1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39
ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Шафранскі Ігнат Мацвеевіч

Бацька яго памёр рана. Маці Ігната засталася з адна шасцю малымі дзецьмі. Жылося цяжка, але яна заўсёды марыла пра тое, каб дочкі і сыны атрымалі добрую і надзейную прафесію. У 1911-1915 гг. Ігнат вучыўся ў двухкласнай (чатырохгадовай) царкоўна-прыходскай школе. 3 задавальненнем ён наведваў заняткі, добра вучыўся, дапамагаў маці па гаспадарцы, з асаблівай цеплынёй і любоўю адносіўся да малодшай сястры Пелагеі. У пачатку 1920-х гг. скончыў 7 класаў мясцовай школы, затым паступіў у педагагічны тэхнікум у Мсціслаўлі. Пасля яго заканчэння працаваў настаўнікам пачатковых класаў у  в. Багданава на Віцебшчыне.

1920-1930-я гг з’явіліся перыядам станаўлення характару I. М. Шафранскага. У студзені 1926 года па Ленінскім прызыве ён становіцца членам Камуністычнай партыі. Пазней прыйшлося падацца на заробкі ў Ленінград. Працаваў на будоўлі. У 1933 годзе паступіў у Ленінградскі педагагічны інстытут імя Герцэна на вячэрнее аддзяленне. Галоўнае багацце, якое Ігнат Шафранскі імкнуўся набываць і цаніў вышэй за ўсё, – гэта веды. Можна сабе ўявіць, якую прагу да навукі, сілу волі патрэбна было мець, каб сумяшчаць працу на будоўлі з вучобай. Малады чалавек актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх гуртках, навуковых канферэнцыях, спасцігаў сакрэты педагагічнай справ, а ў 1937 г. атрымаў дыплом па кваліфікацыі “настаўнік гісторыі і грамадазнаўства”. У гэтым жа годзе Ігнат стварае сям’ю. Абранніцай стала зямлячка, яго былая вучаніца, Алена Васілеўская, студэнтка прыродазнаўчага факультэта педагагічнага інстытута. Па дзяржаўным размеркаванні Ігнат едзе ў Пскоўскую вобласць, дзе пачынае працу настаўніка гісторыі ў сямігодцы ў в. Стругі Красныя. Працуе старанна, актыўна ўдзельнічае ў жыцці школы і раёна. Праз некаторы час вяртаецца ў Ленінград, дзе ўладкоўваецца ў сярэднюю школу на месца настаўніка гісторыі. Паміж мужам і жонкай Шафранскімі пануюць каханне, узаемная павага і дапамога. Інтарэсы блзкіх у Ігната заўсёды былі вышэйшыя за асабістыя.

У лістападзе 1939 г. калі пачалася савецка-фінская вайна, Ігната Шафранскага прызываюць у рабоча-сялянскую Чырвоную Армію, а вясной 1940 г. у маладой сям’і Шафранскіх нарадзілася дачка Валерыя.

3 самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ігнат Мацвеевіч быў прызваны на фронт. Змагаўся з ненавісным ворагам на Варонежскім, а затым на І-ым Украінскім фронце. Абараняў Маскву, удзельнічаў у парадзе на Краснай плошчы 7 лістапада 1941 г. Удзельнічаў у Курскай бітве, вызваляў Украіну, Чэхаславакію, Аўстрыю, штурмаваў Берлін. Савецкія воіны ў Берлінскай аперацыі праявілі адвагу, гераізм і высокае майстэрства. Поспехі нашых войск былі высока ацэнены савецкім урадам. Сярод узнагароджаных – і старшы лейтэнант Ігнат Мацвеевіч Шафранскі. Акрамя ордэна Чырвонай Зоркі, Ігнат Мацвеевіч таксама быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За вызваленне Прагі”, “За ўзяцце Берліна”.

