1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39
ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Жукоўскі Аляксандр Сямёнавіч

Першым і галоўным настаўнікам Сашы Жукоўскага быў ягоны бацька – сельскі шавец, якога ў Ашнаравічах і ў навакольных вёсках добра ведалі як дасціпнага чалавека і выдатнага майстра. Ён вельмі хацеў, каб сын атрымаў адукацыю. У Дзераўноўскую школу дзяцей з іх вёскі мала хто аддаваў. А Аляксандр Жукоўскі быў адным з вёскі, хто дайшоў да сёмага класа. Вельмі перажываў Аляксандр, калі пасля сёмага класа яму давялося паставіць кропку ў асваенні граматы. Сям’я мела паўтара гектара зямлі, а бацька і мачаха гадавалі яшчэ пяцёра дзяцей. Абавязак старэйшага – дапамагаць бацькам, таму Аляксандр Сямёнавіч пайшоў служыць да багатага хутараніна.

“Аднойчы Аляксандр Сямёнавіч сустрэў кіраўніка школы і той здзівіўся, што такі здольны вучань не працягвае вучобу. Паабяцаў дапамагчы паступіць ў гімназію імя Тадэвуша Касцюшкі. Але ж не атрымалася нічога з задумкі навучаць падлетка за кошт гміны. Аднак, з падробленымі дакументамі яму пашанцавала паступіць у Варшаўскую гімназію імя С. Панятоўскага. Параіўшыся са сваім настаўнікам Стэфанам Іванашкам, Аляксандр здаў уступныя экзамены ў польскую дзяржаўную гімназію імя Т. Касцюшкі № 922 у Слоніме. Паколькі плаціць за навучанне Жукоўскаму не было чым, Стэфан Іванашка дапамог яму за дзяржаўны кошт паступіць у гімназію № 5 Ю. Панятоўскага ў Варшаву. Туды і паехаў беларускі юнак. Аднак давялося Аляксандру Сямёнавічу закончыць усяго два класы, бо пачалася Другая сусветная вайна. Вярнуўся дамоў, на Слонімшчыну, і па скарочанай праграмме да пачатку Вялікай Айчыннай вайны атрымаў сярэднюю адукацыю, бо датэрмінова здаў усе экзамены – успамінае малодшы брат Аляксандра Сямёнавіча Жукоўскі Уладзімір Сямёнавіч.

Падчас вайны Аляксандр Жукоўскі жыў з бацькамі ў Ашнаравічах, працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Дзераўная. Вайна вайной, а дзяцей вучыць трэба было. Што і рабіў малады беларускі настаўнік, які добра валодаў нямецкай мовай. У час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Сталіна брыгады імя Ракасоўскага, перадаваў звесткі партызанам. Па загадзе камандзіра партызанскага атрада паступіў на службу да немцаў, што дазваляла яму з лёгкасцю здабываць інфармацыю аб перамяшчэнні немцаў. Пасля вайны ўсё сваё жыццё Аляксандр Сямёнавіч звязаў з педагогікай.

Жукоўскі Аляксандр Сямёнавіч скончыў гістарычны факультэт Баранавіцкага дзяржаўнага беларускага педагагічнага інстытута, працаваў загадчыкам Ашнаравіцкай пачатковай школы, потым Ёцавіцкай, Горкаўскай школ на Дзятлаўшчыне, Чамяроўскай васьмігадовай школы на Слонімшчыне. У жніўні 1949 года быў накіраваны ў Вішаўскую сямігадовую школу Слонімскага раёна, дзе пяць гадоў быў завучам, а апошнія сем гадоў яе дырэктарам.

З 1964 года Аляксандр Жукоўскі стаў працаваць настаўнікам гісторыі ў СШ № 4 г. Слоніма. Тут таксамама ён займаўся не толькі педагогікай, але і краязнаўчай, музейнай справай. Створаны ім музей у СШ № 4 г. Слоніма да сённяшніх дзён лічыцца адным з найлепшых школьных музеяў рэспублікі.

Дзякуючы Аляксандру Сямёнавічу Жукоўскаму, Савету яго музея ўдалося ўстанавіць 55 прозвішчаў савецкіх воінаў, якія загінулі падчас вайны на тэрыторыі Беларусі. На тэрыторыі сярэдняй школы №4 у гонар удзельнікаў баёў за вызваленне Слоніма ў гады Вялікай Айчыннай вайны, быў адкрыты памятны абеліск воiнам 199 штурмавой авiя-дывiзii.

Будучы з 19 лютага 1990 года на пенсіі, А.С.Жукоўскі працягвае працаваць у СШ № 4 настаўнiкам гiсторыi, а затым займае пасаду метадыста Народнага музея. І гэта не гледзячы на 2-ю групу інваліднасці. Аляксандр Сямёнавіч не ўяўляў свайго жыцця без музея, якому аддаў дзясяткі гадоў свайго жыцця, у які ўклаў непамерную працу і талент гісторыка-даследчыка, патрыёта роднай зямлі. Да апошняга дня свайго жыцця ён працаваў у музеі, вырашаў яго праблемы, рыхтаваў сабе змену, перадаючы маладым свой вопыт і веды.

Звыш 50 гадоў працаваў А.С. Жукоўскі ў школах Гродзеншчыны.

Пры жыцці Аляксандр Жукоўскі быў узнагароджаны шматлікімі нагруднымі знакамі, медалямі, граматамі, у тым ліку і граматай Савета Міністраў СССР. У 1990 годзе яму было прысвоена ганаровае званне заслужанага работніка культуры Беларусі.

Журналістыка – яго другая прафесія, менавіта так назваў сваю цягу да журналісцкай творчасці А.С. Жукоўскі. А.С. Жукоўскі з’яўляўся пастаянным пазаштатным карэспандэнтам раённай газеты.

Акрамя гэтага, Аляксандр Жукоўскі на працягу ўсяго свайго жыцця шмат пісаў і друкаваў свае артыкулы па гісторыі, краязнаўстве і педагогіцы. У 1971 годзе (другое выданне выйшла ў 1973 годзе) выдавецтва “Народная асвета” выпусціла ў свет ягоную кнігу “Школьны музей рэвалюцыйнай і баявой славы”, дзе аўтар абагульніў свой багаты вопыт па збору матэрыялаў і арганізацыі школьнага музея, цікава расказаў пра разнастайную працу юных краязнаўцаў, пра тое, як трэба выкарыстоўваць матэрыялы музея ў вучэбнай і выхаваўчай рабоце ў школе і па-за школай.

А ў 1990 годзе ў Гродне выйшла яго невялікая кніжачка “Яны прынеслі вызваленне”, прысвечаная героям Вялікай Айчыннай вайны.

25 жніўня 1995 Аляксандра Сямёнавіча не стала. Але ён жыве ў памяці людзей, якія яго ведалі, ці толькі чулі пра яго; якім ён дапамог знайсці магілу бацькі, брата. Ён жыве ў тысячах лістах, якія пасылаў у Расію і Казахстан, у Польшчу і Канаду, прыносячы людзям радасць і надзею. І да сённяшняга дня ў музей ідуць лісты ад ветэранаў з Расіі і Узбекістана, Малдовы і, вядома, з Беларусі. У іх – настойлівая просьба і патрабаванне да школы і гарадской улады – увекавечыць імя Аляксандра Сямёнавіча Жукоўскага. Ён будзе вечна жыць у сэрцах нашчадкаў. Ён мае на гэта права. На асабістым рахунку Жукоўскага – стварэнне трох музеяў.

Карта сайта