1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-374-81-39

ПОСТРОИМ ПАТРИОТИЧЕСКИЙ ЦЕНТР ВМЕСТЕ


Медиагалерея

ВЕЛОПРОБЕГ “ДОРОГАМИ ПАМЯТИ”

VII СЪЕЗД МОП “ОБРАЗОВАНИЕ И НАУКА” В МИНСКЕ

Гала-концерт фестиваля трудовых талантов “Новые имена” Республиканский конкурс “Профсоюзный лидер”

ГлавнаяНовостиШкольныя праграмы: абноўленыя і практыка-арыентаваныя  Добры імідж у суполцы прафесіяналаў Аснова паспяховасці — інавацыйнае развіццё ўніверсітэтаў
05 февраля 2019

Школьныя праграмы: абноўленыя і практыка-арыентаваныя  Добры імідж у суполцы прафесіяналаў Аснова паспяховасці — інавацыйнае развіццё ўніверсітэтаў

Аб выніках гэтых і іншых кірункаў дзейнасці Міністэрства адукацыі і аб прыярытэтах, вызначаных на новы год, расказвае першы намеснік міністра адукацыі Ірына Анатольеўна СТАРАВОЙТАВА.

— Ірына Анатольеўна, у развіцці навукова-даследчай дзейнасці і ва ўкараненні яе вынікаў Міністэрству адукацыі адведзена галоўная роля. Якія задачы пастаўлены перад вамі на най-бліжэйшы час?

 — Навукова-даследчая дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў рамках тэматыкі, накіраванай на навукова-тэхнічнае забеспячэнне работы Міністэрства адукацыі, мае практыка-арыентаваную накіраванасць і звычайна завяршаецца падрыхтоўкай праектаў нарматыўных дакументаў, метадычных рэкамендацый, аналітычных матэрыялаў для наступнага прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Вынікі выканання навукова-даследчых работ ўкараняюцца ў практыку функцыянавання нацыянальнай сістэмы адукацыі, спрыяюць удасканаленню навукова-метадычнага забеспячэння адукацыі і павышэнню яго якасці.

Прыярытэтнымі напрамкамі рэалізацыі гэтай тэматыкі сёлета стануць пытанні кіравання аб’ектамі інтэлектуальнай уласнасці ва ўніверсітэтах і навуковых арганізацыях, метадалогія фарміравання і развіцця інавацыйнага асяроддзя ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія функцыянуюць на аснове мадэлі “Універсітэт 3.0”.

У навукова-адукацыйнай сферы нашай краіны ствараецца вялікая колькасць вырабаў інтэлектуальнай дзейнасці ў выглядзе прадуктаў навукі, вынаходак, карысных мадэлей, прамысловых узораў, гатункаў раслін, тапалогій інтэгральных мікрасхем, сакрэтаў вытворчасцi (ноу-хау) і сродкаў іх індывідуалізацыі (таварных знакаў і знакаў абслугоўвання). Акрамя гэтага, у апошнія гады ўніверсітэты і навуковыя арганізацыі нашага міністэрства істотна актывізавалі свае намаганні па выхадзе на знешнія рынкі з мэтай рэалізацыі завершаных вынікаў навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх распрацовак. Таму важным момантам з’яўляецца эфектыўная прававая ахова гэтых вынікаў.

Рашэнне сацыяльна-эканамічных задач, якія стаяць перад краінай, у тым ліку рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на наступныя гады, патрабуе больш эфектыўнага ўключэння інтэлектуальнага капіталу ў гэтыя працэсы. У сістэме галіновага міністэрства засяроджаны значны кадравы, навукова-тэхнічны і інавацыйны патэнцыял, які здольны забяспечыць якаснае выкананне пастаўленых перад эканомікай задач.

Адзначу, што даследаванне прадугледжвае комплексны падыход да вывучэння працэсаў кіравання інтэлектуальнай уласнасцю ва ўстановах адукацыі і навуковых арганізацыях з улікам міжнароднага і нацыянальнага заканадаўства і асаблівасцей навукова-адукацыйнай сферы нашай краіны. Атрыманыя вынікі будуць выкарыстаны ў практычнай дзейнасці арганізацый навукова-адукацыйнай сферы Беларусі ў мэтах павышэння эфектыўнасці стварэння і выкарыстання вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

— Яскравым прыкладам развіцця навукова-даследчай дзейнасці ў адукацыйнай галіне з’яўляецца ўкараненне мадэлі “Універсітэт 3.0”. У чым значнасць такога ўніверсітэта і якім вы бачыце яго развіццё? 