Пасля дэмабілізацыі старшы лейтэнант I. М. Шафранскі вяртаецца на радзіму, дзе яго з вялікім нецярпеннем чакалі жонка Алена з пяцігадовай дачушкай Валерыяй. Колькі было радасці, шчасця, што жывы, здаровы, не пакалечаны!.. Здавалася, што наперадзе доўгае і шчаслівае жыццё. У той час вялікую патрэбу ў настаўніках адчувалі раёны Заходняй Беларусі. У 1946 г. Ігната накіравалі працаваць дырэктарам сямігадовай школы ў Брэсцкую вобласць. Тут ён зарэкамендаваў сябе як удумлівы педагог і добры арганізатар школьнай справы.

У канцы 1940-х гадоў урад рэспублікі ставіць задачу павялічыць колькасць сярэдніх школ у сельскай мясцовасці. У чэрвені 1948 года Лідскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб пераўтварэнні Бердаўскай сямігодкі ў сярэднюю школу. Гэта была першая сельская сярэдняя школа ў Лідскім раёне.

У тым жа 1948 годзе Ігнат Мацвеевіч Шафранскі атрымаў накіраванне на працу ў Лідскі раён Гродзенскай вобласці. Пазнаёміўшыся з дакументамі новага работніка, у раённым аддзеле адукацыі I. М. Шафранскага назначылі на пасаду дырэктара толькі што створанай Бердаўскай сярэдняй школы. Васіль Віктаравіч Рынковіч, які да гэтага часу з'яўляўся дырэктарам Бердаўскай сямігодкі, быў прызначаны намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. На той час у школе працавалі дванаццаць настаўнікаў. І толькі два педагогі з іх  мелі вышэйшую адукацыю – сам дырэктар і настаўнік біялогіі Вера Андрэеўна Рудзеня.

1 верасня 1948 года Бердаўская сярэдняя школа прыняла ў 8 клас 15 юнакоў і дзяўчат. Галоўнае, што вылучала гэтых заўчасна пасталеўшых маладых людзей – прага да вучобы, да ведаў і вялікая адказнасць. З гэткай жа вялікай адказнасцю прыступае да сваіх абавязкаў і новы дырэктар. Шмат клопатаў было па ўмацаванні матэрыяльнай базы: школа размяшчалася ў чатырох невялікіх будынках, але вучнёўскіх месцаў не хапала. Неабходна было ўзвесці новыя будынкі. Не хапала самага неабходнага для наладжвання паўнавартаснага вучэбнага працэсу. Дырэктар павінен быў забяспечыць навучальную ўстанову усім неабходным: арганізаваць выраб школьнай мэблі ў вясковага столяра, атрымаць у раёне вучэбныя дапаможнікі і нагляднасць, правесці пабелку класных пакояў, адрамантаваць печы, назапасіць на зіму паліва…

На працягу сямі гадоў Ігнат Мацвеевіч Шафранскі займаў пасаду дырэктара Бердаўскай сярэдняй школы. Няпросты і неспакойны быў гэты час. У лясах хаваліся бандыты, якія ўчынялі тэрарыстычныя акты ў адносінах да мірнага насельніцтва: вясковай інтэлігенцыі, кіраўнікоў сельсаветаў, работнікаў праваахоўных органаў, актывістаў. У раённым ваенкамаце дырэктару школы выдалі вінтоўку, і штовечар ён зараджаў яе і ставіў ў кут пакоя…

Ігнат Мацвеевіч разумеў, што школа – гэта жывы арганізм. Рух наперад, яе ўдасканальванне залежыць ад бесперапыннага ўнутранага жыцця, патрабуе строгай арганізацыі. Адказнасць за гэта кладзецца на плечы кіраўніка – дырэктара школы, думкі і пачуцці якога скіраваны на росквіт яго тварэння.

Нягледзячы на пасляваенныя цяжкасці, нястачу, слабую матэрыяльную базу, настаўнікі і вучні з аптымізмам глядзелі ўперад, яны верылі, што настануць лепшыя часы.

