1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ВЫТОКИ ОРША КОБРИН

ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Буранков Фёдар Герасімавіч

Але праблема ў тым, што ў нашы дні мы мала ведаем пра подзвігі педагогаў. А толькі ў першыя дні вайны каля 10.000 настаўнікаў-мужчын папоўнілі шэрагі дзеючай арміі. Акрамя гэтага ў нашай краіне ў гады вайны ў партызанскіх атрадах змагалася 7185 настаўнікаў[2, 124]. Некаторыя з іх былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Многія, працуючы ў тыле, сваёй працай набліжалі Перамогу. Менавіта таму неабходна як мага больш даведацца пра гэтых людзей, педагогах-удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Мэтай нашай работы з'яўлялася сістэматызацыя, абагульненне і ўвекавечанне памяці настаўніка Буранкова Фёдара Герасімавіча, аднаго з педагогаў Беларусі — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, які працаваў да вайны ў нашай школе. Задачамі нашай работы з'яўляўся збор інфармацыі пра ўдзельніка вайны, вывучэнне біяграфіі, баявога і жыццёвага шляху ветэрана, захаванне і выкарыстанне вынікаў даследавання для азнаямлення з імі работнікаў установы, навучэнцаў, бацькоў.

Збор інфармацыі пра настаўніка-ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны аказаўся досыць складанай справай. На дадзены момант у нашым населеным пункце не засталося ніводнага ветэрана. Фёдар Герасімавіч Буранкоўпражываў у г.Століне, пайшоў з жыцця ў мінулым годзе. Мы не паспелі сустрэцца і пагаварыць з ім, але мы пастараліся сабраць усю інфармацыю аб гэтым выдатным чалавеку.

Асноўным метадам даследавання быў метад вуснай гісторыі. Праводзіліся гутаркі з Ларысай Фёдараўнай Вырко, дачкой ветэрана,былымі яго вучнямі, з якімі ўдалося звязацца ў сацыяльных сетках, з нашымі педагогамі і нядаўнімі выпускнікамі школы, якія на працягу некалькіх гадоў наведвалі ветэрана ў г. Століне і падтрымлівалі з ім сувязь. Сам Фёдар Герасімавіч падарыў настаўнікам і навучэнцам школы свае фатаграфіі, выразкі з газет, а таксама цікавыя апавяданні аб сваім нялёгкім, але багатым на падзеі жыцці, якія захаваюцца ў відэафрагментах і ў нашым праекце.

1. Юнацтва Фёдара

Фёдар Герасімавіч Буранкоў нарадзіўся ў гады разрухі і грамадзянскай вайны ў 1921 годзе. Маці хутка пасля родаў захварэла на тыф.

Жылі сціпла. Асобых кулінарных прысмакаў не было. Гатавалі на ўсю сям’ю вялікі чыгун бульбы. Хлеба не заўсёды хапала да новага ўраджаю, тады пяклі аладкі з тоўчанай бульбы з дабаўленнем мукі. Ваду пілі з крыніцы.

Да калгасаў у бацькоў была зямля ў дзесяць гектараў, коні, каровы, свінні, авечкі, куры. Такім чынам, усе прадукты харчавання атрымлівалі самі, але працавалі шмат.

У 1931 годзе сям’я Фёдара Герасімавіча ўступіла ў калгас “Чырвоная навіна”. Аддалі каня, карову, прылады працы і зямлю, за якую бацька заплаціў немалыя грошы. З дзіцячых гадоў бацькі прывучалі дзяцей пасільна працаваць. Калі Фёдару было дзесяць гадоў, ён пасвіў карову, глядзеў малодшых братоў, дапамагаў маці па гаспадарцы. А ў 14 гадоў яны з аднакласнікам у калгасе пахалі палі, праўда, за гэтую працу не плацілі, хлопцы зараблялі працадні. У старэйшых класах хадзілі на станцыю Камунары грузіць у вагоны дровы, за работу атрымлівалі неблагія грошы.

