1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяНовостиБудущие педагоги постигают азы профсоюзной жизни
18 сентября 2018

Будущие педагоги постигают азы профсоюзной жизни

Источник: 1prof.by

 

Прафсаюзны ўрок для будучых настаўнікаў

Гасцявы ўрок для першакурснікаў Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…” прайшоў у штаб-кватэры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яго арганізатарам выступіў Мінскі гарадскі камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

bnsdf1640

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна Ільіна, старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава.

Як расказала Ларыса Волкава, гасцявыя прафсаюзныя ўрокі сталі ўжо добрай традыцыяй і праводзяцца чацвёрты раз. Так, першы такі ўрок “Моладзь і прафсаюзы” прайшоў у Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, наступны пад назвай “Нам гэты мір наканавана берагчы” адбыўся ў сталічнай пракуратуры, а летась у Дзень ведаў навучэнцы педагагічнага каледжа пабывалі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе для гасцей быў праведзены ўрок “Мая Айчына — Беларусь”.

Урок, прысвечаны Году малой радзімы, для будучых настаўнікаў пачатковых класаў правяла старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа Святлана Камінская. Удзельнікі ўрока ўключыліся ў цікавую гутарку пра гісторыю прафсаюзнага руху ў Беларусі і сучасную дзейнасць прафсаюзаў. Дзяўчаты падрыхтавалі змястоўныя паведамленні. Навучэнцы даведаліся, што ўзнікненне беларускага прафсаюза датуецца канцом XIX — пачаткам XX стагоддзя. Ля вытокаў стварэння прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі стаяў Якуб Колас. Размешчанае на правым беразе Нёмана ўрочышча Прыстанька славіцца адной знакавай падзеяй. 9 ліпеня 1906 года маладыя настаўнікі, сярод якіх быў і будучы народны паэт Беларусі, правялі тут свой нелегальны з’езд. З-за даўнасці гадоў вакол гэтага сходу існуе шмат супярэчнасцей і няпэўнасці, якія нават навукоўцам не даюць магчымасці ў драбніцах узнавіць дакладны ход тагачасных падзей. Але асноўны іх сэнс нам вядомы са школьнай праграмы — настаўнікі-“змоўшчыкі” заклікалі калег да адстойвання сваіх прафесійных і сацыяльных правоў.

bnsdf640

 

Прафсаюз — рэальнасць, якая гістарычна склалася і не губляе актуальнасці сёння. Ён абараняе правы і інтарэсы работнікаў, кантралюе выкананне наймальнікам норм працоўнага заканадаўства, аховы працы, аказвае матэрыяльную падтрымку, стварае ўмовы для правядзення вольнага часу і адпачынку работнікаў, садзейнічае развіццю прафесійнага майстэрства. Кожны работнік можа стаць часткай гэтай рэальнасці.

Як адзначалася, сёння ў склад Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў уваходзіць 18 галіновых прафсаюзаў — мінскае гарадское і 6 абласных, 137 мясцовых і рэгіянальных структур. Прычым Мінская гарадская арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі аб’ядноўвае каля 60 тысяч чалавек (98% ад агульнай колькасці педагогаў). Асноўная ўвага прафсаюзаў удзяляецца пытанням аховы працы работнікаў. На варце працоўных правоў беларусаў больш за 100 прафсаюзных юрыстаў. Федэрацыя прафсаюзаў падтрымлівае сацыяльна-значныя і культурныя праекты. Адзін з самых маштабных — рэспубліканская грамадзянска-патрыятычная акцыя “Мы разам”. За тры гады яна праводзілася ў кожным раёне краіны. У дзіцячых прафсаюзных спартыўных школах займаюцца больш за 47 тысяч дзяцей па 49 відах спорту. Для рабочых калектываў арганізоўваюцца турыстычныя злёты, рэспубліканскія і рэгіянальныя спартакіяды. У прафсаюзных санаторыях штогод праходзяць аздараўленне да 100 тысяч чалавек. Для ўладальнікаў прафсаюзных білетаў — скідка 25% ад кошту пуцёўкі. Такую ж скідку члены прафсаюза атрымліваюць і за пражыванне ў гасцініцах сістэмы “Беларустурыст”. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі актыўна ўзаемадзейнічае з замежнымі партнёрамі.

