У нашай краіне законныя інтарэсы работніка любой сферы дзейнасці абараняе прафсаюз. Быць у прафсаюзе — значыць быць пад абаронай. Гэты лозунг гучыць прыгожа. Але як ён рэалізоўваецца? Пра тое, як функцыянуе Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія правы і гарантыі даюцца яе членам, расказала прафсаюзны лідар адукацыйнай галіны рэгіёна Людміла Віктараўна СТАРАСЦІНА.
— Людміла Віктараўна, Магілёўская абласная арганізацыя галіновага прафсаюза даволі масавая і разнастайная. Яна аб’ядноўвае амаль 65 тысяч настаўнікаў і выкладчыкаў УВА, работнікаў устаноў дашкольнай, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў, ветэранаў педагагічнай працы. Як удаецца наладзіць эфектыўнае і зладжанае функцыянаванне такой маштабнай структуры?
— Паспяховасць дзейнасці любой арганізацыі вызначаецца яе арганізацыйным адзінствам. Умацаванне арганізацыйнага адзінства наўпрост залежыць ад узроўню ўзаемадзеяння прафсаюзных арганізацый. Вельмі важна тое, як працуе першаснае і сярэдняе звяно — раённыя і гарадскія арганізацыі. У нашым рэгіёне 21 райкам прафсаюза і два гаркамы, 907 прафсаюзных пярвічак. Эфектыўнасць прафсаюзнай працы ў кожнай з гэтых структур у многім залежыць ад прафесійнага ўзроўню кадраў, іх лідарскіх якасцей і падрыхтоўкі. Таму мы пастаянна займаемся навучаннем прафсаюзнага актыву. Вучым іх уменню будаваць дыялог як з радавымі членамі прафсаюза, так і з сацыяльнымі партнёрамі, вучым арыентавацца ў нарматворчых пытаннях, адстойваць і аргументаваць пазіцыю прафсаюза, накіроўваць свой вопыт і веды на прадстаўленне членаў прафсаюза, абарону іх законных правоў і інтарэсаў.
— З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца педагагічныя работнікі ў прафсаюз?
— Часцей за ўсё ў прафсаюз звяртаюцца па кансультацыю па пытаннях працоўнага заканадаўства. Цікавяцца нормамі падаўжэння і заключэння кантрактаў, матывамі звальнення, прадастаўлення працоўнага адпачынку, правільнасцю налічэння заработнай платы. Значная колькасць зваротаў на аказанне матэрыяльнай дапамогі. Звяртаюцца таксама за тлумачэннямі па аздараўленні сябе і членаў сваёй сям’і. Спектр зваротаў вельмі разнастайны. Работнікі апарату тлумачаць і даюць кансультацыі па ўсіх пытаннях. Мы адкрытыя для прапаноў, прымаем ініцыятывы педагогаў. Важна таксама, што працуем не толькі па заяўным, але і па прынцыпе выяўлення праблем. Маніторым сітуацыю, маем зносіны з калектывамі ўстаноў адукацыі, стараемся быць у курсе значных падзей.
— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вядзе работу па многіх напрамках. Як вы ацэньваеце ініцыятывы ФПБ і наколькі актыўна ў іх удзельнічаеце?
— Ініцыятывы ФПБ — абавязковыя ў рабоце ўсіх прафсаюзных структур, у тым ліку і Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Асноўнымі напрамкамі нашай дзейнасці застаюцца абарона сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў — членаў галіновага прафсаюза, іх прававая і інфармацыйная падтрымка, стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы ва ўстановах адукацыі.
Разам з сацыяльным партнёрам — галоўным упраўленнем па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, наша арганізацыя шмат гадоў вядзе работу па ажыццяўленні грамадскага кантролю па ахове і арганізацыі бяспечных умоў працы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выкананню норм калектыўных дагавораў ва ўстановах адукацыі вобласці. Калектыўны дагавор — гэта своеасаблівая “мясцовая канстытуцыя” і аснова ўзаемадзеяння галіновага прафсаюза з наймальнікам, а таксама дадатковыя гарантыі для людзей, іх упэўненасць у заўтрашнім дні. Важна не толькі ўнесці максімальную колькасць гарантый, але і дасягнуць іх безумоўнага выканання.
Прыярытэтны напрамак нашай работы — кантроль за своечасовасцю выплаты заработнай платы работнікам. У апошнія гады яна выплачваецца ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі ў поўным аб’ёме. Скаргаў і зваротаў грамадзян у абкам з прычыны парушэнняў тэрмінаў выплаты зарплаты і адпускных сум няма. Між тым абкамам усё роўна праводзіцца штомесячны маніторынг узроўню намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі Магілёўшчыны. На цяперашні момант у вобласці няма ўстаноў адукацыі з сярэдняй заработнай платай па арганізацыі менш за 500 рублёў.
