1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ВЫТОКИ ОРША КОБРИН

ЭЛЕКТРОННЫЕ ОБРАЩЕНИЯ ГРАЖДАН И ЮРЛИЦ

Медиагалерея

Опрос

Если вы нацелены на быстрое достижение исполнения должником своих обязательств, вы предпочтете:

Загрузка ... Загрузка ...

Галубцоў Кірыл Парфёнавіч

Пасля заканчэння сямігодкі хлопец вырашыў стаць настаўнікам і паступіў у Магілёўскае педагагічнае вучылішча, дзе навучаўся ў 1938—1939 гг. Час тады быў неспакойны, над Еўропай навісла пагроза новай сусветнай вайны, і Кірыл вырашыў прадоўжыць вучобу ў ваенным вучылішчы.

Вайсковая справа заўсёды прываблівала яго, нездарма ж ён нарадзіўся 23 лютага. У 1939 годзе Галубцоў стаў курсантам Тамбоўскага Чырвонасцяжнага кавалерыйскага вучылішча. Два гады вучобы праляцелі, і ў чэрвені 1941-га малады лейтэнант Галубцоў быў накіраваны для праходжання службы ў Паўднёвую ваенную акругу. Перад адпраўкай у дзеючую армію Кірыл Парфёнавіч атрымаў кароткачасовы адпачынак і паехаў у родную Беларусь. Як даўно ён не бачыў родных, колькі ўсяго яму хацелася расказаць! Але па дарозе дадому прама ў цягніку напаткала страшная навіна: Германія напала на Савецкі Саюз.

Сустрэча з бацькаўскім домам была кароткай, нядаўні выпускнік ваеннага вучылішча павінен быў тэрмінова прыбыць на месца службы. Праз паўтара месяца фашысцкія акупанты захапілі родную вёску Кірыла Галубцова і павесілі яго бацьку і брата. Хтосьці данёс немцам на сям’ю Галубцовых, паведаміўшы, што іх сын — савецкі афіцэр і камуніст. Аб гэтай страшнай трагедыі Кірыл Парфёнавіч даведаецца толькі пасля вызвалення Беларусі. А пакуль нявопытнага яшчэ афіцэра назначылі выконваць абавязкі каменданта ваеннага трыбунала. Ён павінен быў ахоўваць арыштаваных, якія падлягалі суду. Некаторыя афіцэры былі арыштаваны беспадстаўна, і вось адзін ужо асуджаны генерал паспрабаваў застрэліцца пасля вынясення прысуду. За гэты выпадак Галубцоў быў пакараны — пазбаўлены пасады і адпраўлены ў якасці камандзіра кавалерыйскага ўзвода на Сталінградскі фронт.

Можна толькі ўявіць, якая страшэнная бітва была пад Сталінградам! Кірыл Парфёнавіч быў там моцна паранены, асколкамі прабіла лобныя косці. Дарэчы, з адным асколкам ветэран пражыў усё жыццё. Восем месяцаў ён лячыўся ў шпіталі г. Элісты, здолеў выжыць, але прысуд урачоў быў суровы — не годны да страявой службы. Пасля заканчэння Сталінградскай бітвы Галубцова ў ліку іншых яе герояў-удзельнікаў запрасілі на ўрачыстае паседжанне ў Крэмль, дзе ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Ордэн уручыў асабіста старшыня Вярхоўнага Савета СССР  М.І.Калінін.

Афіцэра камісавалі па стане здароўя, але ён не здолеў застацца ў баку ад важных спраў і ў 1943 годзе быў накіраваны ў тылавое вучылішча г. Каўрова Уладзімірскай вобласці, дзе знахо­дзіліся ваенныя прадпрыемствы па выпуску зброі. На адным з такіх заводаў працавала 18-гадовая Тамара Волкава. Ішла вайна, жылося вельмі цяжка, але маладосць брала сваё. Кірыл спачатку звярнуў увагу на старэйшую сястру Тамары — прыгажуню Люсю, але тая абрала сабе іншага кавалера, афіцэра.

Крыху пазней Тамара і Кірыл пачалі сустракацца, сталі мужам і жонкай.

