1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ВЫТОКИ ОРША КОБРИН

ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Годна служыў прафесіі

Недалёка ад старадаўняга тракта Масква — Брэст у Івацэвіцкім раёне знаходзіцца вёска з мілагучнай і прыгожай назвай Дабромысль. Для адных гэта малая радзіма, а для Сцяпана Пятровіча Куніцкага — другая радзіма.

Жыццёвая сцяжына Сцяпана Пятровіча пачалася 7 верасня 1956 года ў вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна, у сям’і рабочых.

— За сваё нараджэнне я ўдзячны Богу, за сваё выхаванне ўдзячны сваім бацькам — Пятру Канстанцінавічу і Марыі Іванаўне Куніцкім, а за тое, што стаў настаўнікам, удзячны сваёй роднай школе і настаўніку беларускай мовы і літаратуры Мікалаю Паўлавічу Юруцю, — гаворыць Сцяпан Пятровіч.

Прафесіяй настаўніка ён загарэўся яшчэ ў дзяцінстве. Вельмі часта са сваёй сястрычкай, з якой яны былі двайнятамі, і з аднагодкамі любіў гуляць у школу. Неяк маці сказала свайму мужу Пятру: “Мабыць, наш малодшы сынок будзе настаўнікам”. І не памылілася. Ён спраўдзіў іх на­дзеі. Падчас вучобы ў школе любіў гісторыю, беларускую мову і літаратуру, рускую мову і літаратуру, нямецкую мову. Калі Сцяпан вучыўся ў 8 класе, у школу прыйшоў працаваць настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Мікалай Паўлавіч Юруць. Ён запаліў у сэрцы падлетка любоў да роднай мовы і літаратуры, да гісторыі роднай зямлі.

У 1973 годзе юнак паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна на філалагічны факультэт. У студэнцкія гады атрымаў першыя ўрокі прафсаюзнай работы. На 1 курсе сустрэўся з цудоўным чалавекам, студэнтам 4 курса Анатолем Наканечнікам (у той час ён быў старшынёй студсавета інтэрната). Анатоль заўважыў актыўнасць першакурсніка і прапанаваў старшыні праф­бюро факультэта выбраць яго прафарганізатарам групы. А ўжо на 3 курсе Сцяпан стаў старшынёй прафсаюзнага бюро факультэта.

Прафсаюзныя і камсамольскія актывісты ў той час займаліся арганізацыяй студэнцкіх будаўнічых атрадаў, афармленнем святочных калон на дэманстрацыях, арга­нізоўвалі літаратурныя ве­чары, экскурсіі па гарадах-ге­роях і інш.

Пасля заканчэння інстытута ў 1977 годзе Сцяпан Пятровіч працаваў у Івацэвіцкім раёне: дырэктарам Руднянскай васьмігадовай школы і настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, дырэктарам Турнянскай васьмігадовай школы, дырэктарам Святавольскай сярэдняй школы, выхавальнікам і настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Югалінскай дапаможнай школе-інтэрнаце. Калектыў школы ў кастрычніку 1983 года выбраў яго старшынёй прафсаюзнага камітэта. У 1987 годзе Сцяпан Пятровіч завочна скончыў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага па спецыяльнасці “Дэфекталогія і лагапедыя”. У 1989 годзе сустрэў верную сяброўку жыцця — Таццяну, з якой пабудаваў хату ў Дабромыслі, выгадаваў дачушку Вікторыю.

Са студзеня 1990 па верасень 2019 года С.П.Куніцкі працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Дабромысленскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе. І на працягу 29 гадоў калектыў школы выбіраў яго старшынёй прафсаюзнага камітэта.

У 2010 годзе каманда школы заняла 1-е месца ў раённым турыстычным злёце сярод устаноў адукацыі раёна, у 2014 годзе — 3-е месца ў раённай спартакіядзе па розных відах спорту. У 2016 годзе прафсаюзны камітэт школы стаў пераможцам у раённым, абласным і рэспубліканскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю прафсаюзам грамадскага кантролю па ахове працы за 2015 год і быў узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

— На адным з пленумаў абкама прафсаюза ў час перапынку падышла да мяне старшыня Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза Тамара Іосіфаўна Чобатава і падзякавала за выступленне, пажадала заставацца патрыётам прафсаюзнага руху на доўгія гады, — успамінае Сцяпан Пятровіч.

І сапраўды, яго праф­саюз­ная дарога вымяраецца чатырма дзесяцігоддзямі. З 1989 па 2019 год ён быў членам Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. З’яўляўся дэлегатам сямі абласных справаздачна-выбарчых канферэнцый, пяці з’ездаў галіновага прафсаюза, VII з’езда Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. У сваім выступленні на VIII з’ездзе галіновага прафсаюза разам з іншымі дэлегатамі выказаў прапановы па павышэнні сацыяльнага статусу педагагічных кадраў, што знайшло сваё адлюстраванне ў Праграме дзейнасці ФПБ на 2015—2020 гады. Тэзісы яго выступлення былі надрукаваны ў “Настаўніцкай газеце”.

Выбіраўся членам прэзідыума райкама прафсаюза, з 2014 па 2019 год — абкама прафсаюза, з 2015 па 2020 гады — членам Цэнтральнага камітэта галіновага прафсаюза.

Сцяпан Пятровіч разам з калегамі і вучнямі здзейсніў не адзін дзясятак пешых і веласіпедных паходаў па гістарычных мясцінах Бацькаўшчыны, займаецца края­знаўствам. Апошнія гады цесна супрацоўнічае з “Настаўніцкай газетай”. Нямала матэрыялаў ён напісаў разам з настаўніцай гісторыі Таццянай Анатольеў­най Голік. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Дабромысленскага сельсавета.

Сцяпан Пятровіч неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі раённага, абласнога камітэтаў прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, у 2014 го­дзе — граматай ЦК галіновага прафсаюза. У 2015 годзе атрымаў нагрудны знак “За адданасць галіноваму прафсаюзу”. А ў верасні 2019 года ён атрымаў Падзяку ЦК галіновага прафсаюза за значны ўклад у развіццё прафсаюзнага руху і за актыўны ўдзел у дзейнасці галіновага прафсаюза. Узнагароджаны граматай Івацэвіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў. За сваю педагагічную дзейнасць Сцяпан Пятровіч узнагароджаны шматлікімі граматамі і Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі.

— Праца настаўніка і прафсаюзная дзейнасць — гэта сэнс майго жыцця і настаўніцкага лёсу. Званне настаўніка я заўсёды нёс годна, ганарыўся сваёй прафесіяй, таму што любіў дзяцей і праца з імі прыносіла мне радасць і задавальненне. Я ганаруся тым, што многія мае вучні сталі настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры. У маім жыцці было шмат усяго, не было толькі аднаго: шкадавання аб тым, што выбраў педагагічны шлях, — гаворыць Сцяпан Пятровіч.

Зараз, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, разам з настаўніцай гісторыі Т.А.Голік Сцяпан Пятровіч піша кнігу пра Дабромысленскі край, які мае багатую і самабытную гісторыю.

Васіль РАЗУМЕЙЧЫК,
старшыня Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Источник

Карта сайта