1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39
ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Осіпава Зоя Яфімаўна

Яна ніколі не засяроджвала ўвагу на страшных імгненнях свайго дзяцінства. І зусім мала хто ведаў, што на яе долю выпалі жудасныя выпрабаванні – фізічныя і душэўныя, калі кожны дзень мог стаць апошнім, калі смерць хадзіла побач, калі голад і холад не давалі спаць: наша зямлячка Зоя Осіпава – адна з мільёнаў былых малалетніх вязняў фашызму. І яна – не зломлены Вялікай Айчыннай чалавек. Не знішчыла вайна і волю да жыцця, не счарсцвела яе сэрца, а душа заўжды была і застаецца адкрытай для іншых.

 

Добры дзень, мяне завуць Зоя Яфімаўна Осіпава, я буду выкладаць у вас рускую мову і літаратуру, – прывіталася з нашым класам строгая і, як потым аказалася, надзвычай патрабавальная настаўніца. А яшчэ інтэлігентная, тактоўная, эрудыраваная. 

Не стану ўтойваць, што спачатку мы пабойваліся Зою Яфімаўну. Каб атрымаць у яе пяцёрку, трэба было вельмі пастарацца. А потым мы ў яе ўлюбіліся. Як жа цікава яна расказвала пра Пушкіна і Лермантава, заварожвала вершамі рускіх класікаў, чытала іх на памяць. Вучыла самастойна думаць і выказваць уласнае меркаванне. І, трэба сказаць, да старэйшых класаў мы навуку засвоілі. 

Наша настаўніца валодала сапраўдным педагагічным дарам. Як пацвярджэнне прафмайстэрства – узнагароджванне Зоі Осіпавай нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы». 

СШ № 2 стала ў яе біяграфіі асноўным працоўным месцам, а 1988-89 наву-чальны год – апошнім у яе педагагічнай кар’еры. Зоя Осіпава выйшла на заслужаны адпачынак, але не губляе сувязі са школай, якой аддала больш за два дзесяцігоддзі. І на пенсіі, калі дазваляе здароўе, яна з задавальненнем прыходзіць сюды на сустрэчы з мінулым і сённяшнімі рабятамі і настаўнікамі. 

Растуць, набіраюцца сіл і яе яблынькі, пасаджаныя тры гады назад у «Садзе мары» каля любімай СШ № 2,  а ў музеі захоўваюцца ўспаміны Зоі Осіпавай – былога малалетняга вязня фашызму. 

…Май 1941 года, вёска на Смаленшчыне. Вучаніца 2 класа Зоя радасная бяжыць дамоў: трэба хутчэй расказаць маме і сёстрам, што яна закончыла год на выдатна. 

А праз тры тыдні пачалася вайна.

– Аднойчы старэйшая з пяці сясцёр Жэнька пайшла да сяброўкі. У той час мамы дома не было, яна пагнала калгасны статак у Разанскую вобласць, каб зберагчы ад фашыстаў. Напэўна, дзяўчаты мелі сувязь з партызанамі, іх схапілі карнікі. З таго часу пра сястру мы больш нічога не чулі, хаця і шукалі. У акупацыі было цяжка, – успамінае ваеннае дзяцінства Зоя Осіпава. 

Але самае страшнае было наперадзе: усю іх сям’ю вывезлі ў душных таварняках на прымусовыя работы ў Германію. Колькі разоў за час жудаснага падарожжа мама вырывала з абдымкаў смерці сваю Зою. На мяжы з Францыяй, у былым спартыўным будынку, абцягнутым калючым дро-там, пасялілі нявольнікаў – старых, жанчын, дзяцей. Пад дуламі аўтаматаў ганялі іх працаваць на фабрыку. Зоя Яфімаўна расказвае, што ёй «пашчасціла» – мыла посуд у бюргера, у сям’і якога да дзяўчынкі адносіліся някепска, не здзекаваліся над ёю. Куды больш тады перажывала за маму, сясцёр – у іх на фабрыцы ўмовы былі нечалавечыя.

– Разумелі, што вайна вось-вось закончыцца: усё часцей налёты авіяцыі. І раптам у адзін з дзён не прыйшоў за намі ў барак канвой. З’явіліся амерыканскія салдаты, нас пагрузілі ў машыны і павезлі, як аказалася, дадому – у Савецкі Саюз. Мама вырашыла не вяртацца на Смаленшчыну, засталіся ў Брэсцкім раёне, на яе малой радзіме, – нібы вяртаецца ў 1945 год Зоя Яфімаўна. Паціху наладжвалася мірнае жыццё. Хоць маці Зоі адна падымала дзяцей, разумела, што адукацыя неабходная, не шкадавала грошай на гэта. Тым больш, Зоя вучылася з ахвотай і вытрымала іспыты ў педінстытут. 

Настаўніцы рускай мовы і літаратуры Зоі Яфімаўне Осіпавай 86 гадоў. Канешне, здароўе падводзіць, але па-ранейшаму яна жыве з верай, што ўсё будзе добра. Побач сын Яўгеній, які так падобны на бацьку (мужам Зоі Осіпавай быў таленавіты педагог і паэт Кастусь Турко). 

Сумаваць няма часу. Так многа, як раней, гадзінамі, не чытае – зрок не той. Але штодня знаходзіць час, каб узяць у рукі кнігу, абавязкова штудзіруе кожны нумар «ЛВ». І што б ні здарылася ў яе жыцці, прадаўжае радавацца кожнаму дню. Кошт імгнення яна навучылася цаніць. Яшчэ тады, калі дзесяцігадовым дзяўчом была ў нямецкай няволі. А сёння бясконца гатова паўтараць: шчасце – жыць у міры.

Карта сайта