Сустрэча з Яўгенам Семухам, былым настаўнікам Сялецкай сярэдняй школы, абяцала быць цікавай. У весцы яго ведаюць як настаўніка гісторыі, за плячыма якога багаты жыццевы вопыт, чалавека эрудыраванага, аматара музыкі, заядлага шахматыста. Яшчэ працуючы ў школе настаўнікам гісторыі і будучы класным кіраўніком, ён часта расказваў сваім выхаванцам жыццевыя гісторыі, расказваў пра вайну. Але чамусьці пра сваё дзяцінства ў ваенны час стараўся не ўспамінаць, абысці. Відаць, яно яго трывожыла, болем адзывалася ў сэрцы, магчыма, вайна для яго была своеасаблівым выпрабаваннем. Не раз гутарачы з дзецьмі, задаваў сабе пытанне: “А ці шчаслівы я?” Адказ заўседы быў адзін і той жа: “Была б у дзяцінстве сям’я, было б і шчасце. Займаўся б музыкай, магчыма, мог бы стаць кампазітарам, а так прыйшлося жыць з улікам тых абставін, якія ўнесла вайна. Мае дзяцінства было абпаленае вайной, і нам, дзецям, патрэбна было думаць, як выжыць”. Пры гэтых словах у вачах яго паяўляліся слезы, але Яўген Сяргеевіч непрыкметна змахваў іх, каб ніхто не пабачыў. І дзеці ў гэты час стараліся не вярэдзіць яму раны. А ў памяці зноў і зноў усплывалі падзеі тых далекіх дзён яго дзяцінства.
Яно пачыналася на сучаснай Пружаншчыне, на хутары з незвычайна прыгожай назвай Ясенец. Весела было, калі з бліжэйшых весак Варанілавічы і Смаляніца прыязджалі сюды сяляне нарыхтоўваць сена. Разам з бацькамі нарызтоўвалі сена Яўген і яго брат Васіль.
– У 1941 годзе я ўжо пачаў усведамляць, што адбываецца ў свеце, таму ўспамінаюцца больш яскрава эпізоды тагачаснага жыцця.
…Чырвоная Армія адступала і на хутары часта паяўляліся бяззбройныя салдаты, прсілі есці. Наша сям’я была забяспечаная, і мы дапамагалі салдатам прадуктамі, начлегам. Але праз тыдні паўтара з запасаў нічога не засталося, а рэшткі прадуктаў прыйшлося захаваць. Помню, як сёння, аднойчы раніцай у нашым агародзе савецкі салдат рваў цыбулю і тут раптоўна паявіліся на конях немцы. Чырвонаармеец адразу кінуўся ў лес, а немцы следам за ім. Пачалася страляніна. Гадзіны праз тры немцы вярнуліся ні з чым, схаваліся ў хлеў і ўстроілі засаду. З боку лесу на дарозе паявілася невялікая група савецкіх салдат. Немцы падпусцілі іх бліжэй і адкрылі страляніну. Некалькі чалавек ранілі, камандзіру пашанцавала больш, бо куля трапіла ў пражку палявой сумкі. Немцы забралі іх з сабою. Праз суткі яны зноў зрабілі аблаву. Вярталіся назад з двума параненымі салдатамі. Адзін з іх, відаць, цяжка паранены, увесь час гаварыў Яўгену, што ён рускі, з рускага горада Вятка. Раніцай адзін з іх памер, і наша сям’я пахавала яго ў сямідзесяці метрах ад хаты. Дакументы яго схавалі пад бэлькай з надзеяй, што некалі ўдасца пераслаць яго родным. Але ніхто не ведаў, што дом іх спаляць, а разам з ім згараць і паперы.
Яўген Сяргеевіч цяжка ўздыхнуў, погляд свой скіраваў недзе ўдалечыню. Некалькі хвілін памаўчаў, як бы штосьці абдумваючы, успамінаючы, затым зноў прадоўжыў свой расказ.
… Аднойчы зімой немцы наведалі наш хутар. Доўга дапытвалі ў бацькоў пра партызан. Вынікам допытаў стала тое, што немцы збілі маці трасценкай, застрэлілі сабаку, бацька страціў прытомнасць. На шчасце, хату нашу тады не спалілі.