Быць у прафсаюзе — значыць быць пад абаронай. Законныя інтарэсы работніка любой сферы дзейнасці абараняе прафсаюз. Грамадзянам, якія звярнуліся ў абласную арганізацыю, незалежна ад іх тэрытарыяльнай і галіновай прыналежнасці, заўсёды аказваецца прававая дапамога, у тым ліку і прадстаўленне іх інтарэсаў у судзе і ў камісіях па працоўных спрэчках.
— У цяперашні час усё больш актуальным становіцца пытанне аб павышэнні якасці жыцця работнікаў адукацыі. Якія новыя формы падтрымкі прапануе сёння прафсаюз?
— Адной з асноўных з’яўляецца прававая падтрымка — узровень і тэрміны выплаты заработнай платы, занятасць, забеспячэнне годных умоў працы, захаванне норм і гарантый, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі.
Асабліва важным мы лічым таксама аказанне матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза. Сёння ў няпростай эпідэмічнай сітуацыі прафсаюзы аднавілі дзейнасць так званых кас узаемадапамогі. У прыватнасці, профільныя арганізацыі ўсіх узроўняў адмовіліся ад няпершасных выдаткаў і перанакіравалі ўсе вызваленыя сродкі на аказанне дапамогі тым, хто трапіў у цяжкае матэрыяльнае становішча. Павышаная ўвага ўдзяляецца падтрымцы ветэранаў, інвалідаў, малазабяспечанай катэгорыі, мнагадзетных сем’яў.
Не забываем мы і аб сацыяльна-псіхалагічнай падтрымцы. Арганізоўваем розныя конкурсы, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы. Праз такую форму мы падтрымліваем таленавітых і актыўных членаў прафсаюза, адкрываем магчымасці для іх самарэалізацыі.
— У чым, на ваш погляд, заключаецца роля прафсаюза ў арганізацыі эфектыўнага функцыянавання сістэмы адукацыі?
— Сёння настаўнік павінен не проста перадаваць свае веды вучням, а вучыць іх вучыцца самастойна, развіваць іх аналітычныя здольнасці, крытычнае мысленне. Мадэрнізацыя адукацыі, важнасць якой бясспрэчная, немагчымая без спецыялістаў адпаведнай прафесійнай кампетэнцыі. Прафсаюз — гэта якраз тая грамадская арганізацыя, у сілах якой паўплываць на забеспячэнне ўмоў для прафесійнага развіцця педагога, стварэнне спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату для плённай працы настаўнікаў.
У адпаведнасці з законам, прафсаюзы з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі дзяржаўна-грамадскага кіравання адукацыяй. Гэта накладае велізарную ступень адказнасці за вынікі нашай дзейнасці. Прафсаюзы ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы, прыняцці і рэалізацыі нарматыўнай прававой базы адукацыйных устаноў, якая тычыцца забеспячэння абароны прафесійных правоў і інтарэсаў настаўніка. Для таго каб эфектыўна рэалізаваць гэтыя задачы, неабходны пэўныя ўмовы. А стварэнне гэтых умоў магчыма толькі пры сацыяльным партнёрстве, ва ўзаемадзеянні — пачынаючы з кіраўнікоў навучальных устаноў і заканчваючы органамі рэгіянальнага кіравання ў сістэме адукацыі. Узаемадзеянне па абароне правоў настаўніка адбываецца і з іншымі сацыяльнымі партнёрамі.
У прафсаюза істотная доля адказнасці за павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, а таксама фарміраванне кадравага складу адукацыйнай сістэмы вобласці. Асабліва значнай тут мы бачым работу па замацаванні ў галіне маладых спецыялістаў. Усюды ў першасных прафсаюзных арганізацыях прымаюцца разнастайныя меры для таго, каб маладыя настаўнікі засталіся вернымі прафесіі.
Наогул, роля прафсаюза ў эфектыўным функцыянаванні сферы адукацыі вельмі значная, бо ён з’яўляецца своеасаблівым звяном паміж грамадствам і навучальнымі ўстановамі.
— Якія мэты ў рабоце на будучыню ставіць Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі?
— Наша галоўная мэта — прадстаўніцтва і абарона сацыяльна-працоўных правоў і прафесійных інтарэсаў работнікаў устаноў адукацыі. Мы будзем працягваць удасканальваць, мадэрнізаваць гэтую работу. Але галоўнымі суб’ектамі нашай увагі заўсёды будуць настаўнік, выкладчык, выхавальнік, студэнт, чые інтарэсы мы абараняем.
Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.