Прафсаюзны Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” — адна з вядомых УВА краіны. У ёй вучыцца каля 4000 студэнтаў. Лагістыка, праграмаванне, правазнаўства, менеджмент, маркетынг — няпоўны пералік спецыяльнасцей, па якіх рыхтуе згаданы ўніверсітэт, які імгненна рэагуе на зменлівыя запыты рынку працы.
Падчас урока навучэнцы даведаліся, што сёння ўваходзіць у сферу дзейнасці прафсаюзаў ФПБ, пра стратэгію сацыяльнага партнёрства і перавагі, якія дае членства ў гэтай арганізацыі. І за прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Летась некалькі навучэнцаў педкаледжа атрымалі выплаты мінскага гарадскога камітэта. Сёлета 10 будучых педагогаў накіроўваюцца на аздараўленне ў санаторый, а выдатнікам вучобы і актывістам прадастаўляецца сертыфікат на наведванне басейна.

Асаблівую цікавасць будучыя педагогі праявілі да работы прафсаюза з моладдзю. Старшыня Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава ўдзяліла асаблівую ўвагу пытанням маладзёжнай палітыкі. Па словах Ларысы Леанідаўны, сёлета ў педагагічныя калектывы прыйшлі 750 маладых спецыялістаў. За апошнія тры гады ўсё больш маладых педагогаў застаецца ў галіне. А яшчэ чатыры гады назад сітуацыя была іншай: прыкладна 50% маладых настаўнікаў не затрымлівалася ў прафесіі. Прычыны былі рознымі, але большасць выпускнікоў да моманту размеркавання разумела, што не бачаць сябе ў гэтай спецыяльнасці. У многім для таго, каб змяніць складаную сітуацыю, быў створаны маладзёжны савет, асноўнымі задачамі якога з’яўляюцца абарона працоўных правоў і прафесійных інтарэсаў маладых педагогаў, садзейнічанне развіццю і прафесійнаму росту, прыцягненне моладзі да прафсаюзнай работы.

Ларыса Леанідаўна спынілася на цікавых праектах, якія ініцыіруюцца Мінскай гарадской арганізацыяй галіновага прафсаюза, дзе маладым людзям даецца магчымасць праявіць сябе ў розных творчых напрамках. Так, паспяхова прайшла рэспубліканская акцыя “Павіншуем маму разам!”, былі рэалізаваны праекты “Акадэмія маладога ўзросту” і “ТЕМП-2018. Трудом едина молодежь профсоюзов”. Для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе “Педагагічны старт — 2017” ад Мінскай гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза было накіравана 8 работ. Абсалютнай пераможцай прызнана настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 152 Мінска Юлія Аляшкевіч. У ліку прызёраў і настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 134 Мінска Настасся Петрачэнка.

Як падкрэсліла Ларыса Волкава, удзел у падобных мерапрыемствах разнявольвае, пабуджае да прафесійных зносін, спрыяе прафесійнаму росту і развіццю.

Будучыя настаўнікі пачатковых класаў выказалі ўдзячнасць арганізатарам прафсаюзнага ўрока за цікавую інфармацыю і той вопыт, якім з імі падзяліліся старэйшыя калегі.

Для навучэнцаў была праведзена экскурсія па зале працоўнай славы. Ва ўрачыстай атмасферы яны атрымалі прафсаюзныя білеты.

— Гляджу на вас і шчыра зайздрошчу: у вас ёсць база ведаў, а гэта значыць, залаты час дзяцінства вы патрацілі з карысцю, — звярнуўся да будучых педагогаў старшыня Мінскага гарадскога аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Мікалай Беланоўскі. — Жадаю, каб сваё імкненне быць лепшымі, дабівацца выніку ва ўсім: у прафесіі, у жыцці — вы пранеслі праз гады. Можна стаць ідэальным спецыялістам, можна атрымаць максімальныя балы, чырвоны дыплом, аднак нельга сябе абкрадаць, абыходзячы бокам калектыў і грамадскую працу, бо гэтая грань робіць наша жыццё больш поўным, цікавым, пашырае нашы магчымасці, дазваляе самарэалізоўвацца. Прафсаюз — гэта сям’я, і ў нас, як і ў любой сям’і, ёсць і клопаты, і абавязкі. Рады, што наша прафсаюзная сям’я сёння папоўнілася. Дзяліцеся сваімі праблемамі, радасцямі, уносьце прапановы! Дзверы для вас заўсёды адчынены! Галоўнае — ваша актыўнасць і ініцыятыўнасць. Прыходзьце ў прафсаюз — будзем разам!”

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

«Настаўніцкая газета»

Карта сайта