1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяНовостиПрэстыж настаўніцкай прафесіі — не пустыя словы
10 сентября 2023

Прэстыж настаўніцкай прафесіі — не пустыя словы

Сацыяльная падтрымка настаўнікаў, якасць падрыхтоўкі кадраў для адукацыйнай галіны і павышэнне статусу педагога ў грамадстве — гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў VІІ з’езда Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, які прайшоў у беларускай сталіцы. Дэлегаты прадстаўлялі восем галіновых прафсаюзаў з сямі краін СНД, якія аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах 2,5 мільёна работнікаў сістэмы адукацыі. З папярэдняга з’езду прайшло пяць гадоў…

Пандэмія і санкцыі

— …Яны былі напоўнены знакавымі падзеямі. І калі 2018—2019 гады можна ахарактарызаваць як адносна стабільныя, то пандэмія, якая ахапіла планету ў 2020 годзе, рэзка ўдарыла па ўсіх, у многім абясцэніўшы дасягненні апошніх гадоў, — падкрэсліла ў сваім выступленні на з’ездзе старшыня Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Галіна Мяркулава (яна таксама ўзначальвае Агульнарасійскі прафсаюз адукацыі). — У большасці краін нашага рэгіёна назіраецца замаруджванне тэмпаў эканамічнага росту, становішча ў эканоміцы ўскладняецца беспрэцэдэнтнымі санкцыямі Захаду супраць Расіі і Беларусі і мерамі ў адказ з нашага боку. Усё гэта моцна ўскладніла дзейнасць прафсаюзаў, але не змагло заблакіраваць барацьбу за правы і інтарэсы людзей працы.

Трэба канстатаваць, што нацыянальныя ўрады не без уплыву на іх галіновых прафсаюзаў — членаў нашага аб’яднання — не адмаўляюцца ад сваіх абавязкаў па падтрыманні сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў. Адбыліся сур’ёзныя змяненні ва ўмовах працы работнікаў адукацыі, каталізатарам якіх сталі пандэмія і паскорная лічбавізацыя. Аддадзім належнае: у гэты час былі ажыццёўлены буйнамаштабныя меры па арганізацыі работы на дыстанцыі і забеспячэнні навучальных устаноў і педагагічных работнікаў неабходным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем. Гэта быў вельмі няпросты перыяд, да яго аказаліся непадрыхтаваныя і настаўнікі, і бацькі вучняў.

Членскія арганізацыі Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы і рэалізацыі нацыянальных праграм занятасці і перападрыхтоўкі кадраў, настойвалі на скарачэнні нефармальнай занятасці, клапаціліся пра абарону ад беспрацоўя. Паслядоўна дабіваліся павышэння аплаты працы сваіх работнікаў. Мы рашуча выступаем супраць спроб рэвізіі працоўнага заканадаўства ў некаторых краінах Садружнасці. У полі нашага зроку пастаянна знаходзіўся ўвесь комплекс пытанняў сацыяльнай палітыкі, аховы працы, здароўя работнікаў, пенсіённага і сацыяльнага забеспячэння работнікаў.

Паводле слоў Галіны Мяркулавай, для ўсіх краін рэгіёна захоўваюцца агульныя праблемы, такія як недасканаласць заканадаўства, нарматыўных актаў у галіне аховы працы, недастатковае веданне прафесійных рызык, адсутнасць матывацыі ў работадаўцаў па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў. Ёсць факты, калі няшчасныя выпадкі, што здарыліся з работнікамі, хаваюцца ў арганізацыях. Сярод найвастрэйшых праблем застаецца пенсіённае забеспячэнне. «Салідны працоўны стаж і высокі заробак не з’яўляюцца сёння гарантыяй добрай пенсіі, — падкрэсліла Галіна Мяркулава. — Трэба разумець, што толькі намаганнямі прафсаюза вырашыць увесь комплекс сацыяльных праблем немагчыма, таму вельмі важна наладжваць кантакты і знаходзіць паразуменне з сацыяльнымі партнёрамі. Нягледзячы на праблемы і спрэчныя пытанні, што ўзнікаюць, можна і трэба вырашаць іх у рамках стабільна дзеючай сістэмы сацыяльнага партнёрства, якую неабходна ўмацоўваць і развіваць на ўсіх узроўнях».

