1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяНовостиПершая народная
06 октября 2019

Першая народная

…Фашысты паставілі ўсіх жыхароў у доўгую шарэнгу. Мама трымала Олю за руку. А ёй, маленькай дзяўчынцы, надакучыла стаяць, і яна стала тузаць за руку: “Мам, ну, мам, ідзём дадому!”. Жанчына ўгаварыла дачушку замаўчаць, каб не прыцягваць увагу немцаў. Акупанты назвалі прозвішчы і адвялі многіх людзей. Ім пашанцавала — адпусцілі дадому. Гэты дзень мог стаць апошнім у іх жыцці, што дзяўчынка зразумела не адразу. Але вайна ўсё ж прымусіла глядзець на свет дарослымі вачыма.

Успамінаць пра цяжкія выпрабаванні падчас акупацыі Вользе Сысоеўне Аўраменка нават праз дзесяцігоддзі цяжка. Яе мама засталася тады адна з дзецьмі, бацька пайшоў на фронт. Што­дзённы жах і страх, потым голад, які давялося перажыць, жудасныя чаканні, што па бацьку прыйдуць. Многіх людзей рас­стрэльвалі, калі даведваліся, што хто-небудзь з сям’і быў на фронце. Іх сям’ю, на шчасце, абмінула бяда.

Перад вачыма Вольгі Аўраменка часта ўсплываюць няпростыя гады дзяцін­ства. Нібы ўчора, яна пайшла ў першы клас, не было падручнікаў і сшыткаў, толькі надрукаваная брашурка, дзе паміж радкоў пісала чарнілам з сажы або бурачнага соку. Як хацелася пагрэцца ля грубкі, калі кроў у руках ад холаду застывала! Нібы ўчора, настаўнік на ўрок матэматыкі сказаў прынесці лінейку, а дапамагчы яе зрабіць дзяўчынцы не было каму. З-за гэтага было вельмі сорамна: прыйшла на ўрок непадрыхтаванай. Мабыць, гэта быў першы выпадак у жыцці, калі Вольга прыйшла ў школу непадрыхтаванай, і адзіны, зрэшты, за гады вучобы ў роднай дзесяцігодцы, а затым у Гомельскім педінстытуце, потым за дзесяцігоддзі работы ў школе, дзе правяла тысячы ўрокаў і выхавала не адно пакаленне сваіх землякоў.

Яна марыла быць не проста настаўніцай, а такой, як яе настаўніца мовы і літаратуры Ніна Савельеўна Пашэвіч, уважлівай і чулай, тактоўнай і ветлівай. Педагог чароўна дэкламавала вершы — дзеці былі проста зачараваныя ёй. І хоць сёстры агітавалі Вольгу пайсці іх дарогай, у медыцынскі, яна выбрала свой шлях, як лічыла, адзіна правільны — у педагагічны і абавязкова на філфак. І яна ніколі пра гэта ні на хвіліну не пашкадавала.

Атрымаўшы размеркаванне ў родную ўваравіцкую школу пасля вучобы ў ВНУ, многія гады працавала разам са сваёй любімай настаўніцай Нінай Савельеўнай. І Вольга Сысоеўна заўсёды адчувала ў адносінах да сябе падтрымку старэйшай калегі, яе нязменнае добразычлівае стаўленне да педагогаў, вучняў, бацькоў. Маладая настаўніца старалася рабіць тое ж. А чым больш на практыцы спазнавала сакрэты прафесіі, тым больш усведамляла: роля настаўніка не менш важная і значная, чым іншыя, можа быць, нават большая. Таму імкнулася працаваць сумленна.

Вядома, часам было цяжка — у школе ніколі лёгка не бывае. Але для кожнага свайго вучня В.С.Аўраменка заўсёды знаходзіла час, словы разумення і падтрымкі. Яна вельмі старалася адпавядаць званню настаўніка-славесніка, але не паказной, а ўнутранай сілай, перакананнем, прыўносячы ў юныя душы выдатныя пачуцці, выхоўваючы на вялікіх вобразах і героя­х рускай, а таксама сусветнай літаратуры і культуры. Заўсёды аддана і творча падыходзіла да сваёй справы, якую любіла. І яе вучні, стаўшы выпускнікамі, адказвалі тым жа — любоўю да прадмета, жаданнем адкрываць свет мовы і літаратуры, такой паважанай ва ўсім свеце. Значыць, вынік дасягнуты!

