1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ВЫТОКИ ОРША КОБРИН

ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Нацэлены на вынік

Гісторыя Брэсцкай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пачалася ў далёкім 1948 годзе. За гэты час яна стала аўтарытэтным сацыяльным партнёрам, уплывовым саюзнікам і надзейным памочнікам у абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў педагогаў. Пра дзейнасць абласной арганізацыі галіновага прафсаюза расказвае яе старшыня Іван Іванавіч Васіленка:

— У сваім развіцці наша арганізацыя прайшла плённы шлях. Калі ў 1948 годзе колькасць членаў галіновага прафсаюза складала ўсяго каля 3,2 тысячы чалавек, то сёння — больш за 79 тысяч (амаль 98% работнікаў адукацыйнай галіны). Значны ўклад у станаўленне і ўмацаванне абласной арганізацыі прафсаюза, удасканаленне і павышэнне эфектыўнасці прафсаюзнай дзейнасці на розных узроўнях, развіццё сацыяльнага партнёрства ўнеслі яе папярэднія кіраўнікі: Георгій Мікалаевіч Вакульчык, Вікторыя Канстанцінаўна Бялевіч, Эдуард Міхайлавіч Зімавец, Міхаіл Іосіфавіч Шэстак, Іван Сідаравіч Сямёнаў, Ніна Цімафееўна Грычанок, Антон Іванавіч Заяц, Мікалай Канстанцінавіч Коўш і Віктар Андрэевіч Харытановіч.

У складзе абласной арганізацыі галіновага прафсаюза сёння 1098 пярвічак. Брэсцкі абкам прафсаюза ніколі не заставаўся ўбаку ад вырашэння праблемных пытанняў, для чаго неаднаразова звяртаўся па тлумачэнні ці ўносіў прапановы ў вышэйстаячыя прафсаюзныя органы, міністэрствы адукацыі, працы і сацыяльнай абароны, Савет Міністраў, Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Звароты тычыліся аплаты працы, афармлення працоўных адносін з асобнымі катэгорыямі работнікаў, іх рэжыму работы, кантрактнай формы найму, працягласці працоўных адпачынкаў, прафесійнага пенсійнага страхавання, атэстацыі педагогаў, парадку выплаты дапамогі па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах і інш. Акрамя таго, звароты ўтрымлівалі прапановы па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у нарматыўныя прававыя акты па павышэнні статусу педагогаў і паляпшэнні іх сацыяльна-эканамічнага становішча. У шэрагу выпадкаў мы знаходзілі падтрымку і разуменне, наша меркаванне ўлічвалася.

Дзякуючы актыўнаму развіццю сацыяльнага партнёрства, вырашаюцца галоўныя задачы прафсаюзнай дзейнасці: павелічэнне заробкаў, забеспячэнне занятасці, выкананне законных правоў работнікаў, бяспечных умоў і аховы працы. Абласное галіновае пагадненне — прагрэсіўны і збалансаваны дакумент, які пацвярджае канструктыўны дыялог сістэмы адукацыі і прафсаюза. Ён ляжыць у аснове калектыўных дагавораў, галіновых пагадненняў у раёнах, калектыўных дагавораў ва ўстановах адукацыі. Паспяхова працуе абласны галіновы Савет па працоўных і сацыяльных спрэчках.

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі, пярвічных прафсаюзных арганізацый і рэгіянальных аддзелаў па адукацыі нясуць салідарную адказнасць за становішча ў калектывах, выкананне дамоўленасцей і абавязацельстваў. Радуе, што паміж сацыяльнымі партнёрамі ёсць поўнае паразуменне і жаданне працаваць на вынік.

З мэтай забеспячэння членаў прафсаюза неабходнымі ведамі па сацыяльна-эканамічных і прававых пытаннях працоўных адносін рэгулярна праводзіцца вучоба прафактыву. Штогод намаганнямі абласнога, гарадскіх і раённых камітэтаў прафсаюза навучаюцца больш за 14 тысяч прафсаюзных актывістаў.

