Глыбінныя карані радаводу Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі бяруць пачатак з канца XІX — пачатку XX стагоддзя, калі ў настаўніцкім асяроддзі сталі ўтварацца прафесійныя суполкі. У сувязі з забаронай да 1905—1907 гг. любой незалежнай ад улады палітычнай і грамадскай дзейнасці першыя прафсаюзныя аб’яднанні былі нелегальнымі альбо дзейнічалі ў якасці кас узаемадапамогі, дабрачынных арганізацый і г.д. На настаўніцкіх курсах у настаўніцкім асяроддзі часта ўзнікалі не толькі ідэі арганізацыі, уз’яднання, згуртавання, але і ствараліся прафсаюзныя гурткі.
У гэты перыяд утвараліся, аказвалі неабходную дапамогу педагогам (грашовую, у тым ліку і на лячэнне, аздараўленне, прафесійную адукацыю дзяцей настаўнікаў; прадастаўленне ім інтэрнатаў на перыяд навучання, арганізацыя санаторнага лячэння педагогаў і г.д.) таварыствы ўзаемадапамогі настаўнікаў народных вучылішчаў Віленскай (1899), Віцебскай (1897), Гродзенскай (1899), Мінскай (1901) і Магілёўскай (1900) губерняў. Сродкі ў таварыствы паступалі не толькі за кошт узносаў і добраахвотных ахвяраванняў, але і ад гарадскіх упраў. Ужо тады такія таварыствы да ліку “слабых месцаў сумленнага работніка, народнага настаўніка” адносілі “поўнае няведанне імі сваіх правоў і абсалютную бездапаможнасць у вырашэнні пытанняў, якія ставіць жыццё”. Гэта, а таксама неабходнасць кансалідацыі настаўніцтва, падштурхнула да правядзення ў 1903 годзе Усерасійскага з’езда таварыстваў узаемадапамогі. З мэтай паляпшэння ўмоў працы настаўнікаў, павышэння ўзроўню іх адукацыі і ўмацавання настаўніцкіх аб’яднанняў на з’ездзе было прынята рашэнне аб падрыхтоўцы Статута Усерасійскага саюза настаўніцкіх таварыстваў.
Працэс развіцця прафсаюзнага руху ў асяроддзі педагогаў актывізаваўся пад уплывам нарастаючага рабочага руху, у сувязі з драматычнымі падзеямі першай рэвалюцыі ў Расіі. У 1905 годзе на Устаноўчым з’ездзе было абвешчана стварэнне Усерасійскага саюза настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі. Фактычна быў створаны Прафесійны саюз настаўнікаў і дзеячаў народнай адукацыі.
Уздым актыўнасці прафесійнага руху педагогаў Беларусі прыпаў на 1906 год. 13 чэрвеня на губернскім з’ездзе настаўнікаў у Віцебску, на якім прысутнічалі больш за 300 дэлегатаў, быў створаны настаўніцкі саюз, выбраны дэлегаты на Усерасійскі з’езд настаўнікаў. У сяле Мікалаеўшчына Мінскага павета збіраецца першы настаўніцкі з’езд Мінскай губерні, які паклаў пачатак стварэнню настаўніцкага саюза ў Мінскай губерні. Сход быў нешматлюдны, праводзіўся нелегальна і быў разагнаны паліцыяй пасля прыняцця статута, які ставіў не толькі прафесійныя, але і палітычныя мэты.
Адзін з арганізатараў з’езда — будучы класік і народны паэт Беларусі Якуб Колас (К.Міцкевіч). У жніўні адбыўся другі з’езд саюза ў Мінску. Ён быў скліканы пры ўдзеле сацыялістычных арганізацый. Пасля большасць яго ўдзельнікаў была заключана пад варту Віленскай судовай палатай. І гэта толькі найбольш яскравыя прыклады працэсаў, што адбываліся ў настаўніцкім асяроддзі ў той перыяд.
У аб’яднанні сваіх намаганняў дэмакратычна скіраваная педагагічная грамадскасць бачыла галоўную ўмову заваявання элементарных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных правоў і свабод, паляпшэння ўмоў жыцця работнікаў сферы адукацыі.