 — Сёння ў Беларусі і шэрагу іншых краін абмяркоўваецца неабходнасць пашырэння найбольш значных для грамадства функцый універсітэта. Так, нароўні з правядзеннем навуковых даследаванняў і адукацыйнай дзейнасцю разглядаецца так званая трэцяя місія ўніверсітэтаў. Трэцяя місія, або развіццё ўніверсітэтаў па мадэлі “Універсітэт 3.0”, прадугледжвае павелічэнне ўкладу УВА ў эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё гарадоў, рэгіёнаў, краіны ў цэлым і азначае пераход да мадэлі генерацыі тэхналогій. Універсітэты пачынаюць выступаць у ролі эканамічных суб’ектаў, навукова-інавацыйных комплексаў, якія ўмеюць кіраваць вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці і добра разумеюць прынцыпы функцыянавання новых рынкаў.

У гэтых умовах нашы ўніверсітэты павінны стаць ядром у сістэме развіцця ведаў і іх практычнага выкарыстання, бо менавіта яны акумулююць высокакваліфікаваныя кадры, якія здольныя выконваць складаныя міждысцыплінарныя навуковыя даследаванні і праектныя работы для прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама здольныя ствараць тэарэтычную і навукова-прыкладную базу навукова-тэхнічнага прагрэсу эканомікі і грамадства.

У структуру нацыянальнай інавацыйнай сістэмы ўваходзяць такія элементы, як генерацыя ведаў (навука і адукацыя), інфраструктура (тэхнапаркі, галіновыя лабараторыі, навукова-даследчыя цэнтры, цэнтры трансферу тэхналогій), прававое суправаджэнне, стварэнне суб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, іх камерцыялізацыя. Таму ўдасканаленне суб’ектаў інавацыйнай дзейнасці (лабараторый, навуковага персаналу, інавацыйнай інфраструктуры), якія накіраваны на ўзаемадзеянне з прамысловымі прадпрыемствамі, з’яўляецца найважнейшай умовай развіцця сучаснага ўніверсітэта. Загадам міністра адукацыі ад 1 верасня 2018 года пачаты эксперыментальны праект “Удасканаленне дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі на аснове мадэлі “Універсітэт 3.0”. Гэтая мадэль прадугледжвае комплекснае развіццё навукова-даследчай, інавацыйнай і прадпрымальніцкай інфраструктуры ўстановы вышэйшай адукацыі, мэтай якой з’яўляецца стварэнне інавацыйнай прадукцыі і камерцыялізацыя вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці.

Рэалізацыя эксперыментальнага праекта прадугледжвае змяненне зместу вучэбна-праграмнай дакументацыі. Гэта тычыцца тых дысцыплін, якія арыентаваны на развіццё інавацыйнага мыслення, на фарміраванне прадпрымальніцкай ініцыятывы. 

Наступным крокам у рэалізацыі гэтай мадэлі з’яўляецца інтэграцыя інфраструктуры ўніверсітэта са зместам адукацыйнага працэсу. У стартапах працуюць прафесійныя каманды, якія аказваюць комплексную дапамогу спецыялістам, суправаджэнне якіх пачынаецца ад стварэння інавацыйнай ідэі і заканчваецца інавацыйнай вытворчасцю. Гэтая работа рэалізоўваецца ў лабараторыях, у цэнтрах трансферу тэхналогій і тэхнапарках. На сёння ў структуры Міністэрства адукацыі створана 8 галіновых лабараторый. Гэта галіновая лабараторыя спартыўнай біямеханікі — у навукова-тэхналагічным парку “Палітэхнік” БНТУ. Яна працуе сумесна з кафедрай спартыўнай інжынерыі і яе дзейнасць накіравана на ўкараненне новых метадаў даследаванняў у галіне спартыўнай біямеханікі. Дзейнасць галіновай лабараторыі эліёнікі і радыяцыйна ўстойлівай і касмічнай электронікі накіравана на суправаджэнне навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх работ, на рэалізацыю інавацыйных праектаў у сферы мікрананатэхналогій, оптаэлектронікі. Яна створана на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта сумесна з ААТ “Інтэграл”.

На базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта створана галіновая лабараторыя па актуальных праблемах падаткаабкладання і падатковай палітыкі з мэтай забеспячэння выканання навукова-даследчых работ у гэтай сферы. 

