1prof.by — информационный портал федерации профсоюзов Беларуси
поиск
Белорусский профессиональный союз работников образования и науки
Членская организация Федерации профсоюзов Беларуси Телефон: +375-17-203-81-34
Электронные обращения граждан и юрлиц

Моладзь пры ўладкаванні на працу жадае заробак у тысячу рублёў

22 августа 2019

Маладыя людзі, якія толькі збіраюцца выйсці на рынак працы і звяртаюцца па дапамогу ці кансультацыю ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, арыентуюцца на заробак у тысячу — паўтары тысячы рублёў.

Каб пазбегнуць катастрофы

— Такія завышаныя чаканні моладзі — тэндэнцыя апошніх гадоў, — канстатуе намеснік старшыні камітэта Таццяна КУДЗЕВІЧ. — Але прызнайцеся самі сабе: а што вы можаце прапанаваць наймальніку? Шчыра кажучы, мяне здзівіла дзяўчына, якая сказала, што згодная атрымліваць 500—600 рублёў, бо разумее, што ў яе няма прафесійнага досведу, які ёй вельмі патрэбны. Такое крытычнае стаўленне да сябе нехарактэрнае для сучаснай моладзі. Дарэчы, яна вельмі хутка знайшла рабочае месца, прычым наймальнік прапанаваў ёй нашмат большы заробак. Калі работадаўца, які зацікаўлены ў кваліфікаваных кадрах, бачыць імкненне работніка да самаразвіцця, да павышэння сваёй кампетэнцыі, бачыць, што той даражыць рабочым месцам, ён знаходзіць спосабы для матывацыі і прымяняе стымуляцыйныя выплаты.

— З першага дня вялікіх заробкаў вы атрымліваць не будзеце. Гэта трэба тлумачыць выпускнікам — будучым маладым спецыялістам, бо розніцу паміж тым, што яны чакаюць і што атрымліваюць, апошнія ўспрымаюць сама меней як катастрофу, — падкрэслівае галоўны прававы інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса МАНЮК. — Моладзь трэба прывучаць да думкі, што перш, чым штосьці мець, трэба гэта зарабіць, і нічога з неба не падае.

Па словах Таццяны Кудзевіч, у Мінску з пачатку года было працаўладкавана больш за чатыры тысячы маладых людзей ва ўзросце да 31 года, якія звярнуліся ў камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

— Кожны месяц у нашым банку ўтрымліваецца ў сярэднім 19 тысяч вакансій. У той жа час у службах занятасці горада на ўліку стаіць тысяча беспрацоўных мінчан. Гэта значыць, што на аднаго непрацуючага прыпадае да 19 прапаноў. На рынку працы ёсць вакансіі ва ўсіх сферах. Найбольш запатрабаваныя ў сталіцы кантралёры-касіры, прадаўцы, кухары, муляры, тынкоўшчыкі, бетоншчыкі, цесляры. Адначасова адчуваецца дэфіцыт высокакваліфікаваных спецыялістаў у прамысловасці і будаўніцтве. Не хапае таксама тэсціроўшчыкаў у сферы ІT.

Адкрыць уласную справу

За апошні год доля моладзі сярод непрацуючага насельніцтва скарацілася ў сталіцы на 18 %. Удзельная вага выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі сярод зарэгістраваных у якасці беспрацоўных складае менш за 2 %.

— Маладыя людзі больш мабільныя на рынку працы, для іх неўласцівае працяглае беспрацоўе, толькі трэба ім дапамагчы, — падкрэслівае Таццяна Кудзевіч. — Канешне, атрымаўшы на платнай аснове дыплом юрыста ці эканаміста, вельмі праблематычна працаўладкавацца. Мы гэта цудоўна ведаем, таму скіроўваем свае дзеянні на прафілактыку беспрацоўя. Запрашаем студэнтаў выпускных курсаў на нашы мерапрыемствы. Восенню ў сталіцы пройдзе Кірмаш вакансій, дзе адна з секцый будзе прысвечана менавіта працаўладкаванню моладзі.

Традыцыйна наплыў маладых людзей, якія сёлета скончылі навучальную ўстанову, але яшчэ не маюць рабочага месца, чакаюць у камітэце ў канцы жніўня — пачатку верасня.