Як і ўсе яго сямёра братоў і сясцёр, Фёдар Буранкоў збіраўся працягваць спрадвечную сямейную справу працаваць на зямлі. Пасля Муравільскай сямігодкі падаў дакументы ў Клімавіцкі саўгас-тэхнікум і паспяхова вытрымаў уступныя экзамены. Але яго не залічылі на вучобу, таму што па дакументах ён меў толькі трынаццаць гадоў. У неспакойныя часы грамадзянскай вайны бацька зарэгістраваў яго ў сельсавеце на два гады маладзейшым, каб пазней пайшоў служыць у армію. У тэхнікуме параілі год-другі пачакаць з вучобай. Усхваляваны Фёдар вярнуўся дамоў і паўторна, каб не забываць школьную праграму, наведваў сёмы клас. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, разам з сябрамі хадзіў у заробкі на чыгуначную станцыю Камунары.

Працавітасць пераняў ад бацькоў і дзядоў, якім нялёгкай працай даваўся хлеб. На пачатку мінулага стагоддзя бацька Герасім Буранкоў цягніком адправіўся на заробкі ў далёкі Данбас. Працаваў шахцёрам. Удзельнічаў у масавым страйку данецкіх шахцёраў пад кіраўніцтвам вядомага бальшавіка Арцёма ў час рэвалюцыі 1905 года. Казацкія палкі разагналі страйк. Шахты закрылі. Давялося вярнуцца на родную Магілёўшчыну, былы шахцёр ажаніўся на мясцовай дзяўчыне з вёскі Царкаўшчына. У краіне пачалася сталыпінская зямельная рэформа, і маладая сям’я Буранковых паехала ў Сібір, дзе ім далі надзел у тайзе. Трэба было спілоўваць векавыя дрэвы, выкарчоўваць і асвойваць зямлю. Даймалі камарэча і мошкі[5].

Не вытрымалі ўсяго гэтага і вярнуліся ў родныя мясціны. Працавалі на зямлі, дзяцей выхоўвалі. Герасіму аднаму з першых у Касцюковіцкім раёне пасля калектывізацыі прысвоілі ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”. Сваім дзецям Герасім Іванавіч імкнуўся даць адукацыю. Пасля няўдалай спробы стаць заатэхнікам Фёдар скончыў Касцюковіцкую сярэднюю школу і, сабраўшы невялікую суму грошай, паехаў вучыцца ў Оршуна настаўніцкія курсы, хаця бацькі не падтрымалі выбар юнака.

У Аршанскімпедагагічным інстытуце рыхтавалі па скарочанай праграме настаўнікаў для заходніх абласцей Беларусі.

2. Настаўніцтва ў палескай вёсцы

У 1940 годзе прыступіў да работы настаўнікам беларускай мовы ў Давыд-Гарадокскім раёне (тады Пінскай вобласці). Настаўнічаў у глухой, забытай богам і людзьмі палескай вёсцы Лядзец, дзе толькі ўсталявалася Савецкая ўлада. Школьнікаў перавучвалі з польскай мовы на родную. Адкрылі некалькі вячэрніх класаў для пераросткаў.

З успамінаў Буранкова Ф.Г.:

Гаспадыні, у якой кватараваў і харчаваўся, плаціў сто рублёў у месяц. Атрымліваў за выкладанне ў дзённай і вячэрняй школе амаль пяцьсот рублёў. Гаспадыня гаварыла, што ў вячэрнія класы, а ў іх было па трыццаць дзяцей, хадзілі больш для таго, каб паглядзець на новага настаўніка. Не ведаю, чым я быў такі прывабны. Дысцыпліну на ўроках трымаў моцную.