Да канца мая 1907 года на тэрыторыі пяці губерняў Беларусі існаваў 101 прафсаюз, якія аб’ядноўвалі 14 533 члены. Сярод іх значнае месца занялі настаўніцкія саюзы. Вымушаны лічыцца з ростам прафсаюзнага руху, царызм рабіў усё, каб не дапусціць яго развіцця ўшыркі і ўглыб, максімальна абмяжоўваючы як правы, так і саму магчымасць стварэння прафсаюзаў. Да 1917 года прафесійныя аб’яднанні педагогаў мелі схаваныя формы (педагагічныя таварыствы, касы ўзаемадапамогі), але ахоплівалі ўжо больш значныя колы настаўніцтва. Такія аб’яднанні нярэдка закрываліся ўладамі пры першым жа падазрэнні на нелегальную дзейнасць.
Перыяд легалізацыі, уздыму прафсаюзнага руху ў Беларусі — 1917 год, калі з падзеннем самадзяржаўя ў буйных гарадах сталі стварацца саюзы па прафесіі, а ў невялікіх гарадах і мястэчках — аб’яднаныя прафсаюзныя арганізацыі. Гэта азначала наступленне ў прафсаюзным руху этапу арганізацыі і дзейнасці масавых, легальна дзеючых прафсаюзаў. Дзякуючы намаганням прафсаюзаў, з’яўляюцца калектыўныя дамовы з трымальнікамі прыватных навучальных устаноў, якія рэгулявалі пытанні нармавання, аплаты працы. Цяжкі перыяд нямецкай і польскай акупацыі 1918 года характэрны шматграннасцю настаўніцкіх арганізацый па цэхавых і нацыянальных прыкметах (саюзы настаўнікаў прыходскіх вучылішч, настаўнікаў-беларусаў, настаўнікаў-яўрэяў і інш.).
У галіновым прафсаюзным летазлічэнні зыходнымі сталі дзве значныя падзеі: у ліпені 1919 года было арганізацыйна аформлена стварэнне Усерасійскага саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры. Увосень 1920 года ў Мінску створана Часовае праўленне саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, якое правяло падрыхтоўчую работу па скліканні з’езда, што адбыўся 8—11 студзеня 1921 года. Менавіта з гэтага з’езда фактычна вядзецца адлік гісторыі галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі.
З 1922 па 1934 год прафсаюз работнікаў асветы аб’ядноўваў работнікаў школ, дзіцячых садоў, дзіцячых дамоў, навуковых устаноў, ВНУ і палітасветустаноў. Яго дзейнасць у гэтыя гады характарызуецца актыўным удзелам у станаўленні і развіцці айчыннай сістэмы адукацыі, выхаванні, у паэтапным ажыццяўленні ўсенавуча, ліквідацыі масавай непісьменнасці, ажыццяўленні культурнай рэвалюцыі. Члены галіновага прафсаюза праявілі ўзоры падзвіжніцтва, запалу ў вялікай справе ліквідацыі адсталасці, далучэння дзяцей і дарослых да ведаў, дасягненняў культуры, навукі і тэхнікі. Здзейсненае галіновым прафсаюзам атрымала годную ацэнку. У 1931 годзе за поспехі ў справе адукацыі, актыўны ўдзел у ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці прафсаюз быў узнагароджаны рэспубліканскім ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У гэты ж перыяд афармляюцца і мацнеюць нізавыя прафесійныя ячэйкі, у Мінску адкрываецца Дом работнікаў асветы, ідзе паэтапнае павышэнне заработнай платы работнікам галіны. Прадстаўнікі прафсаюза ўваходзілі ў склад прыёмных камісій навучальных устаноў, удзельнічалі ў камплектаванні ВНУ і рабфакаў перадавымі працоўнымі і сялянствам, пашырэнні прафесійна-тэхнічных школ і школ фабрычна-завадскога навучання.
У 1934 годзе прафсаюз працаўнікоў асветы быў расфарміраваны і замест яго ўтвораны 8 самастойных прафсаюзаў: работнікаў пачатковых і сярэдніх школ РСФСР, Беларусі, Украіны, Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, вышэйшай школы і навуковых устаноў, работнікаў дашкольных устаноў, работнікаў палітасветустаноў.
