Мерапрыемства адбылося ў межах праекта “Студэнцтва і прафсаюз — разам”.
— Заўсёды хвалюешся, калі ўшаноўваеш выпускнікоў. З асцярогай думаеш пра тое, хто прыйдзе на вашы месцы. Радуе, што сёння ў сэрцы сталіцы мы сабралі як сённяшніх, так і будучых выпускнікоў — людзей, якія на працягу навучальнага года застаюцца з тымі, каму гэта патрэбна, — звярнулася да прысутных старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. — Як актывісты, вы будзеце працаваць у розных галінах па ўсёй рэспубліцы. І вопыт, які вы набылі на сваіх факультэтах і ва ўніверсітэтах, дапаможа вам у вашай дзейнасці. Сёння патрэбны кіраўнікі іншай фармацыі: якія могуць весці за сабой і вучацца на працягу ўсяго жыцця. Лідар павінен умець прыйсці ў любы калектыў, вырашыць любую праблему і быць побач. Бясспрэчна, вам сустрэнуцца цяжкасці, але няхай яны будуць мінімальнымі.
Аліна Берднік — выпускніца філалагічнага факультэта БДУ. З 2 курса студэнтка была старшынёй прафбюро свайго падраздзялення.
— Калі сказаць, што прафзаюз змяніў маё жыццё, — гэта вельмі мала сказаць. Мы займаліся ўсім — пачынаючы ад матэрыяльнай дапамогі і адукацыйных мерапрыемстваў, заканчваючы культурна-масавым напрамкам.
І гэта было побач з табой 24/7, — дзеліцца Аліна. — Гэтая дзейнасць ўмацавала мае лідарскія і чалавечыя якасці. Прафсаюз — гэта добры старт, каб рэалізаваць сябе ў будучыні.