ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ
ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”
VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ
Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”
— Сёння ў нас пашыранае пасяджэнне, прысутнічаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, галіновага міністэрства, Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, прафсаюза, упраўленняў адукацыі, — сказала Яніна Аляксандраўна Трахімовіч, старшыня савета ветэранаў. — А яшчэ мы, ветэраны, любім сустракацца з моладдзю і летась (а таксама два гады назад) праводзілі сумесныя пасяджэнні ветэранскага і маладзёжнага саветаў у Гродзенскім і Полацкім дзяржаўных універсітэтах. Правялі там па некалькі дзён і, шчыра скажу, жылі адной сям’ёй. Мы вучымся ў моладзі аптымізму, а яна ў нас — мудрасці. Ветэранаў у педагагічнай працы і прафсаюза ў нашай арганізацыі больш за 86 тысяч, з іх 466 чалавек носяць званне заслужанага настаўніка, 3200 — выдатнікі адукацыі, але, на жаль, засталося толькі 496 педагогаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Прайшло 20 гадоў з дня стварэння Рэспубліканскага савета ветэранаў працы галіны і Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, і за гэты час арганізацыя шмат папрацавала над стварэннем сваіх пярвічных арганізацый дзеля таго, каб дайсці да кожнага ветэрана працы, каб ніхто не застаўся без увагі. Сёння такіх ветэранскіх пярвічак у Беларусі 2955 — вялікая сіла.
Звяртаючыся да людзей, што сабраліся ў канцэртнай зале, Яніна Аляксандраўна знайшла, здаецца, самыя шчырыя і самыя цёплыя словы, назваўшы сваіх калег-ветэранаў братамі і сёстрамі.
Іншае вызначэнне нагадаў старшыня ЦК Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка.
— Узгадваю, як калісьці Яніна Аляксандраўна назвала нашых ветэранаў настаўнікамі запасу, — сказаў ён. — Вось мы сёння і аб’явілі вам прызыў.
А.А.Бойка таксама нагадаў, што галіновы прафсаюз — адзіны ў краіне мае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, які атрымаў у свой час за ліквідацыю непісьменнасці. Кіраўнік ЦК прафсаюза таксама запэўніў, што ганараванні і сустрэчы ў гэты святочны год дойдуць да кожнага рэгіёна з дапамогай пярвічных арганізацый.
Адбылося падчас пасяджэння і ўзнагароджванне ветэранаў працы галіны і галіновага прафсаюза, якія атрымалі юбілейныя медалі да 115-годдзя прафсаюзнага руху ў Беларусі і падзякі міністра адукацыі. Іх уручылі ветэранам Аляксандр Аляксандравіч Бойка і намеснік міністра адукацыі Сяргей Валянцінавіч Руды.
Намеснік міністра перадаў ветэранам добрыя і шчырыя пажаданні ад міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Васільевіча Карпенкі. Як сказаў Сяргей Валянцінавіч, міністр дзякуе ветэранам за нераўнадушша, за пажыццёвую аддачу сябе сістэме адукацыі, дзецям. Намеснік міністра нагадаў, што міністэрства адкрыта для прапаноў і зносін з ветэранамі, іх вопыту і ведаў.
Сярод узнагароджаных — Яніна Аляксандраўна Трахімовіч, Валянціна Аляксандраўна Байкова, Аляксандр Аляксандравіч Падгайчанка, Аляксандр Сяргеевіч Суханаў, Яўгенія Ігнацьеўна Топчая, іншыя ветэраны.
І, канечне, для ветэранаў, якія сабраліся ў камернай зале тэатра оперы і балета, адбыўся канцэрт артыстаў тэатра.
Марына ХІДДЖАЗ.