Прафсаюзны рух Брэстчыны адметны сваімі традыцыямі. Так, абкам з’яўляецца ініцыятарам правядзення дзён сацыяльнага парт­нёрства. Яны праводзяцца з 2005 года з удзе­лам супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, аддзелаў па адукацыі рай(гар)выканкамаў, абкама, райкамаў і гаркамаў прафсаюза і прадугледжваюць падвядзенне вынікаў выканання пагадненняў і калектыўных дагавораў, навучанне кіраўнікоў устаноў і прафактыву, сустрэчы ў працоўных калектывах, прыёмы па асабістых пытаннях.

Аналізаваць выкананне заканадаўства аб працы і ахове працы, стан калектыўна-дагаворных адносін і работу па забеспячэнні правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза дазваля­юць абласны і рэгіянальныя агляды-конкурсы на лепшую арганізацыю сацыяльнага партнёр­ства сярод аддзелаў па адукацыі, устаноў адукацыі і адпаведных камітэтаў прафсаюза.

З 2004 года працуе сайт абласной арганізацыі прафсаюза. Штоквартальна ў раённых і гарадскіх прафсаюзных арганізацыях право­дзяцца дні прафсаюзнай інфармацыі, што да­зваляе рэгулярна і сістэмна інфармаваць членаў прафсаюза пра дзеянні прафсаюзных органаў.

У абкаме аформлена кніга пашаны абласной прафсаюзнай арганізацыі, куды заносяцца імёны лепшых актывістаў прафсаюзнага руху, ветэранаў педагагічнай працы Брэстчыны. Электронны варыянт кнігі размешчаны на сайце абкама. Гэта вельмі важна, бо пабудаваць і ўдасканаліць штосьці новае можна толькі з улікам вопыту папярэднікаў. Мы ганарымся сваімі калегамі, членамі прафсаюза, прафактывам і прафсаюзнымі лідарамі. Многія кіраўнікі ўстаноў адукацыі да сваіх назначэнняў з’яўляліся прафсаюзнымі лідарамі ў калектывах.

Пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў адукацыі і прафсаюзныя лідары вобласці станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў на лепшую арганізацыю работы сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый галіновага прафсаюза, пярвічных прафсаюзных арганізацый у рабоце па эканоміі энергарэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў, на лепшае ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы і на лепшы калектыўны дагавор, а таксама конкурсаў “Прафсаюзны лідар”, “Студэнцкая сям’я”, на лепшае асвятленне дзейнасці галіновага прафсаюза ў СМІ, рэспубліканскіх фестываляў творчасці.

Сёння ў прафсаюзнай рабоце найбольш актуальныя праблемы сацыяльна-прававой і прафесійнай абароны, пытанні аховы працы. Сучасныя ўмовы прад’яўляюць высокія патрабаванні да кампетэнтнасці прафактыву, найперш кіраўнікоў выбарных прафсаюзных органаў, бо жыццяздольнасць пярвічак і прафсаюза ў цэлым вызначае якасная кадравая палітыка. Наша задача — годна прадстаўляць і па­слядоўна абараняць інтарэсы работнікаў адукацыйнай галіны.

Вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням, звязаным з аздараўленнем педагогаў у прафсаюзных санаторыях, рабоце з моладдзю праз дзейнасць рэгіянальных маладзёжных саветаў абласной прафсаюзнай арганізацыі, сумесны ўдзел у акцыях, конкурсах і мерапрыем­ствах, матэрыяльную падтрымку прафсаюзных актывістаў. У цэнтры ўвагі таксама дзей­насць абласнога Савета ветэранаў працы сістэмы адукацыі і абласной ветэранскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае больш за 12 тысяч чалавек, турыстычна-экскурсійная, культурна-масавая, фізкультурна-аздараўленчая і дабрачынная работа. Заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж абласной прафсаюзнай арганізацыяй і Святошынскай раённай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў адукацыі і навукі Кіева (Украіна), Валынскай абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Украі­ны, Тэрытарыяльнай прафсаюзнай арганізацыяй устаноў гарадской сістэмы адукацыі Масквы.

Запісаў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Источник

Карта сайта