Мне падабаецца адпачываць тут у любую пару года. Гэта мая Радзіма, гэта Радзіма маіх бабулі і дзядулі. Калі я хаджу каля прынёманскіх азёраў або сяджу на лаўцы пад векавым дубам, я ўспамінаю аповяды родных пра вайну, пра тых доблесных абаронцаў, мужных воінаў, якія выйшлі пераможцамі, таму што абаранялі сваю радзіму, свой народ.
Шмат бачыў гэты край у час ваеннага ліхалецця. Колькі нерасказанага пра тыя дні захоўваюць гэтыя дрэвы – маўклівыя сведкі.
З кожным годам усё далей адыходзяць ад нас грозныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Мы ўсё радзей і радзей можам сустрэць яе ветэранаў: іх засталося сярод жывых зусім мала. Але мы жывём сярод людзей, якія іх асабіста ведаюць. Менавіта іх успаміны хочацца выкарыстаць для захавання ў памяці нашчадкаў імёнаў людзей, якія прымалі непасрэдны ўдзел у бязлітасных бітвах.
Мне хочацца расказаць пра аднаго з іх, пра чалавека, які быў прадстаўніком адной з самых мірных прафесій на зямлі – пра настаўніка Уладыкіна Аляксандра Аляксеевіча.
Ён не лічыў сябе паэтам. Ён не спрабаваў друкаваць свае вершы нават у раённай газеце. Рукапісы вершаў, прысвечаныя сваім армейскім сябрам, партызанскаму жыццю, далекай Радзіме, беларускай прыродзе, якая стала такой дарагой і любімай, школе, дзе працаваў з 1949 года па 1980 год, сваім вучням, калегам па працы, разам з другімі ўспаміналі і дзённікавымі запісамі захоўваюцца дома і часткова ў школьным гісторыка-краязнаўчым музеі.
Вясной 1921 года ў сяле Няклюдава Шабекінскага раёна Белгародскай вобласці ў сялянскай сям’і Уладыкіных нарадзілася першае дзіця – сын Саша. Там прайшлі яго дзіцячыя і юнацкія гады. І ніхто не думаў, што праз 20 год па волі лёсу ён апыніцца ў далёкай Беларусі, дзе і застанецца назаўсёды.
З успамінаў Уладыкіна Аляксандра Аляксеевіча.
Быў прызваны ў рады ваенна-марскога флоту ў 1939 годзе. Вялікая Айчынная вайна застала мяне ў г. Ліепая. Дзе я служыў тэлефаністам. З 23 чэрвеня 1941 года прымаў удзел у абароне горада Ліепая. Пра падзеі тых дзён зняты кінафільм “Горад пад ліпамі”. Пад час прарыву з акружэння быў цяжка паранены, мяне кантузіла, апынуўся ў палоне, адкуль уцёк у ліпені 1942 года (з Усходняй Прусіі, лагер Арыс-Зюд).
На пачатку жніўня 1942 года пераправіўся ў Перакопе праз Нёман у Ліпічанскую пушчу, пачаў шукаць партызан. Прайшоў Шасцілы, Маскалі. У вёсцы Воля Крупіцы затрымаўся ў Баклагі Вікенція. Там мяне абмылі, пастрыглі, пазнаёмілі з Іванам Белых. Ён быў звязаны з партызанамі (хоць нічога мне пра гэта не гаварыў).
У Дзярэчыне, на скрыжаванні дарог Руда Яварская – Зэльва, Масты – Слонім, стаяў вялікі гарнізон. Ноччу 9 жніўня ён быў разгромлены партызанамі, знішчаны дзесяткі немцаў і паліцаяў. Колькі радасці ў жыхароў! Поспех партызан аказаў уплыў і на мой лёс. На наступны дзень Белых павёў мяне да партызан. “Барыс Бязрукі” (так называлі партызана Барыса Адамавіча Булата) распытаў мяне пра ўсё: хто я , адкуль, як трапіў у палон, як дабраўся сюды (да гэтага часу яшчэ не загаіліся раны, нага была крывая, на шыі насіў бірку з лагерным нумарам – адзіны мой дакумент).
Так я трапіў у партызаны. Там мяне праверылі. Да канца вайны я быў байцом Ленінскай партызанскай брыгады. Назаўсёды засталіся ў памяці поўныя неспакою дні і ночы.