Мяне здзівіла заходнебеларуская вёска. Адчуў культуру адносін паміж сялянамі. І перада мной усе здымалі шапкі, калі віталіся. Мяне запрасілі на вечарынку. Пасадзілі як паважанага госця на лаўку каля музыкаў. Пад табурэтку паслалі даматканую посцілку. Юнакі прапаноўвалі закурыць самасад, але я адмовіўся. Дзяўчаты запрашалі мяне танцаваць, але я не ўмеў і таксама адмаўляўся. Прыгожа моладзь бавіла вечары. Усе апраналіся з густам. У дзяўчат спадніцы пярэстага колеру з нашытымі атласнымі стужкамі. Юнакі ў белых ільняных портках і кашулях навыпуск з паясамі. На нагах выключна ладны абутак. Хромавыя боты ў юнакоў высокія, у дзяўчат крыху карацейшыя, мадней пашытыя, і так блішчэлі, што можна было замест люстэрка ў іх глядзецца. Апантанна скакалі польку. Такія каленцы выкідвалі і так віртуозна круціліся, што вачэй не адарваць. Пазіраў і думаў, што яны калгаснага хлеба не паспыталі! Каб пажылі, як мы, так бы не скакалі. Я ні разу не пачуў непрыстойнага слова. Нават знешне і па манерах вясковая моладзь Лядца рэзка адрознівалася ад маіх землякоў. Ні разу не бачыў п’янага.

Доўга настаўнічаць не давялося. Пасля некалькіх месяцаў працы, увосень 1940 года, Фёдара Герасімавіча прызвалі на службу ў армію.

3. Ад курсанта да інжынера-механіка

Службу праходзіў у Заходняй Украіне. Паколькі меў сярэднюю адукацыю, прапанавалі вучыцца ў ваенным вучылішчы. Каля казарм быў аэрадром, і Фёдар часта сустракаў лётчыкаў у прыгожай форме. Гэта ягозахапіла, і таму абраў Серпухаўскае тэхнічна-авіяцыйнае вучылішча, дзе і застала вайна.

Лета 41 года запомнілася на ўсё жыццё, у чэрвені пачалася Вялікая Айчынная вайна, і як доўга яна працягнецца, ніхто не ведаў. Усе былі настроены на тое, што нашы войскі дадуць годны адпор агрэсару, што гэта аперацыя будзе кароткачасовай і пераможнай. Так гаварыў зампаліт, які выступаў перад курсантамі вучылішча. Жыццё дало тады свае ўрокі…

З першых дзён вайны курсанты заняліся ўмацаваннем ваеннага аэрадрома. Капалі вакол акопы, усталёўвалі перашкоды. З паведамленняў даведваліся, што нямецкія войскі занялі ўжо Мінск, Кіеў. Чырвоная Армія адступала. Па радыё выступіў Сталін з прапановай стварыць ахоўныя атрады, задача якіх была не дапускаць панікі сярод байцоў.

З Масквы вярнуўся палкоўнік Смялькоў, які выкладаў у вучылішчы, і паведаміў пра эвакуацыю вучылішча ў казахстанскі горад Кызыларда. Больш як  тыдзень дабіраліся туды. Па дарозе выскоквалі з вагонаў на станцыях за варам, каб гарачага глынуць. У Кызылардзе размясціліся ў былой школе. Па скарочанай праграме атрымалі дыпломы інжынераў-механікаў авіяцыйнай знішчальнай службы. Многіх выпускнікоў адправілі на фронт, а Фёдара Буранкова накіравалі ў Кіргізію на ваенны аэрадром у вёсцы Георгіеўка. Там базіраваліся ваенныя самалёты. Туды ж перавялі і адэскую лётную школу, курсантаў якой учарашнія выпускнікі вучылішча сталі вучыць абслугоўванню ваенных самалётаў[5].

Разам з вопытным штурманам янынавучалі па дзесяць курсантаў. Паўгода адводзілася на абучэнне, а затым курсантаў адпраўлялі на фронт.  Са слоў Фёдара Герасімавіча, працуючы з лётчыкам-інструктарам, яны за перыяд працы навучылі і выпусцілі 43 лётчыкі для самалёта-знішчальніка ЯК-9, шасці з якіх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.  З Георгіеўкі Фёдара перавялі ў кіргізскі пасёлак Лугавая.

