавікі навучалі маладых салдат. Пасля двух месяцаў вучобы амаль ўсіх адправілі  на фронт.

   Аднак Аляксандр застаўся ў атрадзе інструктарам. Цяпер ужо ён вучыў навабранцаў. Потым даведаўся, што многія яго шуйскія таварышы трапілі ў Нарвегію, там і загінулі.

   Вялікую Перамогу Аляксандр Аляксандравіч сустрэў у Шуі. Дэмабілізаваўся з арміі ў пачатку 1946 года.

 Прафесійны выбар

 Вярнуўшыся пасля дэмабілізацыі  з арміі дахаты, Валуевіч А.А. вырашыў падацца на настаўніцкія курсы пры Навагрудскім педвучылішчы. У вучылішчы Аляксандр вызначаўся і стараннай вучобай, і грамадскай актыўнасцю. Ён ладзіў з сябрамі вечарыны, быў старшынёй на сходах. Як грамадскаму актывісту яму дазволілі самастойна вызначыцца з месцам працы пасля заканчэння вучобы. Сваю вучобу малады настаўнік пасля прадоўжыў у  Баранавіцкім педагагічным інстытуце, на завочным аддзяленні Мінскага педінстытута, затым – Гродзенскага.

  Палітыка дзяржавы была такая, што да людзей, якія жылі пад польскай уладай да 1939 года – “заходнікаў” – ставіліся падазрона. Маладых спецыялістаў накіроўвалі ва ўсходнія вобласці Беларусі – у Магілёўскую, Гомельскую. Але Валуевічу ўдалося застацца працаваць амаль дома. Ён прыехаў у Наваельню і зайшоў да загадчыка аддзела адукацыі з просьбай уладкавацца на працу. Маладога спецыяліста сустрэлі з радасцю. Не хапала настаўнікаў і ў дзённых, і ў вячэрніх школах.

1 верасня ў Наваельнянскай СШ

   Так у Наваельні з’явіўся малады настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Пасля заняткаў у школе ён спяшаўся ў гурткі мастацкай самадзейнасці, што працавалі ў РДК. Вярнулася тады яшчэ адно захапленне, якое прыйшло з дзяцінства. Гэта была работа з дрэвам. Сваімі ўласнымі рукамі Аляксандр Аляксандравіч рабіў мэблю, шкатулкі і іншыя рэчы. Нават зрабіў балалайку. І цяпер у яго хаце шмат прадметаў, нават мэбля, зробленая сваімі рукамі. Любімымі заняткамі на ўсё жыццё сталі рыбалка, паляванне, фатаграфія. Валодаючы прыгожым голасам, любіў спяваць, доўгі час быў ўдзельнікам хору. Тут жа, у хоры і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай  — Ганнай Міхайлаўнай.

   Жыццё, аддадзенае дзецям

  Сорак пяць гадоў прысвяціў Аляксандр Аляксандравіч школе, восем з іх працаваў на пенсіі. З цеплынёй і зараз успамінае сваіх калег, зычлівых і надзейных людзей. Многае ў школе №1 г.Дзятлава было зроблена яго рукамі: аформлены класныя кабінеты, школьныя стэнды. Шмат увагі ўдзяляў Валуевіч А.А. выхаванню падрастаючага пакалення не толькі як настаўнік роднай мовы, але і як класны кіраўнік. Ён вучыў выхаванцаў весці здаровы лад жыцця, берагчы сваё здароўе, быць адказнымі за паводзіны, учынкі, умець пастаяць за сябе і не даць у краўду слабейшага. Яго ўрокі жыцця для многіх выпускнікоў запомніліся назаўсёды. І зараз выхаванцы настаўніка з радасцю сустракаюцца са сваім педагогам.

1961 год

   У жыцці ёсць месца подзвігу

   У далёкім 1949 годзе пра смелы ўчынак настаўніка Валуевіча А.А. пісала раённая газета.

  …Гэта адбылося ў пачатку зімы. Ужо выпаў снег, рэчка пакрылася лядком. З правага боку ад парку быў масток пад плацінаю. За мастком стаяў драўляны будынак, у якім вучыліся тры класы (больш за трыццаць чалавек) пяцікласнікаў. Аднаго разу школу ўзарваў крык: “На рацэ топяцца дзеці!” Усе кінуліся да берага, разгублена тоўпіліся, не ведалі, што рабіць. Аляксандр Аляксандравіч скінуў з сябе верхняе адзенне, валёнкі і асцярожнымі крокамі рушыў да палонкі, у якой валтузіліся трое хлапчукоў. Раптам тонкі лёд пад нагамі настаўніка гучна трэснуў і ён праваліўся па грудзі ў ледзяную ваду. Абломваючы перад сабой лёд, Валуевіч набліжаўся да палонкі. Вось ужо вада стала па шыю. Вось ён дацягнуўся рукамі да першага хлопчыка, выхапіў з вады і амаль выкінуў на лёд бліжэй да берага. Наблізіўся да другога. Вось ужо і другі выратаваны. На беразе кінуліся дапамагаць закачанеўшым дзецям. А трэці хлопчык, знясілены доўгай барацьбой з лютым холадам, ужо страціў свае апошнія сілы і павольна апускаўся да дна. Настаўніку ўдалося прыўзняць яго ногой, падхапіць за руку і выцягнуць да берага за каўнер. Тым часам спынілі сані, чым змаглі ўкуталі бедных хлапчукоў і адправілі ў бальніцу. Усе трое – Козел, Цыгель і Хілевіч – выжылі. А настаўнік пасля ледзянога купання адаграваўся і абсушваўся ў настаўніцкім пакоі…

    На заслужаным адпачынку

    Цяпер Аляксандр Аляксандравіч жыве адзін. Жонка памерла, дарослыя дочкі жывуць у іншых гарадах. Вольга працуе ў Гомелі настаўнікам матэматыкі, Алена – доктар біялагічных навук, загадчыца навуковай лабараторыі ў Мінскім інстытуце батанікі АН Рэспублікі Беларусь. Але яны стараюцца знайсці магчымасць, каб часцей наведаць бацьку, пабываць у родных мясцінах.

  Сам Аляксандр Аляксандравіч не збіраецца здавацца: заўсёды падцягнуты, энергічны, у звычайных дамашніх клапатах, усё стараецца зрабіць сам. А яшчэ ён прыемны суразмоўца.

Сярод родных і блізкіх людзей

Віншаванне з юбілеем

   Вось і апошняя старонка.

   Пазнаёміўшыся з нашым героем — Валуевічам Аляксандрам Аляксандравічам – вы, напэўна, успомніце і сваіх настаўнікаў, людзей, якіх амаль кожны дзень сустракаеце ў класе, і намаляваны партрэт Настаўніка будзе дапоўнены іх рысамі і таму стане яшчэ больш ясны і выразны.

  Роля настаўніка ў жыцці чалавека вельмі значная. Таленавітыя, неабыякавыя да чужога гора і несправядлівасці людзі выхоўваюць такіх жа таленавітых і неабыякавых вучняў.

  Вялікае шчасце сустрэць Настаўніка, які будзе вучыць дабрыні, справядлівасці, чэснасці, адказнасці. Вучыць быць Чалавекам. Вялікае шчасце – стаць настаўнікам…

   Пройдуць гады, вякі. Непазнавальным стане жыццё, знікнуць многія прафесіі, але, пакуль існуе чалавецтва, захаваецца на Зямлі высокае званне – Настаўнік.

Карта сайта