І хоць далёка не заўсёды разнастайныя пераўтварэнні, расфарміраванні, арганізацыйныя перабудовы ішлі на карысць, тым не менш галіновы прафсаюз пры любых рэарганізацыях не выпускаў з поля зроку галоўнае: усяляк садзейнічаў развіццю і ўдасканаленню сістэмы адукацыі, паляпшэнню аховы здароўя, умоў працы і побыту, павышэнню ўзроўню дабрабыту работнікаў галіны. Функцыі, якія выконваў прафсаюз, і паўнамоцтвы, якія ён меў, служылі гэтым высокім мэтам. Адданасць ім ён даказаў і ў цяжкія часы Вялікай Айчыннай вайны. Члены галіновага прафсаюза ў той перыяд лічылі сябе не па форме, а па сутнасці мабілізаванымі і прызванымі.
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў самай першай справай для прафсаюза стала адраджэнне сістэмы адукацыі. Пры вострым недахопе самага неабходнага прадпрымаліся вялікія намаганні па вяртанні да жыцця навучальных устаноў. Прафсаюз актыўна ўключыўся ў работу па аднаўленні сістэмы адукацыі, павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў, выяўленні і аказанні дапамогі дзецям-сіротам, паўсіротам. Асаблівая ўвага скіравана на своечасовасць выплаты заробку, забеспячэнне спецвопраткай, будаўніцтва жылля для настаўнікаў, кадравае забеспячэнне, матэрыяльна-тэхнічны стан навучальных устаноў, якія часта размяшчаліся ў наёмных памяшканнях. Абкамамі прафсаюза прымаюцца рашэнні аб будаўніцтве школ метадам народнай будоўлі.
У кастрычніку 1957 года прафсаюзы асветы ўсіх рэспублік СССР аб’ядналіся ў адзіны прафсаюз, у які ўвайшлі таксама работнікі вышэйшай школы і навуковых устаноў. Прафсаюз стаў звацца Прафсаюзам работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў Беларускай ССР. Ён функцыянаваў не адно дзесяцігоддзе і зрабіў годны ўклад у агульнадзяржаўную, усенародную справу адраджэння, развіцця і ўдасканалення сістэмы адукацыі і выхавання падрастаючага пакалення. Шмат у чым дзякуючы творчым пошукам і высокаму прафесіяналізму настаўніцкага, прафесарска-выкладчыцкага корпуса рэспублікі, беларуская мадэль адукацыі па шэрагу сваіх параметраў выйшла на перадавыя пазіцыі.
Прыярытэтнымі для прафсаюзаў у той час былі вызначаныя арганізацыйна-вытворчыя функцыі: удзел у вырашэнні вытворчых задач, умацаванні працоўнай дысцыпліны, рэгуляванні сацыяльна-працоўных пытанняў, ахове грамадскага парадку, арганізацыі дзейнасці таварыскіх судоў. Больш за тое, на прафсаюзы з 1933 года было ўскладзена выкананне шэрага дзяржаўных функцый: ажыццяўленне дзяржаўнага нагляду і кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы і правіл аховы працы, кіраванне сацыяльным страхаваннем. Прафсаюзы мелі прамое дачыненне да жыллёвага будаўніцтва, размеркавання жылля, выдачы пуцёвак у санаторыі, прафілакторыі, дамы адпачынку, пансіянаты, арганізацыі турызму, фізічнай культуры, спорту і інш.
У рэспубліканскай арганізацыі прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў вырасла, сфарміравалася плеяда творчых, ініцыятыўных, аўтарытэтных прафсаюзных лідараў, якія рашуча выступілі за захаванне моцнага, адзінага прафсаюза, здольнага ў прынцыпова іншых умовах дасканала прадстаўляць і паслядоўна абараняць на ўсіх узроўнях правы і жыццёвыя інтарэсы работнікаў галіны, а разам з тым і правы ўсіх грамадзян Беларусі на аднолькавы доступ да ведаў, якаснай адукацыі.