У працоўнай кніжцы Вольгі Аўраменка ёсць запіс, датаваны 1956 годам. Першы і адзіны: “Прынята на работу ва Уваравіцкую сярэднюю школу настаўнікам рускай мовы і літаратуры”. Але хіба можа таленавіты педагог займацца толькі вучэбным працэсам? Не, і яшчэ раз не! Чым толькі ні даводзілася займацца за многія дзесяцігоддзі пасялковаму педагогу на грамадскіх пачатках. Ініцыятыўнасці і актыўнасці гэтай жанчыны, у якой удала склалася і асабістае жыццё (выйшла замуж за калегу Васіля Цімафеевіча Кекелева, разам паднялі на ногі двух сыноў, выхавалі годнымі людзьмі), можна пазайздросціць. Была членам камісіі па справах моладзі ў Вярхоўным Савеце БССР, дэлегатам XXVII з’езда КПСС, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, сакратаром партыйнай арганізацыі школы, з’яўлялася старшынёй вытворчай камісіі метадычнага савета, кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, кіраўніком раённай секцыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Памятаюць удзячныя вучні, калегі Вольгу Сысоеўну і як пастаянную ўдзельніцу хору. А яшчэ быў час на арганізацыю мерапрыемстваў, свят мовы і літаратуры, падрыхтоўку актуальных матэрыялаў у СМІ… Зрэшты, для педагога-актывіста гэта ўсё было важнай патрэбай. А калі ёй выпаў вялікі гонар у 1979 годзе атрымаць званне народнага настаўніка СССР (прычым гэтай узнагароды яна была ўдастоена першай ва ўсім Савецкім Саюзе, у пасведчанні пазначаны № 1), Вольга Сысоеўна імкнулася яго яшчэ больш апраўдац­ь нястомнай працай і прыкладным выкананнем свайго настаўніцкага абавязку.

Вольга Аўраменка лічыла, што вельмі многае залежыць ад педагога, ад таго, наколькі ён захоплены сваім прадметам. Трэба ўмець адчуваць душой і сэрцам настрой, стан дзяцей. І яна авалодала самым галоўным — уменнем спасцігнуць унутраны свет сваіх выхаванцаў, уздзейнічаць на іх станоўчыя рысы. Добразычлівае стаўленне, веданне індывідуальных асаблівасцей кожнага вучня дапамагалі ёй лёгка знаходзіць агульную мову з дзецьмі, падтрымліваць іх упэўненасць у сваіх сілах. Даць прарасці лепшаму — тое, да чаго імкнулася педагог на кожным уроку.

Вольга Сысоеўна навучыла і выхавала цэлую плеяду выпускнікоў школы, якія сталі настаўнікамі, навукоўцамі, урачамі, знайшлі годнае месца ў жыцці. За паспяховую педагагічную дзейнасць узнагаро­джана ордэнам “Знак пашаны”, медалём “Ветэран працы”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, мае званні “заслужаны настаўнік БССР”, “настаўнік-метадыст БССР, СССР”, “выдатнік асветы СССР”.

44 гады яна прысвяціла любімай прафесіі, адпрацаваўшы ў роднай школе. Дарэчы, і ўстанова адукацыі ў свой час атрымала развіццё шмат у чым дзякуючы менавіта намаганням Вольгі Аўраменка, бо яна стала вядомым педагогам на прасторах вялікай краіны. На заслужаным адпачынку вяла актыўную грамадскую дзейнасць. З мужам разам пражыла 36 гадоў. Сыны падарылі Вользе Сысоеўне ўнукаў, якіх яна вельмі любіць. А ў 2014 годзе В.С.Аўраменка прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Буда-Кашалёўскага раёна.

Некаторы час назад, святкуючы свой юбілей (а зусім хутка адзначыць чарговы, 85-гадовы, юбілей), Вольга Аўраменка, як калісьці ля школьнай дошкі, гаварыла пра дабрыню і прыстойнасць, пра любоў да сваёй справы і пра гордасць за педагагічную прафесію:

— У нас, педагогаў, шчаслівы лёс — аддаваць сваё сэрца дзецям. Вялікая гэта радасць — бачыць у сваіх вучнях хаця б часцінку сваёй душы, сваіх трывог і надзей. Гэта самая вялікая ўзнагарода настаўніку за яго няпростую працу, за нястомны пошук.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ.
Фота аўтара.

Источник

Карта сайта