У цэлым у структуры нашага Міністэрства адукацыі функцыянуюць 16 галіновых лабараторый з розным кірункам і розным прызначэннем. У хуткім часе плануецца адкрыць яшчэ 2 лабараторыі, адну — на базе БДУІР, другую — на базе ГрДУ імя Янкі Купалы.

— Ці адчуваюцца цяжкасці пры пераходзе айчынных універсітэтаў да новай мадэлі?

 — Гэты пераход стрымліваецца існуючымі разрывамі ў іх арганізацыйна-кіраўніцкай структуры і сістэме кіравання навукова-інавацыйным развіццём, якія не дазваляюць комплексна і бесперапынна ажыццяўляць усе віды дзейнасці і ўсталёўваць эфектыўныя сувязі з рознымі суб’ектамі знешняга асяроддзя. Трансфармацыя ўніверсітэтаў у ядро тэхналагічнага развіцця і інавацыйнага прадпрымальніцтва патрабуе стварэння гарманічнага інавацыйнага асяроддзя, якое забяспечыць актывізацыю працэсаў распрацоўкі і распаўсюджвання інавацый.

У сувязі з гэтым актуальнай на сённяшні дзень з’яўляецца распрацоўка механізма метадычнага інструментарыю для развіцця інавацыйнага асяроддзя ўніверсітэта ў частцы кіравання даследаваннямі і распрацоўкамі і іх камерцыялізацыі, які дазваляе праз інтэграцыю з суб’ектамі знешняга асяроддзя і на аснове рыначных прынцыпаў развіваць і выкарыстоўваць навукова-інавацыйны патэнцыял універсітэцкага комплексу.

Значнасць навукова-даследчай работы пацвярджаецца нацэленасцю на ўмацаванне эканамічнай бяспекі дзяржавы за кошт стварэння ўмоў для нарошчвання выпуску інавацыйнай і высокатэхналагічнай прадукцыі, створанай з выкарыстаннем тэхналогій V і VI тэхналагічных укладаў.

Навуковая навізна гэтай работы прадугледжвае распрацоўку падыходаў, метадычных рэкамендацый і інструментаў развіцця інавацыйнага асяроддзя ўніверсітэцкіх комплексаў, якія забяспечваюць пераход да мадэлі інавацыйнага лідарства “Універсітэт 3.0”.

—У якіх яшчэ навукова-інавацыйных праграмах задзейнічана наша міністэрства?

 — У рамках Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Міністэрства адукацыі выступае дзяржаўным заказчыкам 4 інавацыйных праектаў. Сярод іх — стварэнне і арганізацыя дзейнасці інавацыйна-вытворчага цэнтра па выпуску медыцынскіх вырабаў і абсталявання, якое прымяняецца пры правядзенні сардэчна-сасудзістых аперацый, для лячэння некаторых захворванняў. Распрацоўваюцца тэхналогіі па арганізацыі і вытворчасці абсталявання для магнітна-абразіўнай апрацоўкі матэрыялаў і складанай формы дэталей і машын. Ствараюцца 3D-прынтары, прызначаныя для агульнапрамысловай, будаўнічай, харчовай сфер.

З мэтай развіцця інавацыйнай інфраструктуры ў падпарадкаванні галіновага міністэрства сёння знаходзяцца 6 навукова-тэхналагічных паркаў розных кірункаў дзейнасці, звязаных са стварэннем інавацыйнай вытворчасці ў лёгкай прамысловасці, медыцынскай сферы і ў шэрагу іншых. У цэлым універсітэцкія тэхнапаркі не толькі выконваюць функцыі бізнес-інкубатара, прадастаўляючы сваім рэзідэнтам памяшканні для стварэння прамысловых вытворчасцей. Яны забяспечваюць ім навукова-інавацыйнае суправаджэнне ў прыкладных даследаваннях, распрацоўках і непасрэдна ў стварэнні інавацыйных прадпрыемстваў.

Што тычыцца ўдзелу ў дзяржаўных праграмах навуковых даследаванняў, то ўстановы і навуковыя арганізацыі нашага міністэрства прымаюць удзел у выкананні заданняў усіх 12 дзяржаўных праграм. Пры гэтым 28,2% ад агульнай колькасці заданняў Міністэрства адукацыі ажыццяўляе сумесна з арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У мінулым годзе было рэалізавана 831 заданне, а рэалізацыя 165 пераходзіць на наступны год. Ужо ў гэтым годзе на навуковую экспертызу паступілі ад нашых арганізацый 663 заданні. 