У другой палове XX стагоддзя рэспубліканскую арганізацыю ўзначальвалі такія аўтарытэтныя кіраўнікі прафсаюзнага руху, як Канстанцін Сцяпанавіч Чарноў, Сямён Паўлавіч Ляснічы, Аляксандр Іванавіч Самарын, Яўгенія Цімафееўна Смірнова, Святлана Максімаўна Собалева, Тамара Іосіфаўна Чобатава, Андрэй Васільевіч Лук’яновіч.
Рэспубліканская арганізацыя прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў праіснавала да верасня 1990 года. Пераходны перыяд, у які ўступіла краіна, аказаўся складаным і супярэчлівым. Работнікі адукацыі трапілі ў катэгорыю малазабяспечаных. У гэтых умовах захаванне моцнага, адзінага галіновага прафсаюза, здольнага супрацьстаяць нарастаючым негатыўным тэндэнцыям у адукацыйнай, сацыяльна-працоўнай сферы, стала сапраўды найважнейшай мэтай. Яе дасягненне далося нялёгка. У пачатку 90-х гг. прафсаюзы засталіся практычна адзінай масавай арганізацыяй, якая абараняла інтарэсы людзей працы.
У верасні 1990 года адбыўся I з’езд Прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі, на якім былі прыняты часовы Статут і Праграма дзейнасці, што абвяшчалі самастойнасць, незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў. У гэтых устаноўчых дакументах упершыню выразна падкрэслена, што галоўнай задачай прафсаюза з’яўляецца абарона прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Старшынёй на альтэрнатыўнай аснове была выбрана Тамара Іосіфаўна Чобатава — лідар дасведчаны, аўтарытэтны, з імем якой звязаны дасягненні перыяду станаўлення галіновага прафсаюза.
У сакавіку 1991 года галіновы прафсаюз быў зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі. Па-новаму сталі складвацца яго ўзаемаадносіны з ФПБ, органамі заканадаўчай і выканаўчай улады краіны, органамі ўладных структур на месцах. Ужо ў гэты перыяд абноўлены галіновы прафсаюз, які дзейнічаў у рамках прававога поля, выкарыстоўваў усе формы і сродкі барацьбы за ўзмацненне сацыяльна-эканамічных гарантый для работнікаў галіны і навучэнцаў.
3 мая 1991 года ўпершыню складзена галіновае пагадненне Рэспубліканскага камітэта прафсаюза з Міністэрствам народнай адукацыі.
У гэтым выпадку выключна важна і значна тое, што ў 90-я гады ў краіне пры ініцыятыўным удзеле ФПБ, яе членскіх арганізацый была закладзена сучасная прававая база дзейнасці прафсаюзаў і іх аб’яднанняў. У новых умовах прафсаюз змог захавацца як найбуйнейшае, уплывовае прафсаюзнае аб’яднанне краіны.
У духу патрабаванняў часу і ў адпаведнасці з заканадаўствам II з’езд унёс змяненні і дапаўненні ў Статут галіновага прафсаюза. З улікам тых змен, якія адбыліся за перыяд пасля I з’езда ў палітыцы, эканоміцы, сацыяльнай сферы, а таксама прапаноў першасных прафсаюзных арганізацый была прынята Праграма асноўных кірункаў дзейнасці прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі на 1995—2000 гг. Яе лейтматыў — перамяшчэнне цэнтра цяжару прафсаюзнай работы на выкананне ахоўных функцый, арганізацыйнае ўмацаванне прафсаюза, узмацненне адзінства дзеянняў кожнага яго звяна.
III з’езд Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі адбыўся 6 красавіка 2000 года. Сумеснымі намаганнямі Рэспубліканскага камітэта прафсаюза і Міністэрства адукацыі атрымалася дамагчыся шматлікіх істотных зрухаў у вырашэнні сацыяльна значных задач. Важным дасягненнем стала ўстанаўленне выплат на метадычную літаратуру ў памеры аднаго мінімальнага заробку асноўным катэгорыям педагагічных работнікаў устаноў асветы, а таксама ўвядзенне даплат за кваліфікацыйныя катэгорыі.
