Нарадзіўся Якуш Іван Сямёнавіч 24.04.1919 г., у вёсцы Савічы Дамаўленскага сельсавета Гомельскай вобласці ў сям’і сялян. З дзіцячых гадоў ён марыў стаць настаўнікам, таму пасля заканчэння школы паступіў вучыцца ў Мозырскае педагагічнае вучылішча, якое паспяхова закончыў у 1939 годзе. Пасля гэтага маладога педагога накіравалі працаваць настаўнікам пачатковых класаў у Дзербінскую сямігадовую школу.
Але ў школе Івану Сямёнавічу доўга працаваць не давялося. У гэтым жа годзе яго прызываюць на службу ў Чырвоную Армію. Службу І.С. Якуш пачынаў у артылерыйскай палкавой школе малодшых камандзіраў горада Луга. Затым быў накіраваны ў 311–ы гаўбічна – артылерыйскі полк ордэна Чырвонага Сцяга, які размяшчаўся ў мястэчку Дзярэчын Зэльвенскага раёна.
У канцы красавіка 1941 года полк быў накіраваны ў летнія лагеры, якія размяшчаліся на захад ад горада Беластока. У баявых вучэннях хутка ляцелі дні. У чэрвені павялічыліся выпадкі правакацый з боку фашыстаў. Сярод мясцовых жыхароў адкрыта хадзілі чуткі, што хутка пачнецца вайна.
21 чэрвеня, ў нядзелю, пачала бамбіць нямецкая авіацыя. Узрываіся і гарэлі ёмістасці з гаручым, была знішчана частка тэхнікі, гінулі салдаты і афіцэры. Полк атрымаў загад рухацца да граніцы і артылерыйскім агнём падтрымаць вайсковыя часці 193–ай стралковай дывізіі, якія вялі жорсткія баі з наступаючым праціўнікам. Пасля заканчэння бамбёжкі паўстала страшная карціна: частка гармат была разбіта, а вакол іх – параненыя і забітыя артылерысты. Немцы ўсё бліжэй падыходзілі да нашых пазіцый. Артылерыйскія разлікі пачалі весці агонь прамой наводкай, амаль з адкрытых пазіцый.
У палку, у якім служыў Іван Якуш, заставалася ўсё менш людзей: хто загінуў пад час бамбёжак і баёў, хто пасля летніх лагераў Беластока прымкнуў да іншых ваенных часцей. Хутка і ён сам апынуўся ў калоне, якая рухалася ў бок Навагрудка. Разам з вайскоўцамі ішло шмат бежанцаў, ніхто з іх не ведаў, што трапілі яны ў вялікую пастку.
На ўсё жыццё Іван Сямёнавіч запомніў страшную пераправу праз Нёман, падчас якой загінула шмат людзей. На яго вачах, у маладой жанчыны, якая бегла праз мост, выпала з рук і патанула ў рацэ маленькае дзіця. Крык і боль той жанчыны засталіся ў памяці ветэрана назаўжды.
З вялікім хваляваннем успамінаў ветэран і той момант, як разам з іншымі ён трапіў у варожы палон. Умовы ўтрымання былі жудасныя: людзі знаходзіліся пад адкрытым небам, раз у дзень ім прывозілі вялікую бочку з нейкай мешанінай мукі і вады. Многія не вытрымлівалі такіх здекаў і кідаліся пад фашысцкія кулі. За дзень гінула больш за 200 чалавек. Праз некалькі месяцаў іх пагрузілі ў вагоны і адправілі спачатку ў лагер для ваеннапалонных у Польшчу, а затым у Германію.
Чатыры гады знаходзіўся Іван Сямёнавіч у фашысцкіх лагерах смерці. Кожны дзень для яго, як і для іншых ваеннапалонных, мог быць апошнім. Але прага да жыцця, вера ў хуткае вызваленне давала надзею на выжыванне, сустрэчу з роднымі. Выжыў толькі цудам.
Пасля вызвалення з лагера вярнуўся ў Беларусь. Як і ўсе ваеннапалонныя прайшоў праверку ў НКУС і быў залічаны ў рабочы батальён. Быў дэмабілізаваны і вярнуўся на Гомельшчыну, затым пешшу дайшоў да Дзярэчына. Тут сустрэў многа знаёмых і вырашыў застацца.
У раённым аддзеле адукацыі прапанавалі пасаду дырэктара Алексіцкай пачатковай школы, праз год — Угрынскай школы. У 1956 годзе закончыў завочна Гродзенскі педагагічны інстытут (фізіка-матэматычны факультэт). Да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам Дзярэчынскай сярэдняй школы. Педагагічнай працы аддаў 40 гадоў жыцця.
Да апошніх дзён Іван Сямёнавіч быў вельмі актыўным чалавекам. Удзельнічаў у мерапрыемствах, часта сустракаўся з вучнямі Дзярэчынскай школы, якія і запісалі яго ўспаміны.