— Як правіла, мы такой моладзі прапануем розныя праграмы актыўнай палітыкі занятасці. Напрыклад, набыць практычны вопыт, а мы кампенсуем наймальнікам заработную плату гэтых маладых людзей. Ну, а калі яны атрымаюць патрэбны досвед, работу знайсці будзе ўжо прасцей, — падкрэслівае Таццяна Кудзевіч. — Асабліва шмат па такой праграме даводзіцца працаваць з выпускнікамі юрыдычных і эканамічных спецыяльнасцяў. Кагосьці арыентуем на адкрыццё ўласнага бізнесу і аказваем матэрыяльную падтрымку — выдаём бязвыплатныя субсідыі ў памеры каля 2,5 тысячы рублёў. Праўда, адкрыць сваю справу могуць не ўсе — для гэтага патрабуецца пэўны набор якасцяў і дзелавая хватка плюс канкрэтныя веды. Таму ўсе патэнцыяльныя бізнесмены спачатку заканчваюць курс па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці. У гэтым годзе сваю справу пры нашай падтрымцы заснавалі 22 маладыя мінчаніны ва ўзросце да 31 года: размова ідзе пра гандаль, рамесніцкую дзейнасць, транспартныя паслугі, тэхнічнае абслугоўванне і рамонт аўтамабіляў, вытворчасць і рамонт мэблі, цырульніцкія паслугі.

Учарашнія выпускнікі прафесійных навучальных устаноў працаўладкоўваюцца ў сярэднім за 1,5—2 месяцы. Працягласць беспрацоўя сярод гэтай катэгорыі моладзі самая нізкая.

Дзе працаўладкавацца школьніку?

Асаблівую ўвагу ў камітэце ўдзяляюць учарашнім школьнікам, якія пакуль не маюць спецыяльнасці. З яго дапамогай такія хлопцы і дзяўчаты могуць прайсці навучанне больш чым па 30 прафесіях, пры гэтым кожнаму, каго накіроўваюць на навучанне, практычна гарантуюць працаўладкаванне, асабліва калі гэта датычыцца вакансій кухараў і прадаўцоў. Сёлета на рабочыя месцы накіравалі ўжо 54 выпускнікі школ. «Увогуле 63 % вакансій на рынку працы датычацца рабочых прафесій, таму так важна правільна і своечасова вызначыцца з выбарам будучай спецыяльнасці, — заўважае Таццяна Кудзевіч. — І бацькі ні ў якім разе не павінны ўплываць на прафесійны выбар свайго дзіцяці. Лепш быць высокакваліфікаваным сантэхнікам з высокім заробкам, чым нікому не патрэбным юрыстам».

Дапамагаюць у камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама і навучэнскай моладзі, якая хоча падзарабіць паралельна з вучобай або падчас летніх канікул. У рамках другаснай занятасці было працаўладкавана 3,9 тысячы юнакоў і дзяўчат. Для іх камітэт арганізуе работу больш чым на 200 аб'ектах. Студэнты ў вольны ад вучобы час працуюць афіцыянтамі, барменамі, падсобнымі рабочымі, грузчыкамі. Іх заработная плата стартуе ад 450 рублёў.

Школьнікаў прыцягваюць да работ па ўборцы і азеляненні гарадскіх тэрыторый, рамонту школьнай мэблі, выпуску швейных вырабаў, сувенірнай прадукцыі і гэтак далей.

На каго вучыўся…

Большасць наваспечаных маладых спецыялістаў прыступілі да работы па размеркаванні 1 жніўня, а з 15 жніўня прыйшлі ў навучальныя ўстановы і маладыя педагогі.

— Кожную вясну ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі арганізуе ў ВНУ сустрэчы са студэнтамі выпускных курсаў, дзе мы расказваем аб іх правах пры размеркаванні і працоўных правах, таму што нягледзячы на чатыры—пяць гадоў навучання ў вышэйшай школе, маладыя людзі, як мы пераконваемся, маюць вельмі цьмяныя ўяўленні па гэтых пытаннях, — кажа Ларыса Манюк. — Здараліся, напрыклад, выпадкі, калі малады спецыяліст атрымліваў накіраванне ў школу, прыносіў яго дырэктару ў пачатку лета, той яму казаў прыйсці 15 жніўня. Настаўніца паклала заяву ў кішэню і прыходзіць, як ёй і сказалі, 15 жніўня, а ў школе ўжо новы дырэктар. А вакансія занятая, таму што ўсе ўстановы адукацыі да гэтага часу павінны быць укамплектаваныя. І высвятляецца, што падпісанае накіраванне на работу выпускніца не занесла ў аддзел кадраў, а новы дырэктар пра яе размеркаванне нічога не ведаў.

Здараецца, што наймальнік падае заяўку на адну колькасць спецыялістаў, а яму накіроўваюць у два разы больш. І што хочаш з імі рабі — шукай ім работу. Маладому спецыялісту могуць прапанаваць занятасць на палову стаўкі, прычым не па атрыманай спецыяльнасці, а, напрыклад, у групе прадоўжанага дня, ці стаўку дворніка або вартаўніка. У такім выпадку ёсць законныя падставы адмовіцца ад прапановы і пайсці на пераразмеркаванне. Калі іх не змогуць пераразмеркаваць, павінны выдаць даведку аб самастойным працаўладкаванні. Дырэктар можа сказаць маладому спецыялісту, што калі той адмовіцца, то будзе абавязаны выплаціць дзяржаве грошы за сваё навучанне. Такія пагрозы можна смела ігнараваць. Калі мы сустракаемся з выпускнікамі, тлумачым ім, што на работу іх павінны ўзяць па той спецыяльнасці, якая прапісана ў накіраванні на размеркаванне.