Не раз у Фёдара Герасімавіча ўзнікала жаданне адправіцца на фронт, дзе вырашаўся лёс краіны.

З успамінаў ветэрана:

— Патрыятызм быў моцны. У душы мучыўся ад таго, што мае равеснікі змагаюцца з ворагам на франтах, а я ў тыле. Некалькі разоў звяртаўся ў ваенкамат. Мяне астудзіў ваенны ўрач, які вярнуўся з фронту без нагі. Пераконваў, што мае прафесійныя веды і вопыт пераймаюць іншыя, і іх удзел у вызваленні краіны ад ворагаў дасць большы эфект, чым мой асабісты ў ролі радавога салдата. Гэта на мяне падзейнічала, і я з большым азартам узяўся за справу падрыхтоўкі ваенных авіяцыйных спецыялістаў.

Лёс распарадзіўся так прайсці яму вайну. Як толькі пачуў па радыё ў верасні 1943 года, што Хоцімскі, Клімавіцкі і яго, Касцюковіцкі, раёны вызвалены ад нямецка-фашысцкіх акупантаў, адразу напісаў пісьмо родным. Трывожыўся за іх лёс. Прасіў, хто прачытае пісьмо, каб напісалі яму. Цікавіўся пра лёс дзяўчыны Марыі, з якой да вайны сустракаўся. Доўга не было адказу. Рукі дрыжэлі, сэрца тарахцела, калі паштальён прынёс папяровы трохкутнік. Кінуўся прагна глытаць напісанае. Бацька паведамляў, што ўсе жывыя, але хата згарэла. Сясцёр не стала яшчэ да вайны, а два меншыя браты Іван і Аляксандр пры бацьках засталіся. Старэйшы брат Павел ваяваў у Чырвонай Арміі. Бацькі перайшлі жыць у дом да братавай жонкі. І ні слова пра дзяўчыну Марыю. У сваім пісьме Фёдар расказаў, чым займаўся ў тыле. 

На пытанне, ці цяжка было ў глыбокім тыле, ветэран распавядаў:

— Трымалася ваенная дысцыпліна. Працавалі ўзмоцнена. Харчаваліся ў сталоўцы. Выхадных не мелі. Шмат увагі і часу надавалі падрыхтоўцы маладых авіяцыйных спецыялістаў. Не забуду свайго курсанта Аляксандра, які ў час выканання «мёртвай пятлі» падняўся ў неба і з зямлі  атрымаў па радыё каманду набраць вышыню. Выйшаў на зададзеныя параметры, зрабіў піке і павінен быў набраць хуткасць, каб узняцца ўверх. Але не змог справіцца з кіраваннем самалётам, рэзка пайшоў уніз і сутыкнуўся з зямлёю. Балюча было бачыць, як на вачах ён загінуў. Імгненне — і чалавека не стала. Бацькам на Украіну адправілі пахаванку. Спецыяльная камісія дасканала вывучала прычыну трагедыі. Мяне пазбавілі права абучаць курсантаў. Збіраліся паказанні сведкаў трагедыі. Высветлілася, што маёй віны ў трагедыі не было, і дазволілі далей абучаць курсантаў.

Кіраваць самалётам — справа даволі складаная. На жаль, гінулі курсанты па-рознаму. Адзін выконваў заданне праляцець на брыючым палёце, але зачапіўся за тэлеграфныя правады, кульнуўся і загінуў.

Прымаў удзел у пералётах і сам Фёдар Герасімавіч. Каля аднаго аэрадрома стаялі казармы курсантаў, а на другім, за сто кіламетраў, вучылі лятаць. Разам са штурманам пераляталі на аэрадром, дзе праводзіліся практычныя заняткі. Курсантаў туды дастаўлялі на аўтамашынах. Лётчык садзіўся за штурвал, Фёдар за ім — і ўзляталі. Прасіў яго дазволу паспрабаваць кіраваць машынай. У яго нядрэнна атрымлівалася. Налаўчыўся мякка садзіць самалёт на аэрадром. Але сам не рызыкаваў пераганяць. 