У цэлым у мінулым годзе аб’ём фінансавання навуковых даследаванняў у дзяржаўных праграмах склаў 14,6 млн рублёў. Адзначу, нашы арганізацыі і непасрэдна ўніверсітэты ўносяць свой асабісты ўклад у фінансаванне гэтага напрамку, у тым ліку ў развіццё інавацыйных вытворчасцей, у даследаванні фундаментальнага і прыкладнога кірунку. Так, з пазабюджэтных крыніц паступіла 2 млн рублёў. 

Адметна і тое, што ў мэтах развіцця сістэмы венчурнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь наша міністэрства плануе арганізаваць распрацоўку праекта нарматыўнага прававога акта, які будзе тычыцца стварэння эндаўмент-фондаў. Гэтыя фонды мэтавага капіталу з’яўляюцца новымі крыніцамі фінансавання для інавацыйных адукацыйных праграм, навуковых даследаванняў ва ўстановах адукацыі. Сродкі фондаў могуць быць выкарыстаны для функцыянавання галіновых лабараторый, асабліва гэта важна на пачатковым этапе іх развіцця.

Мы ўдзельнічаем у рэалізацыі дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм, у прыватнасці, у праграме “Эталоны і навуковыя прыборы” падпраграмы “Навукова-вучэбнае абсталяванне”. Напрыклад, створана апаратура, якая запатрабавана пры аналізе элементаў рэчываў у прамысловых медыкабіялагічных крыміналагічных лабараторыях. Створаны персанальны выпрабавальны цэнтр, які з’яўляецца цэнтрам новага класа выпрабавальнага абсталявання і мае поўную аўтаматызацыю, а таксама вучэбны клас, вытворчая лабараторыя для вырабу ўзораў мадэлей сілавых сістэм на сучасным абсталяванні для 3D-друку.

Галіновая праграма Міністэрства адукацыі “Кадры” на 2018—2025 гады была дапоўнена прагнозам патрэбнасці нашых універсітэтаў у педагагічных работніках вышэйшай навуковай кваліфікацыі да 2025 года. У праграму ўключаны меры па замацаванні педагагічных кадраў ва ўніверсітэтах, па далучэнні моладзі да выкладчыцкай і навуковай работы.

Хачу адзначыць, што апошнім часам павялічылася колькасць атрыманых патэнтаў на вынаходніцтва. Установы адукацыі атрымалі 165 патэнтаў, а на карысную мадэль — 35. 

Як бачна, за мінулы год нашым міністэрствам і ўвогуле сістэмай адукацыі выкананы вялікі аб’ём работы ў навуковай дзейнасці, у тым ліку і ў вырашэнні пастаўленых задач на ІІ з’ездзе вучоных Беларусі. Нам бы хацелася большага ўзаемадзеяння з сектарам эканомікі. Мы імкнёмся да гэтага і робім пэўныя крокі. Без навуковага складніка працаваць у інавацыйнай сферы і ствараць інавацыйны прадукт немагчыма. Калі будзе цікавасць і патрэбнасць у нашых распрацоўках у вытворцаў, то поспех гарантаваны. Такая запатрабаванасць у многіх прадпрыемстваў ёсць, асабліва ў тых, хто вызначыў стратэгію свайго развіцця і працуе не толькі на сённяшні дзень, але і на сваю будучыню. А ідэй у нашых вучоных вельмі многа, і ёсць усе магчымасці для таго, каб развіваць навуковую дзейнасць імкліва і эфектыўна.

— Ірына Анатольеўна, важным аспектам у развіцці інавацыйнай дзейнасці з’яўляецца падрыхтоўка кадраў па ІТ-спецыяльнасцях. Які стан спраў у гэтым напрамку? Ці плануецца павялічваць колькасць ІТ-спецыялістаў?

 — На ўзроўні вышэйшай адукацыі падрыхтоўка спецыялістаў па ІТ-спецыяльнасцях (больш за 30 найменняў) ажыццяўляецца ў 18 установах вышэйшай адукацыі.

Агульная колькасць чалавек, якія вучацца на I ступені вышэйшай адукацыі, складае больш за 22 тысячы, на II ступені — больш за 2 тысячы.

Прыём на спецыяльнасці сферы ІТ-індустрыі на дзённую форму атрымання вышэйшай адукацыі ў 2018 годзе павялічаны больш чым на 180 чалавек (на 3,5 працэнта) адносна прыёму 2017 года. У мінулым годзе адкрыты новыя спецыяльнасці. Так, напрыклад, у Полацкім дзяржаўным універсітэце былі адкрыты спецыяльнасці “Электронны маркетынг” і “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце — “Дызайн (віртуальнага асяроддзя)”, “Сістэмны аналіз, кіраванне і апрацоўка інфармацыі”. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны прапаноўвае “Матэматычнае мадэляванне, лікавыя метады і комплексы праграм”, а Беларуска-Расійскі ўніверсітэт —“Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (па напрамках)” і “Электронны маркетынг”. У 2019 годзе гэтая станоўчая тэндэнцыя працягнецца. 