Летам 1942 года ў лесе зноў з’явіліся людзі і пачалі нарыхтоўку сена. Як і раней, памагалі ім дзеці. Па лесе было многа боепрыпасаў, таму мы, дзеці, у вольны час “рабілі патроны”. Я добра помню дзень 14 чэрвеня. Разам з другімі дзецьмі я разбіраў узрывальнік гранаты. Але здарылася непаправімае. Узрывальнік узарваўся амаль у руках, пакалечыў правую руку – адарвала пальцы. На шчасце, недалека знаходзіліся партызаны. Адзін з іх прыбег на гук выбуху, апрацаваў маю рану, затым перавязаў яе. На наступны дзень мяне адвезлі ў Ружаны. Доктар мясцовай бальніцы паківаў галавою, нічога не сказаў, апрацаваў рану, зрабіў новую перавязку. Мяне аставілі ляжаць у бальніцы. Намнога пазней я даведаўся, што партызанам, які першым прыбег на гук выбуху, быў адзін з членаў КПЗБ, сакратар Пружанскага падпольнага райкама, камісар партызанскай брыгады імя Панамарэнкі Сцяпан Піліпавіч Пацяруха.
Калі я ляжаў у бальніцы, на хутары адбыліся страшныя перамены. Мае бацькі былі арыштаваны, цяжка збіты, а затым расстраляны. Хутар поўнасцю спалены. Цудам удалося выратавацца брату Васілю. А для нас пачаліся сірочыя гады, у далейшым нас выхоўвала цетка. Я з пакалечанай рукою стаў ахвярай вайны.
Помню, што побач з вескай была мяжа, праведзеная немцамі, якая аддзяляла тэрыторыю рэйхскамісарыята Украіны ад рэйхскамісарыята Остлянд. У сапраўднасці ніякай мяжы не было, былі палкі-тычкі з прывязанымі ўверсе пучкамі саломы. Ахоўвалі мяжу пажылыя немцы, гадоў пад шэсцьдзесят, двойчы ў дзень яны абходзілі мяжу. Я пасвіў кароў, і каровы былі самымі злоснымі “парушальнікамі” мяжы, раз за разам пераходзілі яе. А вярнуць іх назад можна было толькі з дазволу немцаў і толькі старэйшым хлапчукам.
А яшчэ я помню дзень 10 ліпеня 1944 года. Мне, дзесяцігадоваму хлапчуку, ён больш за ўсё ўрэзаўся ў памяць, бо іменна ў гэты дзень перакрыжаваўся мой шлях з чалавекам, імя якому Іосіф Урбановіч. Я быў сведкам тых драматычных падзей, што разыграліся ў весцы Варанілавічы. Немцы ўжо адступілі, здавалася, у весцы паступова заціхлі ўзрывы, страляніна. А пад абед у веску ўварвалася група бандытаў, досыць вялікая. Як звачайна, заняліся грабяжом, не брэзгавалі нічым. Гэта працягвалася гадзін з чатыры. З боку лесу паявіўся Урбановіч з невялікай групай ахоўнікаў. Паміж імі пачалася перастрэлка, у выніку якой і быў застрэлены гэты чалавек. І ўсе гэта адбывалася на маіх вачах. Ад страху я пабег дадому, але ў метрах пяцідзесяці ад дому быў збіты коньмі бандытаў. Страціў прытомнасць, ляжаў, пакуль мяне не знайшоў сусед. Праз чатыры дні святкавалі вызваленне, а я ляжаў цяжка хворы, таму і не бачыў расправы партызан над бандытамі.
Толькі ўжо пасля вайны я даведаўся, што Іосіф Урбановіч – адзін з першых пачаў барацьбу з немцамі ў 1941 годзе, як сакратар Ружанскага раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта, а ў ліпені 1943 года – камандзір партызанскай брыгады імя Панамарэнкі. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў, як напісана ў савецкай энцыклапедыі.
І цяпер амаль кожны год, будучы ў грыбах у Гута-Міхаліне, я знаходжу вольны час і накіроўваю свой матацыкл да партызанскіх могілак. Тут пахаваны Іосіф Урбановіч. Наведванне яго магілы – гэта дань павагі чалавеку, які не ведаў аб маім існаванні, але стаў для мяне часцінкай памяці і жыцця.
Дык якое ж яно, маё дзяцінства?
Абпаленае вайною, сірочае, жорсткае, драматычнае. І калі б не вайна, магчыма, і лёс мой быў бы другі, спраўдзіліся б мае надзеі і мары. Не стаў я музыкантам, але ў педвучылішчы навучыўся іграць на мандаліне, і не адзін раз акампанаваў школьнаму настаўніцкаму хору, напісаў некалькі сваіх песень. І я шчаслівы, што меў падтрымку ў сваіх калег і быў запатрабаваны ў жыцці.