Па прапанове і пры ініцыятыўным удзеле прафсаюза была прынята праграма “Настаўнік”.
III з’езд прафсаюза зрабіў высновы з пройдзенага этапу, прыняў Праграму асноўных кірункаў дзейнасці прафсаюза на 2000—2005 гг., унёс змяненні ў Статут галіновага прафсаюза і перайменаваў вышэйшы кіруючы орган прафсаюза ў Цэнтральны камітэт. Было падкрэслена, што галоўныя намаганні прафсаюз будзе і далей накіроўваць на карэннае паляпшэнне эканамічнага і сацыяльнага становішча ўсіх катэгорый работнікаў адукацыі і навукі, навучэнскай моладзі, пенсіянераў, будзе настойліва змагацца за належнае рэсурснае забеспячэнне і фінансаванне галіны.
IV з’езд вызначыў новыя задачы і арыенціры, прыняўшы Праграму асноўных кірункаў дзейнасці на 2005—2010 гг.
Прамежкавыя вынікі выканання праграмы былі падведзены ў 2006 годзе пазачарговым V з’ездам, неабходнасць правядзення якога была абумоўлена вяртаннем у прафсаюз арганізацый, якія выйшлі з яго раней, стварэннем пярвічак у прыватным сектары галіны, наспелымі змяненнямі ў Статуце прафсаюза, а таксама наяўнасцю новых задач, што стаялі перад прафсаюзным рухам краіны ў цэлым і непасрэдна ў галіне. Сярод дасягненняў справаздачнага перыяду: зніжэнне напаўняльнасці класаў у пачатковай школе, ліцэйскіх, гімназічных, класаў з паглыбленым вывучэннем дысцыплін і г.д.; удасканаленне кантрактнай формы найму ў галіне, парадку падліку стажу работы па спецыяльнасці, даплат педагагічным работнікам; павышэнне тарыфных ставак работнікаў інтэграваных груп дашкольных устаноў, унясенне змяненняў у парадак правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў; захаванне студэнцкіх санаторыяў-прафілакторыяў; узнаўленне правоў на выплаты па дзяржаўным забеспячэнні некаторым катэгорыям сірот, якія праходзяць навучанне.
19 снежня 2006 года лідарам прафсаюза быў выбраны Аляксандр Аляксандравіч Бойка.
У 2010 годзе адбыўся чарговы VI з’езд прафсаюза. Форум аб’яднаў больш за 300 дэлегатаў з усёй краіны. Акрамя таго, у рабоце з’езда ўдзельнічалі кіраўнікі Еўрапейскага камітэта прафсаюзаў адукацыі, МАП, прадстаўнікі прафсаюзаў работнікаў адукацыі Расійскай Федэрацыі, Украіны, Літвы і многія іншыя. Прафсаюзныя актывісты, кіраўніцтва сістэмы адукацыі шукалі адказы на найбольш вострыя пытанні, якія хвалююць педагагічную грамадскасць. Пры ўсёй шматпланавасці тэм для абмеркавання — ад павышэння прэстыжу прафесіі і эфектыўнасці работы галіновага прафсаюза да міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі — адным з галоўных і найбольш вострых пытанняў стаў пошук шляхоў павышэння прэстыжу прафесіі настаўніка.
Перыяд 2010—2012 гадоў быў асаблівым для галіновага прафсаюза. Значную кансалідацыю ўсіх арганізацыйных структур у справе абароны правоў і інтарэсаў педагогаў запатрабавала ўступленне ў сілу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў 2011 годзе. Прафсаюзныя лідары на ўсіх узроўнях імкнуліся знайсці салідарную з сацыяльнымі партнёрамі пазіцыю па шэрагу спрэчных пытанняў. Дадатковым стымулам для ўдасканалення многіх напрамкаў дзейнасці з’явілася 90-годдзе галіновага прафсаюза (2011 г.).