У адпаведнасці з папярэднімі прагнознымі данымі аб прыёме ва ўстановы вышэйшай адукацыі ў гэтым годзе на спецыяльнасці сферы ІТ-індустрыі будзе прынята больш за 7 тысяч чалавек. Колькасць студэнтаў, якія будуць вучыцца на бюджэтнай аснове, павялічыцца на 200 чалавек, на платнай аснове — на 450 чалавек. Падрыхтоўка спецыялістаў па ІТ-спецыяльнасцях ажыццяўляецца ў адпаведнасці з адукацыйнымі стандартамі, якія ўтрымліваюць патрабаванні да кампетэнцый ІТ-спецыяліста: веды, уменні, навыкі ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій. Цяпер установы вышэйшай адукацыі вядуць актыўную работу па прыцягненні арганізацый — заказчыкаў кадраў да распрацоўкі і ўзгаднення адукацыйных стандартаў для вызначэння патрабаванняў да кампетэнцый ІТ-спецыяліста.

У мэтах забеспячэння фарміравання кампетэнцый ІТ-спецыялістаў, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням ІТ-галіны, працэс падрыхтоўкі кадраў практыка-арыентаваны: установы вышэйшай адукацыі ажыццяўляюць узаемадзеянне з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў рэальнага сектара эканомікі, пераважна з ІТ-кампаніямі, у тым ліку з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій. Цяпер дзейнічае звыш 260 дагавораў УВА з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У мінулым годзе больш за 400 праграм вучэбных дысцыплін, якія рэалізоўваюцца ва ўстановах вышэйшай адукацыі, былі ўзгоднены з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

На высокатэхналагічных прадпрыемствах краіны, у арганізацыях Парка высокіх тэхналогій, у ІТ-кампаніях функцыянуюць больш за 40 філіялаў кафедр універсітэтаў. Акрамя гэтага, ва ўстановах вышэйшай адукацыі працуюць каля 60 сумесных з вядучымі сусветнымі кампаніямі лабараторый і 16 адукацыйных цэнтраў вядучых кампаній іншых краін. Тыпавыя вучэбныя планы па спецыяльнасцях вышэйшай адукацыі, якія распрацоўваюцца з 2017 года, прадугледжваюць праходжанне практыкі з першага курса. Пасля практыкі студэнты працягваюць супрацоўніцтва з ІТ-кампаніямі, уключаючы падрыхтоўку курсавых (дыпломных) работ (праектаў), заснаваных на рэальных задачах ІТ-кампаній.

Павышэнню якасці і ўзроўню падрыхтоўкі ІТ-спецыялістаў спрыяе штогадовы ўдзел студэнтаў універсітэтаў у міжнародных алімпіядах у сферы інфармацыйных тэхналогій. У мінулым годзе пераможцамі міжнародных алімпіяд (1—3-е месцы) прызнана больш за 50 студэнтаў нашых УВА.

Пастаяннае абнаўленне камп’ютарнай тэхнікі, іншага інфармацыйна-камунікацыйнага абсталявання ажыццяўляецца ўніверсітэтамі ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, пазабюджэтнай дзейнасці, спонсарскай дапамогі арганізацый рэальнага сектара эканомікі, у першую чаргу ІТ-кампаній. Так, напрыклад, у мінулым годзе 129 ІТ-кампаній аказалі спонсарскую дапамогу ўніверсітэтам на суму больш за 750 тысяч рублёў. Акрамя гэтага, кампаніі сусветнага ўзроўню прадастаўляюць бясплатна УВА свае праграмныя, апаратныя прадукты для выкарыстання іх у якасці вучэбна-метадычных матэрыялаў у вучэбным працэсе.

Падрыхтоўку ІТ-спецыялістаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі ажыццяўляе высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад. У цэлым усе тыя кафедры ўніверсітэтаў, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку ІТ-спецыялістаў, забяспечаны прафесарска-выкладчыцкімі кадрамі з профільнай адукацыяй, з іх у сярэднім 83,2% маюць адукацыю ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Частка прафесарска-выкладчыцкага складу, якая мае вучоныя ступені і (або) вучоныя званні, складае ў сярэднім 48,8%.