Перш чым падпісаць, чытайце

«Многія маладыя людзі, трапляючы з горада ў сельскую мясцовасць, часта аказваюцца ў стане шоку: пячное ацяпленне, прыбіральня на вуліцы, зусім не той камфорт, да якога яны прызвычаіліся, — канстатуе Ларыса Манюк. — У сельскай мясцовасці ёсць праблема з жыллём хоць бы таму, што людзі, якія яго здаюць, не маюць ніякіх ільгот, калі да іх засяляецца настаўнік. Гэта раней педагогі мелі льготу — па аплаце электрычнасці і ацяплення. А зараз ад маладога спецыяліста адзін галаўны боль. Гаспадару яшчэ трэба паспець на аўтобус у райцэнтр, каб стаць на ўлік у падатковай інспекцыі, калі здаеш настаўніку пакой. Таму дырэктар школы бярэ гэтага выпускніка за руку і ходзіць па вёсцы, спрабуючы яго недзе ўладкаваць».

Ларыса Манюк падкрэслівае, што абавязак забяспечваць маладога спецыяліста жыллём нідзе на заканадаўчым узроўні не прапісаны, але калі ў накіраванні на размеркаванне наймальнік абяцаў, а потым у гэтым адмовіў, малады спецыяліст можа смела патрабаваць пераразмеркаванне. Адзіная гарантыя ў гэтай сферы, замацаваная на дзяржаўным ўзроўні, — права маладога спецыяліста, які прыбыў па месцы размеркавання, прымацца на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без дадатковых патрабаванняў па неабходным тэрміне пражывання ў адпаведным населеным пункце, у тым ліку ў Мінску і Мінскім раёне.

«Натуральна, на месцах усе разумеюць, што без жылля замацаваць кадры ў сельскай мясцовасці немагчыма, таму шукаюць месцы ў інтэрнатах, даюць службовае жыллё, дапамагаюць будаваць сваё, — кажа Ларыса Манюк. — Калі спецыяліст размяркоўваецца не па месцы пастаяннай рэгістрацыі, яму належыць кампенсацыя ў сувязі з пераездам. Арганізацыя павінна пакрыць кошт праезду выпускніка і членаў яго сям'і, аплаціць выдаткі па перавозу багажу і выплаціць маладому спецыялісту аднаразовую дапамогу ў памеры акладу».

Першае, што павінен зрабіць малады педагог, якія прыбыў на месца размеркавання, гэта схадзіць у прафкам, дзе яму растлумачаць яго правы. І абавязкова трэба азнаёміцца з калектыўным дагаворам, бо там ёсць важныя пункты, якія датычацца гарантый маладым спецыялістам. «Далёка не ўсе чытаюць службовую інструкцыю, а затым узнікаюць спрэчкі з адміністрацыяй наконт таго, ці павінен настаўнік, напрыклад, мыць падлогу ў класе, месці двор або дзяжурыць на дыскатэцы да 23 гадзін. Маладыя спецыялісты маюць права адмовіцца гэта рабіць, а калі яны пагаджаюцца, то павінен быць загад дырэктара школы, які яны падпісваюць і праходзяць інструктаж, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, бо калі штосьці здарыцца з педагогам, кіраўнік можа сказаць, што туды яго не адпраўляў. Куды б настаўніка ні накіравалі, павінен быць адпаведны загад, — падкрэслівае галоўны прававы інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. — У маладых спецыялістаў ёсць выбар: заключыць кантракт або бестэрміновы працоўны дагавор. Звычайна ўсе выбіраюць кантракт, бо па ім прадугледжваецца павышэнне тарыфнай стаўкі (акладу) плюс даюцца дадатковыя дні адпачынку».

Між іншым, сёння і студэнты-платнікі, якія пажадалі размеркавацца, атрымліваюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, прадугледжаныя для маладых спецыялістаў, што і выпускнікі бюджэтнай формы навучання. У прафсаюзе заўважылі, што яны часта нават больш зацікаўленыя ў атрыманні першага рабочага месца, чым бюджэтнікі. «Калі раней у прафсаюз звярталіся з пытаннямі, а чаму мы павінны плаціць, то цяпер многія звароты ў прафсаюз гучаць прыкладна так: «Куды і колькі трэба заплаціць, каб не ехаць па размеркаванні?» — канстатуе спецыяліст. — А з улікам таго, што цяпер у агульную суму, якую трэба вяртаць дзяржаве за сваё навучанне, не ўваходзіць сума выплачанай стыпендыі і плата за інтэрнат, яна значна зменшылася. І моладзь вырашае зарабіць гэтыя грошы, але захаваць свабоду выбару…»

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Каб мець, трэба зарабіць

Источник

Карта сайта