Рэспубліканская спартакіяда работнікаў сістэмы адукацыі завяршылася — заключныя спаборніцтвы, якія вызначылі пераможцаў, прайшлі ў НДЦ “Зубраня”. Нягледзячы на тое, што на спартыўных пляцоўках ішла напружаная барацьба, выйшаўшы з залы, пакінуўшы поле, сапернікі станавіліся сябрамі. У гэтым галоўная спецыфіка спартакіяды — мерапрыемства мае спаборніцкі характар, аднак з’яўляецца сімвалам яднання, сяброўства і перамог над сабой.
Спартакіяду работнікаў сістэмы адукацыі раз на два гады праводзяць Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, Міністэрства адукацыі і Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. За лідарства ў камандным і асабістым заліку сёлета паспаборнічалі больш за 350 удзельнікаў у складзе 8 каманд. Гэта каманды ўсіх абласцей краіны, Мінска і зборная каманда НАН Беларусі. Усе яны ўжо сталі пераможцамі папярэдніх этапаў спартакіяды на раённым і абласным узроўнях.
— Спартакіяда — гэта цудоўнае спартыўнае свята. Сёння тут знаходзяцца выхавальнікі, настаўнікі, выкладчыкі, і ўсе мы тут зараз спартсмены. Мы з вамі выбіраем здаровы лад жыцця і ўсведамляем, што спорт — гэта здароўе нацыі, — звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства Таццяна Раманаўна Якубовіч, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — У гэтым годзе спартакіяда прысвечана Году народнага адзінства і 100-годдзю Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Нагадаю, што гэта адборачны этап да міжгаліновай спартакіяды прафсаюзаў. І я лічу, што ў год векавога юбілею нашага прафсаюза мы не маем права не заняць 1-е месца ў міжгаліновых спаборніцтвах.
Пасля цырымоніі адкрыцця спартакіяды прагучалі першыя стартавыя свісткі, на спартыўных пляцоўках разгарнулася сур’ёзнае супрацьстаянне.
— Прыемна адзначыць, што каманды выступаюць на высокім узроўні. Мы бачым сур’ёзную мэтанакіраваную падрыхтоўку каманд — у рэгіёнах адказна ставяцца да адбору спартсменаў, праводзяць вучэбна-трэніровачныя заняткі. Ёсць каманды, якія некалькі спартакіяд запар займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў пэўных відах спорту і не збіраюцца гэтыя пазіцыі саступаць сапернікам. Такі падыход уплывае і на выступленне на міжгаліновай спартакіядзе, дзе наша каманда традыцыйна выступае вельмі годна, — адзначае Павел Іванавіч Шэсцярэнь, намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
Склад каманд быў разнастайны. Безумоўна, большая частка ўдзельнікаў — выкладчыкі і настаўнікі фізічнай культуры і спорту. Але былі ў камандах і настаўнікі-прадметнікі, выхавальнікі дзіцячых садоў, дырэктары школ, выкладчыкі УВА і іншыя педагагічныя работнікі — словам, прадстаўнікі ўсіх узроўняў сістэмы адукацыі. Разнастайны і ўзрост удзельнікаў каманд.
— У нашай камандзе ў гэтым годзе шмат моладзі. Ёсць педагогі, якія толькі скончылі ўніверсітэт і працуюць першы год, а ёсць і надзвычай вопытныя спартсмены. Напрыклад, удзельніку, які прадстаўляе Віцебшчыну ў більярдзе, ужо за 60, — расказвае кіраўнік каманды Віцебскай вобласці Дзмітрый Валянцінавіч Лукашэвіч. — Мы правялі абласную спартакіяду і некалькі турніраў па гульнявых відах спорту. Адборачны этап у вобласці праходзіў на працягу 2 месяцаў. Спартсмены паказалі дастойны ўзровень, мы разлічваем на добрыя вынікі ў міні-футболе, лёгкай атлетыцы, валейболе.
Спартсмены спаборнічалі ў 9 відах спорту: валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, гіравым спорце, дартсе, більярдзе, лёгкай атлетыцы, кулявой стральбе, плаванні. Выступіўшы ў сваёй дысцыпліне, спартсмены спяшаліся пабалець за сваіх таварышаў, якія выступалі ў іншых відах спорту, таму ва ўсіх удзельнікаў спартакіяды была моцная падтрымка на трыбунах.
— Мы горача балеем за сваю каманду і аказваем ёй маральную падтрымку. Напрыклад, кожны вечар праводзім спартсменаў і раніцай вітаем іх цёплымі словамі ў месенджарах. Гэта вельмі важна, бо спартакіяда — гэта не толькі спаборніцтва, але яшчэ і ўмацаванне педагагічнай супольнасці, добры настрой, сяброўства, узаемаразуменне і цёплыя ўражанні, — расказвае старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Акімавіч Філіпцоў. — Таксама спартакіяда — гэта магчымасць для педагагічных работнікаў праявіць свой патэнцыял, а для арганізатараў — знайсці і заўважыць сапраўдныя самародкі. Напрыклад, у нашай камандзе ў гэтым годзе ёсць Настасся Шмурадка, прадстаўніца Кармянскага раёна. Малады педагог і маладая мама бліскуча выступае на валейбольнай пляцоўцы.
Па выніках двух дзён спаборніцтваў на п’едэстал гонару падняліся каманды Мінска, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Прадстаўнікі сталіцы адарваліся ад сапернікаў больш чым на 30 балаў: яны сталі лепшымі ў жаночым валейболе, настольным тэнісе, дартсе, лёгкай атлетыцы і ў выніку занялі 1-е месца ў рэспубліканскай спартакіядзе. Камандзе Міншчыны не было роўных у мужчынскім валейболе і міні-футболе і яна паднялася на другую прыступку п’едэстала. Гродзенцы перамаглі ў спаборніцтвах па більярдзе і кулявой стральбе. У выніку каманда заняла 3-е месца.