1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяНовостиКаб адпачынак быў актыўны, з карысцю
16 июня 2020

Каб адпачынак быў актыўны, з карысцю

Ужо ўчора студэнты БНТУ, БДПУ, БДУФК, БДУ і МДЛУ са шчырымі ўсмешкамі і радасным настроем сустракалі навучэнцаў розных катэгорый ад 6 да 17 гадоў, якія на працягу 18 дзён будуць адпачы­ваць у “Палітэхніку” на беразе Мінскага мора. Важацкае лета пачалося ўрачыста, з яркімі эмоцыямі. Усё гэта было ўчора, а вось у суботу, напярэдадні заезду вучняў, міністр адукацыі азнаёміўся з падрыхтоўкай лагера да прыёму дзяцей, пагутарыў з байцамі педагагічнага атрада, адказаў на шэраг пытанняў, якія тычыліся асаблівасцей правядзення сёлетняй аздараўленчай кампаніі, маральных якасцей педагога, у прыватнасці яго ўмення наладзіць кантакт з вучнямі.

У якасці прыкладу Ігар Ва­сільевіч прывёў свой вопыт, узга­даў паходы з навучэнцамі па Случы і Прыпяці, а таксама азёрным Ушацкім краі, па тых мясцінах, дзе ў маі 1944 года байцы брыгад Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння здзейснілі прарыў блакады нямецка-фашысцкіх войск. “Паходы з’яўляюцца яркай падзеяй, і тыя цяжкасці, якія нам давялося пераадолець, не спынялі, а, надварот, выклікалі жаданне ісці далей. Калі мы завяршалі паход, то было адчуванне зробленай справы, хаця, па сутнасці, наш паход быў адпачынкам. Паход дазваляе адчуць адно аднаго ў нефармальнай атмасферы, вучні пачнуць пава­жаць цябе не таму, што ты старэйшы за іх або з’яўляешся настаўнікам, а таму, што ты па-сапраўднаму заваюеш у іх аўтарытэт. Тыя навыкі, якія вы атрымаеце падчас работы з дзецьмі летам, спатрэбяцца вам у будучыні не толькі як педагогам, але і як інжынерам, трэнерам”, — падзяліўся Ігар Васільевіч.

Занятасць дзяцей у летні перыяд, калі бацькі знаходзяцца на рабоце, дазваляе пазбегнуць правапарушэнняў і злачын­ст­ваў, асабліва з боку падлеткаў 15—16 гадоў. У гэтым годзе традыцыйна ў Астрашыцкім гарадку на базе рэабілітацыйнага цэнтра “Расток” Міністэрства адукацыі сумесна з Міністэрствам унутраных спраў бу­дзе ладзіць лагер для падлеткаў, якія патрабуюць асаблівага педагагічнага падыходу. Адначасова там праходзіць лагер для дзяцей — інвалідаў-калясачнікаў. Па словах Ігара Васільевіча, калі падлеткі, якія здзейснілі правапарушэнні, сутыкаюцца з такімі дзецьмі і выступаюць у якасці валанцёраў, памочнікаў, то яны пачынаюць па-іншаму глядзець на жыццё. “У нас ёсць чатыры ўстановы закрытага тыпу: тры ўстановы прафесійна-тэхнічныя і адна спецшкола, куды па рашэнні суда накіроўваюцца падлеткі за розныя правапарушэнні, — адзначыў міністр адукацыі. — Таксама робім іх адпачынак разнастайным. Мы ходзім у паходы, возім у цырк, аквапарк. Спартыўна-па­трыятычны палявы лагер для такой катэгорыі падлеткаў традыцыйна праводзім і на базе 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы”.

Падчас гутаркі са студэнтамі міністр адзна­чыў: сёння работадаўца глядзіць не толькі на дыплом, адзнакі ў ім, але і на тое, наколькі актыўна маладыя лю­дзі праяўляюць сябе ў грамад­ска значнай дзейнасці, у валанцёр­скай справе, студэнцкіх атрадах. Гэта багаж, з якім будзе лягчэй ісці па жыцці і канкурыраваць на рынку працы. Уменне ўзаемадзейнічаць, камунікаваць важнае для любога спецыяліста. Ігар Васільевіч выказаў спадзяванне, што байцы атрада “Крылаты” прадумалі праграму работы з дзецьмі, каб тыя ўражанні, якія вучні хацелі атрымаць ад адпачынку ў лагеры, спраўдзіліся.

Змена абавязкова прой­дзе на высокім узроў­ні. Па словах намесніка дырэктара па асноўнай дзейнасці дзіцячага аздараўленчага лагера БНТУ “Палітэхнік” Ула­дзіміра Сяргеевіча Самуленкава, адбор у байцы педагагічнага атра­да быў праведзены на конкурснай аснове. На працягу 6 месяцаў праходзіла навучанне, якое складалася з некалькіх этапаў, моладзь вучылася выра­шаць педагагічныя сітуацыі, распрацоўвала праграму, гульні. Усяго з 15 чэрвеня па 30 жніўня ў “Палітэхніку” плануецца правесці чатыры змены па 18 дзён. Акцэнт будзе рабіцца і на фізічным удасканаленні навучэнцаў. Невыпадкова на яго тэрыторыі была абсталявана лыжаролерная траса.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Источник

Карта сайта