1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяАфиша мероприятийИнформационная работаРабота с молодежьюЯк прафсаюзу не страціць сваю актуальнасць для новага пакалення?

Як прафсаюзу не страціць сваю актуальнасць для новага пакалення?

У год святкавання стагоддзя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі менавіта ад моладзі — творчай, актыўнай, крэатыўнай — чакаюць цікавых ідэй і прапаноў, каб маладзёжныя праекты і галіновага прафсаюза, і Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі маглі выйсці на якасна новы ўзровень. Такую думку выказала старшыня Цэнтральнага камітэта прафсаюза Таццяна ЯКУБОВІЧ, якая ўзяла ўдзел у пасяджэнні Маладзёжнага савета Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Ініцыятыва знізу

Менавіта таму сёлета плануецца запусціць конкурс на «Найлепшы маладзёжны праект пярвічных прафсаюзных арганізацый студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі». Для старшых калег — гэта выдатная магчымасць сарыентавацца і перайначыць формы і кірункі работы з сучаснай моладдзю, а потым пашырыць новы досвед на ўсіх. На дадзены момант мяркуецца абраць для фінансавай падтрымкі тры самыя цікавыя праекты, але калі на конкурс будуць пададзены настолькі якасна прапрацаваныя ідэі, што трэба будзе падтрымаць, напрыклад, не тры, а пяць, то ў ЦК прафсаюза гатовыя пайсці на гэта.

— Галоўнае — ініцыятыва павінна ісці не зверху, а знізу, — падкрэслівае Таццяна Якубовіч. — Паверце, што рэктары ВНУ гатовыя вас пачуць і вам дапамагаць. І калі вы зробіце насамрэч круты праект і мы выдзелім на яго сродкі, плюс Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі знойдзе магчымасць для фінансавання, то і рэктар не зможа вас не падтрымаць. Тым больш што ён — таксама член галіновага прафсаюза.

Мы вучымся ў вас, а вы — у нас. Не бойцеся быць актыўнымі і агучваць праблемы. Улічваючы што ў Маладзёжны савет уваходзяць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны і ўсіх ступеняў адукацыі, ён стаў выдатнай дыялогавай пляцоўкай, дзе можна абмяркоўваць хвалюючыя і для студэнцкай моладзі, і для маладых спецыялістаў пытанні. Калі ёсць праблема — мы яе вырашаем разам і разам рухаемся наперад. І ў нас ужо ёсць шмат прыкладаў, калі «вузкія моманты» вырашаліся на карысць членаў нашага прафсаюза.

Так, было шмат скаргаў на тое, што стандарт прафбюджэту для пярвічных прафсаюзных арганізацый студэнтаў ВНУ — невыканальны. Нам удалося пераканаць Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі перагледзець падыходы. І з 1 студзеня бягучага года прафсаюзныя «пярвічкі» студэнтаў ВНУ могуць самастойна распараджацца сродкамі ад членскіх узносаў, без уліку нарматываў. І калі ім трэба больш сродкаў накіраваць на матэрыяльнае заахвочванне ці матэрыяльную дапамогу студэнтам, яны могуць скараціць свае выдаткі, напрыклад, на арганізацыю турыстычнай дзейнасці, ці зрабіць наадварот — у залежнасці ад прыярытэтаў.

Яшчэ адно важнае дасягненне — 30 кастрычніка 2020 года былі ўнесены змяненні ў Палажэнне аб парадку фарміравання пазабюджэтных сродкаў і іх выкарыстанні. Цяпер грошы, заробленыя ўстановай адукацыі, можна выкарыстоўваць для заахвочвання поспехаў усіх навучэнцаў і студэнтаў (і «бюджэтнікаў», і «платнікаў»), якія дабіліся высокіх паказчыкаў у навуцы, спорце, грамадскай рабоце, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Можна таксама накіроўваць пазабюджэтныя сродкі для аказання матэрыяльнай дапамогі студэнтам, якія маюць у гэтым патрэбу. Раней палажэнне распаўсюджвалася толькі на студэнтаў, што навучаліся на бюджэтнай аснове, а магчымасць прэміравання студэнтаў і навучэнцаў, якія атрымлівалі адукацыю на платнай аснове, не прадугледжвалася.

Нядаўна ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу паступіў абноўлены Кодэкс аб адукацыі. Галіновы прафсаюз плануе арганізаваць дыялогавыя пляцоўкі ў Мінску і ва ўсіх рэгіёнах, каб прапрацаваць асобна кожны ўзровень адукацыі (ад дашкольнай да паслявузаўскай, асобна — інклюзію ў адукацыі) і выказаць сваё меркаванне наконт праекта лёсавызначальнага для ўсіх дакумента.

Арганізацыю павінны бачыць!