Але не такі ён быў чалавек, каб заседжвацца дома, калі краіна ваюе, і напісаў пісьмо генералу кавалерыі Гарадавікову з просьбай адправіць на фронт. Генерал просьбу задаволіў, і Кірыл Парфёнавіч зноў апынуўся ў дзеючай арміі ў якасці камандзіра кавалерыйскага эскадрона. Удзельнічаў у баях за Берлін, быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені. Напрыканцы вайны кантужаны пад горадам Патсдамам, каля года лячыўся.

Цяжкасці ваеннага ліхалецця мінулі, краіна святкавала Перамогу. Кірыл Парфёнавіч як камуніст, удзельнічаў у аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі. Партыя накіравала яго ў Малдавію арганізоўваць работу на заводзе шампанскіх він, дзе ён займаў пасаду намесніка дырэктара. Жыццё ў пасляваеннай Малдавіі было небяспечным: па лясах хаваліся банды бандэраўцаў, якія высочвалі савецкіх партыйных работнікаў. Не раз жыццю сям’і Галубцовых пагражала рэальная небяспека.

Кірыл Парфёнавіч імкнуўся ў родную Беларусь і быў накіраваны ў
г. Ліда дырэктарам дзіцячага прыёмніка. Сотні дзяцей-сірот прайшлі праз гэтую ўстанову, і кожнага трэба было адзець, абуць і галоўнае — адагрэць яго абпаленую вайной душу. Працуючы з дзецьмі, К. Галубцоў зразумеў, што неабходна ўдасканальваць веды, набытыя ў педвучылішчы яшчэ перад вайной, і паступіў у Гродзенскі педагагічны інстытут на філалагічны факультэт.

Вучыўся завочна і адначасова працаваў дырэктарам вячэрняй школы працоўнай моладзі ў Гродна. Тут, у абласным цэнтры, сям’я нарэшце атрымала асобную кватэру на вул. Віленскай і перастала “мыкацца па вуглах”. Пасля заканчэння педінстытута ў 1956 годзе дыпламаваны настаўнік накіроўваецца ў вёску адраджаць народную адукацыю. Перад ім не стаяла пытанне: ехаць у вясковую школу ці застацца ў горадзе? Калі партыя накіроўвае, значыць, трэба ехаць. Так маладая сям’я апынулася ў Шылавічах, Ваўкавыскага раёна. Кірыл Парфёнавіч стаў ды­рэктарам школы, Тамара Іванаўна — біб­ліятэкарам. Праз год — новае накіраванне — у Тупічанскую школу.

Востра стаяла праблема з жыллём, і, калі ў Воўпе адбудавалі новы дом, адну невялічкую кватэру выдзелілі сям’і Кірыла Парфёнавіча, а сам ён пайшоў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Воўпаўскую СШ. Настаўнік заўсёды быў патрабавальны, яго ўрокі адрозніваліся вобразнасцю і праўдай жыцця. І калегі, і вучні паважалі Кірыла Парфёнавіча за прынцыповасць, адкрытасць, сумленнасць і добразычлівасць. Ён ганарыўся сваімі ўзнагародамі, але ніколі не насіў іх напаказ, не хваліўся подзвігамі і з радасцю адклікаўся на просьбы дзяцей расказаць аб вайне, сустракаўся з моладдзю падчас мітынгаў і заўсёды паўтараў, што самае важнае — гэта мір.

Нягледзячы на тое, што Галубцоў быў чалавекам прыезджым, жыхары Воўпы даволі хутка прынялі яго за свайго і часта звярталіся з разнастайнымі просьбамі. Як чалавек з вышэйшай адукацыяй, ён пісаў ад імя вяскоўцаў звароты і скаргі нават самому Машэраву, дапамагаў у вырашэнні бытавых праблем. Усіх выслухоўваў, нікому не адмаўляў.

Але ваенныя раненні сталі ўсё часцей нагадваць аб сабе, здароўе пагоршылася, і 6 жніўня 1979 года ва ўзросце 59 гадоў Кірыл Парфёнавіч памёр. Пахаваны на могілках у Воўпе.

Карта сайта