Інструктары слухалі зводкі Савінфармбюро пра падзеі на франтах. Радаваліся вызваленню гарадоў і вёсак. Асабліва чакаў Фёдар Герасімавіч звестак з беларускай зямлі. Слухаў па радыё пра партызанскі парад у ліпені 1944 года ў Мінску.

Пра перамогу ў маі 1945 года даведаўся каля вайсковай сталоўкі, куды ішоў абедаць. На парозе сустрэў жанчыну з бутэлькай гарэлкі ў руцэ. Яна на яго здзіўленне адказала, што купіла гарэлку, каб адзначыць Перамогу. У той дзень адмянілі палёты, і ўсе радаваліся. 

4. Вяртанне дадому

З чамаданам солі, якую каля аэрадрома здабывалі, Фёдар адправіўся ў Маскву. Там прадаў яе і купіў білет дамоў. Прыехаў на станцыю Камунары, а адтуль пешшу — у роднае Пушкова. 

Як падышоў да свайго падворка, яго ўбачылі жанчыны і сталі прычытаць, што Буранковы ўсе жывыя вярнуліся з фронту, а іх родныя загінулі. Маці пачула праз акно і выбегла з хаты, за рукаў схапіла сына — і ў сенцы хутчэй. Накрыла на стол. І тут у хату зайшла суседка з запрашэннем на вяселле дачкі Марыі, з якой юнак сустракаўся да вайны. Прыгажуня на ўсю вёску. Жаніх яе ў вайну быў афіцэрам,  атрымаў раненне і дамоў вярнуўся раней за ўсіх. Твар яго быў пакалечаны. На вяселлі Фёдара пасадзілі насупраць маладых. Марыя прагна глядзела на яго прыгожую лётчыцкую форму. Музыкі заігралі «Барыню». Фёдар ускочыў і стаў так вінціць нагамі, што ўсё вяселле глядзела. Пасля танцаў нявесту павялі ў хату жаніха. Марыя нагнулася да Фёдара і папрасіла, каб забраў яе з вяселля[3].

Але сумленне не дазволіла.  Жаніх быў сваяком. Яна ў той вечар сама ўцякла і больш у вёску не вярнулася. Вяселле сарвалася. Марыя доўга яшчэ пісьмы Фёдару пісала са Смаленшчыны і запрашала прыехаць.

5. Жыццё пасля вайны

Пасля дэмабілізацыі Фёдар Герасімавіч Буранкоў пайшоў працаваць настаўнікам Муравільскай школы. У 1946 годзе пайшоў вучыцца ў Аршанскі настаўніцкі інстытут на завочным аддзяленні рускай мовы і літаратуры.

Пасляваенны час – гэта разбураная народная гаспадарка, хлеб па картачках, дэфіцыт самых неабходных рэчаў, прадуктаў харчавання, але пакаленне Фёдара Герасімавіча настойліва працавала, ваявала і перамагло ў самай жорсткай вайне!

Маладому чалавеку хацелася хутчэй атрымаць адукацыю і пайсці на працу, прыносіць карысць вызваленай і знясіленай роднай краіне.

Жонкай Фёдара Герасімавіча ў 1950 годзе стала аднакласніца Надзея Кутузава, з якой пражылі разам шэсцьдзясят гадоў. Амаль паўвека настаўнічалі. Фёдар Герасімавіч быў дырэктарам розных вясковых школ Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, дзіцячага дома, кіраваў сельсаветам. У Дзяляцічах будаваў школу. За работу ў гэты час атрымаў званне “Выдатнік народнай асветы”.

Пасля вяртання на радзіму зноў будаваў школу ў вёсцы Брацькавічы Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Пры ім былі ўзведзены пяць будынкаў гэтай школы. І з сямігодкі школа стала сярэдняй. Педагагічны стаж Фёдара Герасімавіча налічвае 45 гадоў, а агульны – 52 гады. Увесь час ён павышаў сваю адукацыю. Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут, універсітэт марксізму-ленінізму ў Мінску. Сярод узнагарод значыцца і Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі, а таксамашэраг юбілейных узнагарод, прысвечаных розным гадавінам Вялікай Перамогі і ўзброеных сіл.