У лютым 1949 года, па ініцыятыве дырэктара школы пад кіраўніцтвам настаўніцы Марыі Ермалаеўны Кучынскай ствараецца першая ў раёне школьная камсамольская арганізацыя. Колькі цікавых спраў было на рахунку ў камсамольцаў! Гэта яны пад кіраўніцтвам настаўнікаў ладзілі спектаклі і канцэрты мастацкай самадзейнасці, даглядалі брацкую магілу, праводзілі шэфскую работу, арганізоўвалі паходы і іншыя справы. Да таго ж дырэктар і настаўнікі ў той час на вёсцы сеялі не толькі разумнае і вечнае, але з’яўляліся праваднікамі палітыкі Камуністычнай партыі. Агітавалі за калгасы, дзяржаўны заём, удзельнічалі ў працы камісій на выбарах у прадстаўнічыя органы ўлады, рабілі насценныя газеты, афармлялі баявыя лісткі і пісалі, здаралася, калектыўныя пісьмы таварышу Сталіну.

Першы выпуск сярэдняй школы адбыўся 22 чэрвеня 1951 года. 15 юнакоў і дзяўчат атрымалі атэстаты сталасці. Пазней усе яны скончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы і плённа працавалі ў розных сферах народнай гаспадаркі.

У 1953 годзе школа стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу прышкольных вучэбна-вопытных участкаў. Загадчыца ўчастка Алена Васільеўна Васілеўская, жонка Ігната Мацвеевіча, была прэміравана турыстычнай паездкай у Маскву на ВДНГ СССР. Выпускнік школы 1951 года С. П. Кучынскі, ужо з’яўляючыся студэнтам Мінскага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры, тры гады запар (1953, 1954 і 1955) з’яўляўся чэмпіёнам рэспублікі ў сваёй вазе па вольнай барацьбе.

У 1950-я гг. адбываюцца істотныя змены ў дзяржаўнай адукацыі. Здзяйсняецца пераход да навучання з сямігадовага узросту. Плата ж за навучанне ў сярэдняй школе адмяняецца. Павялічваецца заробак педагагічных работнікаў. Усе гэтыя пазітыўныя змены ў адукацыі сустракаюцца дырэктарам і педагагічным калектывам з вялікім энтузіязмам і радасцю.

Складаны жыццёвы шлях прайшоў Ігнат Мацвеевіч Шафранскі. Селянін, рабочы, настаўнік, дырэктар школы, разам з савецкім народам абараняў Бацькаўшчыну ад нацысцкай навалы, аднаўляў разбураную вайной народную гаспадарку рэспублікі, працаваў на адказнай пасадзе. Першага дырэктара Бердаўскай сярэдняй школы ведалі як здольнага гісторыка, шчырага, дабразычлівага чалавека. Яго любілі дзеці і калегі. На жаль, нядоўгім быў зямны шлях Ігната Мацвеевіча Шафранскага – усяго 53 гады (1902-1955). Нялёгкае жыццё, ваеннае ліхалецце, раненне – усё гэта падарвала здароўе маладога мужчыны. Але памяць аб асобе вымяраецца не гадамі жыцця, а справай, якая працягвае развівацца і ўдасканальвацца ў Бердаўцы і сёння. 65 гадоў мінула з таго часу, як пайшоў з жыцця Ігнат Мацвеевіч Шафранскі, але яго вобраз жыве ў сэрцах родных яму людзей – дачкі Валерыі, якая таксама прайшла бацькоўскі шлях педагога, настаўніка гісторыі, зяця Мечыслава і ўнучак Марыны і Вольгі. Памяць пра I. М. Шафранскага, яго вобраз інтэлігента і сціплага чалавека ўвекавечаны і ў экспазіцыі Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея.

Шафранскі І.М. Аўстрыя,Вена_1945 год

Шафранскі І.М. з жонкай Аленай і з дачкой Валерыяй_1940 год_г.Ленінград

Шафранскі І.М. з жонкай_1936 год

Карта сайта