— Мы — самая буйная арганізацыя ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая налічвае каля 600 тысяч членаў і 7 тысяч пярвічных арганізацый, — падкрэслівае загадчык аддзела арганізацыйнай работы апарату ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аксана ВАСІЛЕВІЧ. — Да 2020 года ў нас былі вельмі высокія лічбы ахопу членствам у прафсаюзе: 97 працэнтаў сярод тых, хто працуе, і 95,6 працэнта — сярод студэнцкай моладзі. Прафсаюз адукацыі фактычна суправаджае студэнцкую моладзь з моманту яе паступлення ва ўніверсітэт і да атрымання першага рабочага месца. А педагогі застаюцца пад нашым крылом і далей. Моладзі прысвечаны цэлы раздзел у пагадненні паміж Міністэрствам адукацыі і галіновым прафсаюзам. Ён, як скарбонка, папаўняецца штогод усё новымі і новымі нормамі.

Але мінулы год паказаў, што ў дарослае жыццё ўступае пакаленне, якое мае іншы пункт погляду, і працаваць нам стала нашмат больш складана. Таму сёння мы павінны казаць аб новых метадах, новых падыходах і ўвогуле аб новай матывацыі далучэння да прафсаюзнага руху. Але самае галоўнае — павінны расказваць моладзі, хто мы такія і чым займаемся. А наведваючы і студэнцкія «пярвічкі», і «пярвічкі» ва ўстановах адукацыі, дзе ёсць маладыя спецыялісты, мы сутыкаемся з тым, што пра нашу дзейнасць ці ўвогуле не ведаюць, ці ведаюць зусім няшмат. Таму нам трэба пераходзіць ад калектыўнай да індывідуальнай работы і знайсці ключык да кожнага: і да студэнта-першакурсніка, і да маладога спецыяліста. Мы не можам завяршыць сваю работу на стадыі «Прывітанне, першакурснік», а павінны дастукацца да ўсіх, каб малады чалавек убачыў, што ён страчвае, калі не будзе членам нашай арганізацыі. Папулярызацыя дзейнасці прафсаюза павінна адбывацца ў інфармацыйнай прасторы па ўсіх кірунках. Між іншым, падчас нашых зносін з моладдзю мы даведаліся: для іх з’яўляецца адкрыццём той факт, што ўсе сто працэнтаў членскіх узносаў, якія збірае навучэнская моладзь, застаюцца ў «пярвічках» устаноў адукацыі. Гэта значыць, што студэнцкая прафсаюзная арганізацыя працуе толькі на тых, хто з’яўляецца яе членам.

Студэнцкі прафсаюз дзейнічае ў інтарэсах студэнтаў і мае магчымасць гаварыць на роўных правах як з імі, так і з кіраўніцтвам універсітэта. А яго правы і паўнамоцтвы нарматыўна ўрэгуляваныя ў пагадненнях з установамі адукацыі.

Фактычна ніводнае пытанне, якое датычыцца студэнтаў, не вырашаецца без уліку меркавання студэнцкага прафкама. Яго прадстаўнікі ўваходзяць ва ўсе ўніверсітэцкія камісіі, дзейнасць якіх закранае пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і стыпендыяльнага забеспячэння, сацыяльныя і жыллёва-бытавыя пытанні. Маніторыцца работа пунктаў грамадскага харчавання, умовы пражывання студэнтаў. Прафкам удзельнічае ў распрацоўцы правіл унутранага распарадку ў інтэрнатах, палажэнняў аб засяленні студэнтаў у інтэрнаты, у размеркаванні месцаў. Адлічэнне навучэнцаў — членаў галіновага прафсаюза ці прыцягненне іх да дысцыплінарнай адказнасці таксама не дапускаецца без узгаднення з прафкамам студэнтаў…

— Маладыя людзі яшчэ са школы добра ведаюць пра дзейнасць маладзёжных грамадскіх арганізацый, пра БРСМ, але вельмі мала ведаюць аб дзейнасці прафсаюзаў. Для маладога пакалення наша работа не зусім зразумелая, а значыць, і не зусім блізкая. Таму вельмі шмат залежыць ад таго, у якой форме ім будзе данесена карысная інфармацыя, — падкрэсліла Аксана Васілевіч. — Задача прафкамаў — змяніць уяўленне пра прафсаюз толькі як пра арганізатара вольнага часу, культурна-масавых, спартыўных мерапрыемстваў і «пастаўшчыка» навагодніх падарункаў. Трэба, каб на першае месца выйшла абарона сацыяльных і эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Каб кожны разумеў, што, знаходзячыся ў нашай арганізацыі, ён можа разлічваць на кансультацыю па пытаннях атрымання месца ў інтэрнаце, размеркавання і пераразмеркавання маладых спецыялістаў, размеркавання вучэбнай нагрузкі ў школе, аховы працы, атрымання матэрыяльнай дапамогі і іншых. У іх будзе магчымасць адпачываць у санаторыях ФПБ. Падтрымка студэнцкіх сем’яў і маладых педагогаў — таксама сфера дзейнасці прафсаюза. А пытанняў у маладых спецыялістаў, якія прыступаюць да работы, заўсёды ўзнікае шмат. Напрыклад, усіх без выключэння цікавіць, як фарміруецца тарыфная стаўка? Ад якіх фактараў залежыць іх заработная плата? Ці можна паўплываць на яе памер? Ці правільна ім налічваецца заробак?