Для забеспячэння адукацыйнага працэсу прыцягнута з рэальнага сектара эканомікі, у тым ліку з ІТ-сферы, больш за 300 спецыялістаў, з іх 80 чалавек маюць вучоныя ступені і (або) вучоныя званні. У склад кафедр за апошнія пяць гадоў прынята 130 выпускнікоў аспірантуры і дактарантуры.

На ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі прафесійныя ІТ-кампетэнцыі фарміруюцца ў 35 установах адукацыі, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, па чатырох спецыяльнасцях (“Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”, “Праграмуемыя мабільныя сістэмы”, “Электронныя вылічальныя сродкі”). Агульная колькасць навучэнцаў, якія вучацца па гэтых спецыяльнасцях, складае больш за 6,5 тысячы чалавек. Выпуск спецыялістаў такога кшталту ў 2017 годзе склаў 1662 чалавекі, у 2018 годзе — 1650 чалавек.

Па стане на 25.01.2019 у рамках работы па фарміраванні кантрольных лічбаў прыёму на новы навучальны год у двух каледжах пачата падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” і “Тэсціраванне праграмнага забеспячэння”. У цэлым сёлета прыём павялічыцца прыкладна на 100 чалавек.

— Ірына Анатольеўна, як уплывае развіццё інавацыйных тэхналогій на аснашчэнне рэсурсных цэнтраў сістэмы прафесійнай адукацыі? Ці будуць створаны ў некаторых з іх умовы для правядзення навуковых даследаванняў?

 — У мэтах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады Міністэрству адукацыі наш урад устанавіў права на цэнтралізаванае стварэнне і аснашчэнне рэсурсных цэнтраў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі (незалежна ад падпарадкаванасці) за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Цяпер у нашай краіне функцыянуюць 46 рэсурсных цэнтраў па 9 секцыях відаў эканамічнай дзейнасці. Штогод у рэсурсных цэнтрах па асноўных адукацыйных праграмах праходзяць навучанне больш за 11 тысяч навучэнцаў, па праграмах дадатковай адукацыі дарослых — каля 4 тысяч чалавек.
На гэты год вызначана далейшае развіццё яшчэ 6 рэсурсных цэнтраў, якія будуць аснашчаны сучасным абсталяваннем з улікам развіцця інавацыйных тэхналогій і мадэрнізацыі прадпрыемстваў і арганізацый.

Створаныя ў кожным рэгіёне нашай краіны рэсурсныя цэнтры канцэнтруюць на сваіх пляцоўках самыя перадавыя матэрыяльна-тэхнічныя, вучэбна-метадычныя, інфармацыйныя рэсурсы. З мэтай іх максімальнага выкарыстання актуальнай задачай на гэты год з’яўляецца распрацоўка і зацвярджэнне нарматыўнай базы, якая забяспечвае прававы статус сеткавай формы навучання.

Рэалізацыя адукацыйных праграм з дапамогай сеткавай формы павінна ажыццяўляцца ў мэтах пашырэння доступу навучэнцаў да сучасных адукацыйных тэхналогій і сродкаў навучання, паглыбленага асваення зместу адукацыі, удасканалення прафесійных кампетэнцый, павышэння канкурэнтаздольнасці выпускнікоў на рынку працы. Прыкладам рэалізацыі сеткавай формы ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі рознага ўзроўню, а таксама навуковымі арганізацыямі і прадпрыемствамі рознай падпарадкаванасці можа стаць дзейнасць рэсурснага цэнтра “ЭкаТэхнаПарк-Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, адкрыццё лабараторый якога наведаў Прэм’ер-міністр Беларусі С.М.Румас. Лабараторыі “Жыллёва-камунальная гаспадарка з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі”, “Unitrain — асновы энергетыкі”, “Разумны дом”, “Аднаўляльная энергетыка, электрычныя сістэмы і сеткі” створаны з мэтай рэалізацыі адукацыйных праграм для навучэнцаў устаноў адукацыі, прафесійнай падрыхтоўкі насельніцтва розных узроставых груп, правядзення навуковых даследаванняў у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці і экалогіі.

У частцы дыверсіфікацыі зместу адукацыйных праграм, ва ўмовах удасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый у 2019 годзе неабходна актывізаваць работу створаных сектаральных саветаў пры міністэрствах архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасці, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, Дзяржаўным камітэце па маёмасці па распрацоўцы прафесійных стандартаў. Гэтая работа будзе ажыццяўляецца сумесна з прадстаўнікамі кадравых службаў прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, а таксама міжнародных экспертаў WorldSkills.