Узаемадзеянне ўлады і прафсаюзаў

Галіна Мяркулава звярнула ўвагу на эфектыўны вопыт сацыяльнага партнёрства паміж Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, ён адзін з найбольш уплывовых у краіне, аб’ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 580 тысяч чалавек: работнікаў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, навучэнскую моладзь, аспірантаў і дактарантаў.

— У нас наладжаны сур’ёзны канструктыўны дыялог з міністэрствам, — канстатавала старшыня галіновага прафсаюза Таццяна Якубовіч. — Тэрмін «сацыяльнае партнёрства», якім сёння прынята называць узаемадзеянне ўлады і прафесійных саюзаў, — не проста гучнае азначэнне, а добра адпрацаваная практыка сумеснага вырашэння многіх актуальных пытанняў. Між іншым, у галіновае Пагадненне паміж прафсаюзам і Міністэрствам адукацыі ўключаны гарантыі для работнікаў перадпенсіённага ўзросту, жанчын, якія працуюць, маладых спецыялістаў, прафсаюзнага актыву, не вызваленага ад асноўнай працы, і іншых катэгорый работнікаў, якія працуюць на ўмовах кантрактнай формы найму.

Адна з прыярытэтных задач прафсаюза — калектыўна-дагаворная работа: наяўнасць калектыўнага дагавора ў кожнай арганізацыі, яго ацэнка на прадмет адпаведнасці пагадненням больш высокага ўзроўню, сістэматычны аналіз вынікаў яго выканання, недапушчальнасць выключэння з іх асобных нормаў.

Стан калектыўна-дагаворнай работы ў арганізацыях прафсаюза сістэматычна аналізуецца і разглядаецца на пасяджэннях кіруючых органаў, у працэсе чаго адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па ўключэнні норм, якія паляпшаюць прававое становішча работнікаў — членаў нашага прафсаюза ў параўнанні з заканадаўствам. Разам з тым яшчэ сустракаюцца кантракты, якія патрабуюць больш прынцыповай пазіцыі як з боку кіраўнікоў арганізацый галіны, так і з боку кіраўнікоў арганізацый прафсаюза па напаўненні іх дадатковымі мерамі стымулявання працы.

Інтэлектуальны патэнцыял галіны

Ад чаго залежыць сацыяльны статус настаўніка ў грамадстве? Адказ на гэта пытанне шукаюць ва ўсіх краінах. На жаль, прафесія настаўніка не з’яўляецца запатрабаванай сярод моладзі. У Расіі, напрыклад, сур’ёзна заклапочаны тым, як утрымаць у галіне выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў, якія пасля заканчэння ВНУ рэзка мяняюць сваю прафесійную траекторыю. Невысокія зарплаты падштурхоўваюць настаўнікаў на пошук новых крыніц заробку. Многія бяруць дадатковую нагрузку, працуюць ці выкладаюць у іншых установах і арганізацыях і г. д. Спробы педагогаў палепшыць сваё матэрыяльнае становішча за кошт асваення дадатковых відаў дзейнасці нярэдка абарочваюцца назапашваннем хранічнай стомленасці і, адпаведна, зніжэннем якасці выкладання, падзеннем цікавасці да працы, пагаршэннем узаемаадносін з навакольнымі, расчараваннем у жыцці і лёсе. Фактычна такія педагогі становяцца транслятарамі сацыяльнага песімізму…

Сацыяльны статус работнікаў устаноў адукацыі павінен адпавядаць іх інтэлектуальнаму патэнцыялу, а работа і намаганні павінны належна аплачвацца — у гэтай думцы сыходзяцца ўсе.

— Для нас заработная плата і сацыяльнае становішча нашых настаўнікаў — галоўнае пытанне на парадку дня, — падкрэсліў старшыня ЦК прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі Асылбек Тактагулаў. — На жаль, заробкі ў педагогаў доўгі час заставаліся зусім невысокімі, і мы паступова працавалі над іх павышэннем. Цяпер заработная плата дайшла да 400 долараў, што, як мы лічым, ужо нядрэнна. Прафсаюз разам з прадстаўнікамі ўлады змагаецца за аўтарытэт і статус настаўніка ў грамадстве. Мы не застаёмся ўбаку і актыўна ўмешваемся, калі адбываецца ціск на настаўнікаў, становімся на іх абарону. Заўважу, што і матывацыя членства ў прафсаюзе расце, калі педагогі бачаць, што мы рэальна іх абараняем…