Першыя заданні былі не вельмі складаныя і не вельмі небяспечныя, але жыццёва важныя для партызан. У той час не было яшчэ зямлянак, ды і на адным месцы не затрымліваліся – “качавалі”. Недастаткова было зброі. Паспяховым быў наш рэйд у вёску Дарагляны. Мы адкапалі і прывезлі ў атрад 75 саракаміліметровых снарадаў (сяляне паказалі).
А праз дзень невялікая група партызан на чале з Чуйковым адправілася за “мяжу” да Пескаў шукаць гармату. Напярэдадні мы дамовіліся, дзе і калі сустрэнемся з Дзянісам Чубрыкам. У Чубрыка ўсюды былі знаёмыя, вялікі жыццёвы вопыт, і атрымалася так, што ён стаў нашым камандзірам. Ад яго мы даведаліся, дзе знаходзіцца гармата, схаваная мясцовымі жыхарамі пасля адступлення Чырвонай Арміі. Яны перадалі яе партызанам..
Паступова група наша павялічвалася. Далучыліся да нас Раманаў Аляксей, Лябейка Фёдар, з вёскі Шчара далучыўся маладзенькі, год 16-17 хлапец Грэцкі Філіп.
Гісторыя нашай, стыхійна ўтворанай групы – гэта гісторыя атрада “Чырвонаармейскі” Ленінскай партызанскай брыгады. З усіх, хто сабраўся ў нашай “маленькай групе” некалькі хлопцаў мелі які-небудзь вопыт “партызанскіх дзеянняў”. Вырашылі выкарыстаць веды чыгуначнай справы малодшага лейтэнанта чыгуначных войск Варонкіна Пятра для дыверсій на чыгунцы. Узрыўчаткі не было, ды і падрыўнікоў таксама, таму рашылі разбіраць чыгуначныя пуці ( гэту справу Варнкін ведаў добра) У кузні в. Шасцілы Ганчарук Канстанцін з братамі выкавалі дзве лапы, узялі гаечны ключ і ў ціхую месячную ноч рушылі да чыгункі Масты- Ваўкавыск. Удачна перайшлі мяжу паміж Малькавічамі і Каралямі, Ціханавіцкім лесам прайшлі да Зяльвянаў (так называлася левая частка Мастоў фабрычных). Недалёка ад Зяльвянаў спыніліся: пескаўскія пайшлі да лясніка-здрадніка – паквітацца. Расстралялі. У гэты час размова са здраднікамі была кароткая.
Пазней былі створаны брыгады, злучэнні, асобныя аддзелы, трыбуналы – на такую расправу неабходна была санкцыя (загад вышэйшага камандавання, прыгавор суда).
З Зяльвянаў рушылі ў бок раз’езда Дзенькаўцы. У той час Масты і Ваўкавыск злучалі двухкалейныя пуці. Таварныя цягнікі ішлі з хуткасцю пасажырскіх адзін за другім. Не ведаю, як на другіх дарогах, але на абраным намі ўчастку ніякіх дыверсій раней ніколі не было. Немцы адчувалі сябе спакойна, нават бесклапотна. На ахову дарогі яны мабілізавалі сялян з навакольных вёсак, па пуцях хадзілі патрулі.. Але ў гэтай чыгуначнай выемцы ў Дзенькаўцах, што мы выбралі для дыверсіі, не было ні сялян, ні патруля.. Усе яны сабраліся ў лесе каля вялікага вогнішча на той бок чыгункі.
Мужыкі грэліся. Песні спявалі. Тут жа стаялі немцы, слухалі спеў. Паставіўшы ахову (я быў у ахове), Варонкін з памочнікамі пачаў разбіраць пуці ( адкручваў гайкі, даставаў кастылі). Справа зацягнулася. Ужо потым ён распавядаў, што адна лапа аказалася тонкай і хутка зламалася, так што некалькі кастылёў не паспелі выцягнуць. Пачуўшы шум поезда, адышлі з чыгункі. Поезд ішоў вельмі хутка і праскочыў выемку, толькі наступны цяжкавагавы састаў сышоў з рэек. Гэта адбылося на пачатку верасня 1942 года. У зборніку дакументаў ёсць акт аб гэтай дыверсіі. Мне здаецца, што гэта была першая дыверсія партызан Ліпічанскай пушчы.