Міністэрства адукацыі разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны і Міністэрствам эканомікі ўдзельнічае ў міжнародным праекце “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі”, які падтрыманы нашым урадам. У выніку названага праекта плануецца распрацаваць 45 прафесійных стандартаў.

Для аптымізацыі і вырашэння кіраўніцкіх задач у сістэме адукацыі распрацаваны і рэалізоўваюцца мера-прыемствы Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016—2020 гады і Дзяржаўнай праграмы развіцця лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады. Таксама распрацавана Канцэпцыя лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі нашай краіны на 2019—2025 гады.

— Прыярытэтам Праграмы дзейнасці нашага ўрада на 2019—2020 гады з’яўляецца стварэнне IT-краіны. Гэты працэс прадугледжвае лічбавізацыю ўсіх галін эканомікі, стварэнне новых высокапрадукцыйных вытворчасцей і прынцыпова новых прадуктаў. Як будзе рэалізоўвацца лічбавая трансфармацыя ў сферы адукацыі і непасрэдна ў кіраванні?

 — Лічбавая эпоха мае на ўвазе трансфармацыю сістэмы кіравання адукацыяй і ўсіх адукацыйных працэсаў за кошт шырокага ўкаранення сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Лічбавая трансфармацыя працэсаў кіравання адукацыяй будзе спрыяць аб’яднанню разрозненых унутрыведамасных інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, забяспечваць эфектыўны міжведамасны абмен данымі з дапамогай агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы. Такая трансфармацыя паспрыяе аператыўнаму збору, апрацоўцы і падрыхтоўцы справаздач пра функцыянаванне сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях. Акрамя таго, лічбавая трансфармацыя скіравана на выяўленне працэсаў у адукацыі, якія патрабуюць істотнага перагляду альбо іх выключэння, аптымізацыю размеркавання і забеспячэння чалавечымі і матэрыяльнымі рэсурсамі з улікам бягучых патрэб устаноў адукацыі, памяншэння дадатковай альбо нерэлевантнай нагрузкі на педагагічных работнікаў, фарміраванне інфармацыйных баз даных аб ключавых паказчыках дзейнасці ўстаноў адукацыі, якія з’яўляюцца крытэрыямі для размеркавання бюджэтных сродкаў.

Такая трансфармацыя прадугледжвае адзіны рэгламентаваны падыход да захавання інфармацыйнай бяспекі, спрашчэнне адміністрацыйных працэдур за кошт пераводу іх у электронны выгляд.

Лічбавая трансфармацыя кіравання адукацыяй не абмежавана толькі ўнутранымі рэсурсамі. Так, у рамках Пагаднення аб пазыцы паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця ад 23 верасня 2015 года рэалізуецца праект “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае стварэнне аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы кіравання. Цяпер распрацоўваюцца дадатковыя мерапрыемствы для маштабавання праекта і асобны праект, прысвечаны нарошчванню тэмпаў развіцця вышэйшай адукацыі.

— Якія інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі будуць выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе?

 — Лічбавыя тэхналогіі актыўна пранікаюць на ўсе ўзроўні сістэмы адукацыі і спрыяюць больш эфектыўнаму ўключэнню навучэнцаў у адукацыйны працэс, прадастаўленню ім матэрыялаў для персаналізацыі навучання ў адпаведнасці з узроўнем ведаў і інтарэсамі.

Лічбавая трансфармацыя адукацыйнага працэсу дае магчымасць працягваць навучанне і атрыманне дадатковай інфармацыі па-за вучэбнымі заняткамі.

У свеце набірае папулярнасць парадыгма адукацыі на працягу ўсяго жыцця, паспяховая рэалізацыя якой практычна немагчыма без пераўтварэння сферы адукацыі з дапамогай ІТ-інавацый, у прыватнасці, пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання.
Вельмі важным з’яўляецца пытанне лічбавай адукаванасці. Гэты прафесійны навык неабходны практычна любому работніку незалежна ад яго ўзроставай катэгорыі.

У свеце адукацыйных тэхналогій выявіўся шэраг найважнейшых тэндэнцый у галіне лічбавай трансфармацыі адукацыі: дапоўненая, віртуальная і змешаная рэальнасці; прымяненне лічбавых карыстальніцкіх прылад на ўроках; рабочая прастора, якая трансфармуецца; штучны інтэлект; персаналізацыя вучэбнага працэсу і яго гейміфікацыя; прымяненне тэхналогіі Blockchain і інш.