Абарона — на ўзроўні закона

— У сваёй рабоце мы тлумачым педагогам, што не трэба разглядаць прафсаюз як арганізацыю па выдачы навагодніх падарункаў і правядзенні культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў. Наша асноўная задача — гэта абарона вашых сацыяльных правоў і прадстаўленне прафесійных інтарэсаў, — расказала старшыня Казахстанскага галіновага прафсаюза работнікаў асветы, навукі і вышэйшай адукацыі Айгуль Мукашава. — Летась мы разгледзелі больш за 37 тысяч зваротаў ад членаў прафсаюза з усяго Казахстана. Была аказана дапамога 32,4 тысячы членаў прафсаюза па вырашэнні індывідуальных працоўных спрэчак.
33 члены прафсаюза мы абаранілі ў судзе і 17 членаў прафсаюза аднавілі на рабочых месцах (яны былі незаконна звольнены).

У Казахстане ў 2020 годзе быў прыняты адзіны на постсавецкай прасторы дзеючы Закон «Аб статусе педагога». У яго распрацоўцы прымаў непасрэдны ўдзел наш прафсаюз, а я была членам рабочай групы. Гэты закон насамрэч працуе: дзякуючы яму ў краіне прыкметна павысіўся статус педагога. Яны адчулі сябе абароненымі. У нас не могуць, як раней, прыцягнуць педагога да выканання неўласцівых яго асноўнай прафесійнай дзейнасці функцый. Калі такое адбываецца, яны адразу звяртаюцца ў прафсаюз.

У параўнанні з краінамі СНД заробкі педагогаў у Казахстане намнога вышэйшыя. Калі раней малады спецыяліст, які толькі прыступіў да працы, атрымліваў крыху больш як 100 долараў, то цяпер — каля 400. У нас прадугледжана вельмі шмат даплат.

Вялікая работа зроблена па аплаце бальнічных лісткоў. У 2015 годзе ў Працоўным кодэксе была прынята норма, паводле якой бальнічны ліст аплачваецца ў памеры 14 МРП (МРП — месячны разліковы паказчык. — Аўт.) — гэта было крыху менш за 100 долараў. А з мінулага года гэта сума складае ўжо больш як 200 долараў. Але мы не спыняемся і прапануем сваю методыку аплаты бальнічных, у залежнасці ад стажу работы.

Мінімальная заработная плата ў Казахстане ў мінулым годзе была ўзнята з 42 да 70 тысяч тэнге. А ў вераснёўскім сваім пасланні прэзідэнт паведаміў, што мінімальная заработная плата будзе павышана да 85 тысяч тэнге. Такім чынам, патрабаванні прафсаюза былі пачутыя, і на працягу двух гадоў мінімальная заработная палата павысілася больш чым удвая.

Апошнія гады ў Казахстане намецілася станоўчая тэндэнцыя: шмат маладых людзей паступаюць у магістратуру і бакалаўрыят на педагагічныя спецыяльнасці, прычым з вельмі высокімі баламі. Дарэчы, магістр навукова-педагагічнага кірунку да свайго акладу атрымлівае даплату ў памеры
10 МРП, а гэта складае больш як 100 долараў у месяц у валютным эквіваленце. А студэнты педагагічных і медыцынскіх спецыяльнасцяў атрымліваюць у Казахстане павышаную стыпендыю.

Удзельнікі шмат гаварылі пра асаблівасці прафсаюзнай працы ў розных краінах, пра тое, як яны працуюць на павышэнне прыцягальнасці прафсаюзаў для моладзі. Так, у Казахстане для навучання маладзёжнага прафактыву арганізоўваюць летнія прафсаюзныя лагеры, на якіх праводзяць прававую вучобу, вучаць кантраляваць правільнасць налічэння заработнай платы і інш.

Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў ужо некалькі гадоў фінансуе сацыяльныя праекты для моладзі, дапамагае ўвасобіць у жыццё яе цікавыя і карысныя ідэі. Напярэдадні з’езда дэлегаты наведалі Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО». Гасцей зацікавіла спецыфіка ВНУ і алгарытм падрыхтоўкі прафсаюзных кадраў.

Вынікам работы з’езда стала праграма цеснага супрацоўніцтва на найбліжэйшыя пяць гадоў. Размова ідзе аб абмене вопытам, новых праектах і правядзенні
сумесных мерапрыемстваў.

Источник zviazda.by, фото Валерий Картуль

Карта сайта