«Хацелася б, каб дзейнасць Маладзёжнага савета прыўнесла нешта новае і пазітыўнае, каб былі прапанаваны канкрэтныя мерапрыемствы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, бо сёння кожны чацвёрты член Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі — прадстаўнік навучэнскай моладзі, — дадала Аксана Васілевіч. — Студэнцкім прафкамам трэба трымаць руку на пульсе, разумець інтарэсы студэнтаў і супастаўляць іх з магчымасцямі кіраўніцтва».

Слова — моладзі

Намеснік старшыні ППА студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Міхаіл КУЗЬМЯНКОЎ прапанаваў праводзіць студэнцкі фестываль першакурснікаў:

— Гэтую ідэю падгледзелі ў Санкт-Пецярбургу. Паверце, што калі 30 жніўня пройдзе такі фестываль, а 2 верасня мы прыйдзем да першакурснікаў, то нам будзе прасцей прэзентаваць сябе і знайсці з «навабранцамі» агульную мову, — падкрэсліў ён. — Агучу яшчэ дзве прапановы. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць конкурс «Каралева Вясна», дык чаму б нам не арганізаваць пад крылом прафсаюза падобны конкурс для хлопцаў і не выбіраць з іх самага вясёлага, дасціпнага і адэкватнага?

Яшчэ адзін перспектыўны кірунак — студэнцкі спорт. Напрыклад, у ЗША ён з’яўляецца важнай прыступкай да прафесійнага. І быць членам універсітэцкай каманды — вельмі прэстыжна. А ў нас хоць і праводзяцца студэнцкія спартакіяды, але ўзровень развіцця студэнцкага спорту, цікавасці да яго — зусім іншы. У Санкт-Пецярбургу дзейнічае студэнцкая футбольная прэм’ер-ліга, дзе ўдзельнічаюць абсалютна ўсе ВНУ. Дык чаму б і нам не праводзіць такія спаборніцтвы ў абласных гарадах з рэспубліканскім фіналам у сталіцы?

Дзіяна ТРАФІМОВІЧ, старшыня ППА студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, звярнула ўвагу членаў Маладзёжнага савета і ЦК прафсаюза на наступную праблему:

— Палажэнне аб парадку прадастаўлення зніжак са сфарміраванага кошту навучання было зацверджана пастановай Савета Міністраў у далёкім 2006 годзе. Згодна з ім, адной з умоў атрымання зніжкі студэнтам, які навучаецца на платнай аснове, з’яўляюцца высокія паказчыкі ў вучэбнай дзейнасці: гэта значыць, што па выніках папярэдняга навучальнага года ў яго павінна быць 50 працэнтаў адзнак «10» і «9» балаў, а астатнія адзнакі — не ніжэй за «6» балаў.

Я прааналізавала сітуацыю па нашай ВНУ: у 2020/2021 навучальным годзе зніжку на кошт навучання ў нас атрымалі 163 студэнты, з іх толькі адзін — не гуманітарый. Гэта значыць, што студэнты, якія навучаюцца на прыродазнаўча-навуковых і тэхнічных спецыяльнасцях, на факультэце біялогіі і экалогіі, інжынерна-будаўнічым факультэце, проста не могуць упісацца ў вызначаныя крытэрыі па балах. Калі ж узяць Інструкцыю аб парадку прызначэння стыпендый, то там ніжні парог для атрымання мінімальнай стыпендыі складае ў «негуманітарыяў» «5» балаў, а для астатніх — «6». Яно і зразумела, бо вывучаць філалогію ці псіхалогію прасцей, чым, напрыклад, прыкладную матэматыку або фізіку. Дык, можа, трэба зрабіць і палажэнне аб зніжках больш лаяльным да «негуманітарыяў»? Тым больш што многія з іх маюць высокія дасягненні ў навуковай рабоце, актыўна задзейнічаны ў грамадскім жыцці ўніверітэта, але ўсяго адна «шасцёрка» пазбаўляе іх права прэтэндаваць на атрыманне зніжкі на кошт навучання.

Старшыня ЦК прафсаюза Таццяна Якубовіч паабяцала ўзняць гэтае пытанне на іншым узроўні. Таксама прагучала прапанова зрабіць адну магутную дысконтную праграму для ўсіх членаў прафсаюза. Цяпер такія праграмы дзейнічаюць толькі на ўзроўні асобных ВНУ. Але, як высветлілася, пакуль што гэта прапанова ўпіраецца ў неабходнасць пераходу на адзіны для ўсіх электронны прафсаюзны білет, паколькі розныя арганізацыі ў сістэме адукацыі прывязаныя да розных банкаў.

Источник

Карта сайта