Разам з жонкай выхавалі дваіх дзяцей. На пенсію пайшоў у 1990 годзе ў 69 гадоў. Сын Аляксандр стаў доктарам фізіка-матэматычных навук, працуе і жыве ў Германіі.Дачка Ларыса скончыла Тэхналагічны інстытут і да пенсіі працавала галоўным інжынерам на мэблевай фабрыцы, зараз займаецца літаратурнай дзейнасцю, выдала некалькі сваіх кніг, жыве ў г.Століне. Да апошніх дзён даглядала аўдавелага бацьку, што жыў клопатамі пра сваю вялікую сям’ю, якая пашыраецца ўнукамі і праўнукамі. Па традыцыі штогод у Дзень Перамогі  ўсе збіраліся разам, каб павіншаваць Фёдара Герасімавіча з яго самым дарагім святам, у якім ёсць і яго тылавы ўклад.Дзень Перамогі 2018 года стаў у яго жыцці апошнім. Зусім мала Фёдар Герасімавіч Буранкоў не дажыў да свайго 97-годдзя.

Заключэнне

Педагогі, якія прайшлі праз вайну, з'яўляліся і застаюцца сімвалам стойкасці і гераізму для дзяцей розных пакаленняў. Яны вельмі хацелі жыць, чакалі і верылі ў будучы свет, прайшоўшы страшную вайну! І за тых, хто загінуў, яны імкнуліся даць веды і перадаць свой асабісты вопыт, апалены вайной.

Лёс усіх людзей ваеннага пакалення адлічваецца ад Вялікай Айчыннай вайны. Гэта падзея падзяліла дваццаты век на да і пасля вайны. Тыя людзі, якія прыйшлі ў школы, неслі ў сабе мудрасць свету – боль за загінуўшых, нянавісць да ворага-агрэсару, фашызму, упэўненасць у перамозе, рашучасць адстаяць Радзіму-маці, павагу і ўдзячнасць тым, хто, застаючыся ў тыле, працягваў жыць, лячыць, вучыць, рыхтаваць усё для фронту і перамогі.

Адным з самых галоўных стымулаў у педагогіцы з'яўляецца асабісты прыклад. Вопыт, які атрымалі педагогі ў вайне, дазваляў на ўласным прыкладзе, найбольш дакладна данесці да дзяцей усе неабходныя маральна-грамадзянскія і ваенна-патрыятычныя веды, неабходныя для выхавання будучага пакалення – грамадзяніна і абаронцу сваёй Радзімы.

Сабраныя аўтабіяграфічныя звесткі пра ветэранаў, асабістыя якасці кожнага ветэрана, працоўныя справы з'яўляюцца вельмі добрым станоўчым прыкладам у выхаванні падрастаючага пакалення. Сваю даследчую работу мы лічым карыснай, так як сабраная інфармацыя папоўніць школьны музей, дапаможа настаўнікам у арганізацыі пазакласнай работы па патрыятычным выхаванні моладзі, захавае памяць аб педагогах-ветэранах.

У выніку даследавання мы прыйшлі да вываду, што высокія якасці самаахвярнасці і гуманізму, характэрныя для работнікаў адукацыі, з асобай сілай выявіліся ў ходзе ваенных дзеянняў на фронце і ў тыле. Педагогі з'яўляліся актыўным звяном усенароднай барацьбы супраць агрэсараў, удзельнічаючы ў партызанскім руху і падпольнай працы, на фронце і ў тыле.

Выхаванне моладзі на прыкладах гісторыі (у дадзеным выпадку, прыкладам гісторыі з'яўляецца наш ветэран-настаўнік), далучэнне яе да вопыту папярэдніх пакаленняў з'яўляецца асноўнай умовай фарміравання сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй Айчыны.

Карта сайта