У лістападзе 2012 года на VII з’ездзе Беларускага прафсаюза работнiкаў адукацыі і навукі быў прыняты Зварот дэлегатаў з’езда да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Аб заработнай плаце работнікаў сістэмы адукацыі”, прыняты Статут галіновага прафсаюза ў новай рэдакцыі. З’езд вырашыў акцэнтаваць увагу на рэалізацыі задач павышэння ўзроўню аплаты працы, сацыяльнага статусу ўсіх асноўных катэгорый работнікаў сістэмы адукацыі, тых, хто вучыцца; удасканалення лакальных нарматыўных прававых актаў арганізацый галіны з улікам сучасных умоў іх дзейнасці; абароны правоў і законных інтарэсаў работнікаў, у тым ліку пры атэстацыі педагагічных кадраў, зніжэнні аб’ёмаў выкладчыцкай нагрузкі, рэарганізацыі, закрыцці ўстаноў адукацыі, пераглядзе штатнага раскладу, правядзенні эксперымента па пераходзе на новую сістэму фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, шэрагу іншых актуальных пытанняў.
У красавіку 2015 года адбыўся VIII з’езд галіновага прафсаюза. З’езд сабраў 250 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны, якія прадстаўлялі больш за 600 тысяч членаў галіновага прафсаюза.
На з’ездзе былі падведзены вынікі дзейнасці галіновага прафсаюза па рэалізацыі статутных задач за перыяд 2010—2015 гг., зацверджаны Праграма асноўных напрамкаў дзейнасці Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на 2015—2020 гг. і Статут Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў новай рэдакцыі, выбраны Цэнтральны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, рэвізійная камісія Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і яе старшыня.
У кожнай гістарычнай падзеі 2015 года як года правядзення VIII з’езда, Года моладзі, 70-годдзя Перамогі, года выбараў кіраўніка дзяржавы члены прафсаюза прынялі самы актыўны ўдзел.
2 сакавіка 2016 года падпісана Пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016—2019 гг. За аснову ўзяты папярэдні дакумент, які прадугледжвае забеспячэнне належнага ўзроўню сацыяльнай абароны членаў галіновага прафсаюза, выкананне іх працоўных правоў, стварэнне бяспечных умоў працы, забеспячэнне кантролю і адказнасці бакоў за яго арганізацыю і выкананне. Разам з тым у новае пагадненне ўключаны шэраг пазіцый, накіраваных на матывацыю прафсаюзнага членства і павышэнне статусу работнікаў галіны.
На IX з’ездзе Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі ў снежні 2016 года былі выпрацаваны і ўзгоднены пазіцыі па пытанні далучэння падобнага прафсаюза — Беларускага прафсаюза работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Прафсаюз работнікаў НАН пасля далучэння атрымаў статус аб’яднанай галіновай арганізацыі.
У цяперашні час Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — адзін з найбуйнейшых сярод галіновых прафсаюзных аб’яднанняў краіны. У яго структуры — 6 абласных і Мінская гарадская арганізацыі, якія ўключаюць у сябе 142 раённыя і гарадскія прафсаюзныя арганізацыі, аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў сістэмы адукацыі.
19 лютага 2020 года адбыўся Х з’езд прафсаюза. Старшынёй прафсаюза на з’ездзе выбрана Таццяна Раманаўна Якубовіч.
У сувязі з увядзеннем з 1 студзеня 2020 года новай сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтных галін, а таксама ў сувязі са змяненнямі ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь у Пагадненне паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускім прафесійным саюзам работнікаў адукацыі і навукі ўнесены шэраг змяненняў і дапаўненняў.
Работа ўсіх арганізацыйных структур накіравана на ўмацаванне прафсаюза, стварэнне новых пярвічных прафсаюзных арганізацый і захаванне прафсаюзнага членства.
У сувязі са складанай эпідэмічнай сітуацыяй вялікая фінансавая дапамога была выдаткавана на ўмацаванне здароўя членаў прафсаюза, іх аздараўленне.
Адзіны галіновы прафсаюз працягвае заставацца моцным, актыўным, поўным рашучасці выканаць сваю высокую місію — годнага прадстаўніка, паслядоўнага абаронцы жыццёвых інтарэсаў аб’яднанай ім шматтысячнай арміі людзей, чыё жыццё, праца, вучоба звязаны з найважнейшай сацыяльнай сферай, дзе закладваецца будучыня Беларусі.