Ад “чыгункі” накіраваліся “дамоў” у пушчу. Ішла ўжо другая ноч нашага паходу. Некаторыя хлопцы спалі на хаду: не прызвычаіліся яшчэ да змены дзённага ладу жыцця на начны. Вельмі хацелася есці, а ісці далёка, скрачалі шлях, ішлі каля хутароў.
Праз некалькі дзен даведаліся, што на хутары ў тую ноч стаяў карны атрад. У доме спалі афіцэры, а ў гумне салдаты.
Кожны дзень у жыцці партызан былі падобныя падзеі, па іх можна ўспамінаць доўга. Заданні былі розныя: і раней запланаваныя, і самыя нечаканыя.
У красавіку 1943 года ў брыгаду прыбыў кіраўнік Шчучынскага міжрайцэнтра Сцяпан Пятровіч Шупеня з групай таварышаў. Ён прывёз рацыю. Сам факт з’яўлення ў брыгадзе прадстаўнікоў з Масквы падняў баявы настрой партызан. Здавалася, што цяпер мы ўсе зліліся ў адно са сваёй Радзімай, са сваім народам.
У зоне Ленінскай партызанскай брыгады былі створаны камендатуры. У іх абавязкі ўваходзіла наступнае: забяспечыць парадак у вёсках, дапамагаць насельніцтву ў рашэнні гаспадарчых пытанняў, выяўляць шпіёнаў, здраднікаў.
Восенню 1943 года некаторыя раёны Беларусі былі ўжо вызвалены Савецкай Арміяй. У 1944 годзе баі ішлі на беларускай зямлі. Гэта падымала баявы настрой партызан, давала надзею на хуткае вызваленне роднай зямлі. Уся Шчучыншчына была пад поўным кантролем партызан. Да гэтага часу партызаны ўжо не былі навічкамі, скарыстоўвалі розныя формы барацьбы супраць акупантаў. Гэта і разгром варожых гарнізонаў, і знішчэнне невялікіх фашысцкіх груп, і падрыў чыгуначных палотнаў, тэлефоннай і тэлеграфнай сувязі.
Вядома, што з моманту стварэння і па дзень злучэння з часцямі Чырвонай Арміі партызаны Ленінскай брыгады пусцілі пад адхон больш за 250 варожых эшалонаў, разбілі сотні паравозаў, вагонаў з жывой сілай, тэхнікай, боепрыпасамі, падарвалі 50 чыгуначных і 49 шасэйных мастоў, тысячы чыгуначных рэек, правялі больш за 200 баёў з засады, пашкоджана больш за 100 кіламетраў тэлеграфна-тэлефонных ліній сувязі і многае другое.
Адышлі ў мінулае грозныя дні вайны, але ніколі не забудуцца подзвігі партызан, смеласць і мужнасць іх у цяжкай і напружанай барацьбе з ворагам.
Пасля злучэння партызанскай брыгады з часцямі Чырвонай Арміі (ліпень 1944 года) Уладыкін Аляксандр Аляксеевіч быў запрошаны на працу ў Гродзенскі камітэт па барацьбе са зверствамі фашыстаў, паступіў на завочнае аддзяленне гістарычнага факультэта маскоўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. З 1947 года працаваў настаўнікам гісторыі ў Маскалях і Панямонцах, з 1949 года па 1980 год – настаўнік гісторыі Орлеўскай сярэдняй школы.
Былыя вучні і калегі па працы называюць Аляксандра Аляксеевіча “настаўнікам з вялікай літары”
У 1980 годзе Аляксандр Аляксеевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, але працягваў актыўную працу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, доўгі час яўляўся старшынёй савета ветэранаў вайны і працы. Яго вучні, калегі па працы, жыхары навакольных вёсак і сягодня ўспамінаюць Аляксандра Аляксеевіча як выключна сумленнага, прынцыповага, адданага сваёй прафесіі чалавека.
Прайшлі гады. 7 чэрвеня 2005 года школа адзначала 50-гадовы юбілей першага выпуска. На сустрэчу сабраліся выпускнікі Орлеўскай сярэдняй школы. На сцэне гучаць вершы, якія напісаў Аляксандр Аляксеевіч 50 год таму: яны былі прысвечаны выпускнікам той далёкай пары.