Дапоўненая, віртуальная і змешаная рэальнасці ў значнай ступені трансфармуюць адукацыйны працэс, дазваляюць дэманстраваць на ўроку матэрыялы, якія не могуць быць паказаны ў рамках традыцыйнага адукацыйнага працэсу.

У выкарыстанні лічбавых карыстальніцкіх прылад на ўроках прыкметна вызначаецца пераход ад выкарыстання ўласных лічбавых прылад педагогаў і навучэнцаў, прымянення інфармацыйных тэхналогій у спецыялізаваных камп’ютарных класах да паўсюднага абсталявання класаў сучаснымі электроннымі прыладамі, у прыватнасці, ноўтбукамі і планшэтамі.

Спецыялісты лічаць, што вучэбныя класы павінны імітаваць рабочыя месцы, таму неабходна ствараць у іх умовы для сумеснай работы навучэнцаў за кошт арганізацыі рабочай прасторы, якая трансфармуецца, на аснове выкарыстання сучасных лічбавых тэхналогій, “разумных” дошак (SMARTboards), “разумных” парт ( SMARTdesks) і інш. У далейшым ад інавацыйных прастораў прасцей пераходзіць да стварэння інавацыйных устаноў.

Лічбавыя тэхналогіі прадастаўляюць навучэнцам магчымасць выбудоўваць максімальна эфектыўную адукацыйную траекторыю ў залежнасці ад іх здольнасцей.

Выкарыстанне гульнявых тэхналогій (гейміфікацыя) дазваляе зрабіць вывучэнне складанага матэрыялу больш цікавым і выніковым. Сёння ў сусветнай практыцы электронныя вучэбныя гульні актыўна выкарыстоўваюцца ва ўсіх дысцыплінах і на ўсіх узроўнях адукацыі.

На аснове тэхналогіі Blockchain пачынаюць рэалізоўвацца сертыфікацыя, ліцэнзаванне, пацвярджэнне сапраўднасці дакументаў аб адукацыі і іншыя праекты.

Лічбавая трансфармацыя працэсаў у сістэме адукацыі ўключае і такія тэндэнцыі, як адукацыйныя анлайн-платформы, мабільныя і анлайн-курсы са змешаным вучэбным планам і практыка-арыентаваным навучаннем і інш.

— На якім узроўні знаходзіцца лічбавая трансфармацыя вышэйшай школы?

 — Лічбавая трансфармацыя вышэйшай адукацыі мае якаснае адрозненне ад працэсаў інфарматызацыі адукацыі, якія павінны ёй папярэднічаць. Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база, павялічваецца забяспечанасць студэнтаў персанальнымі камп’ютарамі.

Сёння для лічбавай трансфармацыі вышэйшай школы Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр нашага міністэрства распрацоўвае медыяпартал, які сумяшчае традыцыйны і інавацыйны падыходы да навучання. Гэты рэсурс прадастаўляе доступ да актуальнай інфармацыі па розных вучэбных дысцыплінах, а таксама дае магчымасць праверыць свае веды ў анлайн-рэжыме.

Відавочнай неабходнасцю для лічбавай трансфармацыі вышэйшай школы і актывізацыі навуковай дзейнасці ў Беларусі з’яўляецца забеспячэнне ўніверсітэтаў цэнтралізаваным доступам да сусветных навуковых баз даных.

Да інавацый найбліжэйшай будучыні, якія знойдуць адлюстраванне ў праектах, прысвечаных лічбавай трансфармацыі вышэйшай адукацыі, варта аднесці ўкараненне штучнага інтэлекту і нейронных сетак для аўтаматызаванага праектавання адукацыйных траекторый; разумныя дыстанцыйныя платформы, якія будуць улічваць даныя навучэнца, каб прапанаваць патрэбныя курсы; электронныя дакументы адукацыі (паўнавартасныя электронныя дыпломы), у тым ліку з пацвярджэннем іх сапраўднасці з дапамогай тэхналогіі размеркаваных рэестраў (Вlockchain).

Лічбавая трансфармацыя з’яўляецца важнай часткай канцэпцыі “Універсітэт 3.0” і заканамерна стане не менш важнай часткай наступнай версіі канцэпцыі па фарміраванні патрабаванняў і падыходаў да ўніверсітэта будучыні.

Інтэрв’ю ўзяла 
Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА 
і Ірыны ІВАШКА.

Источник

Карта сайта